В Островце состоялся благотворительный новогодний концерт для детей

Раённаё дабрачыннае свята ў рамках рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці» прайшло ў кінаканцэртнай зале «Астравец».

На святочнае мерапрыемства, арганізатарамі якога выступілі Астравецкі раённы выканаўчы камітэт, аддзел адукацыі, спорту і турызму і Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, былі запрошаны дзеці-інваліды, дзеці-сіроты, а таксама дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і выхаванцы карэкцыйнага і сацыяльна-педагагічнага цэнтраў.


Адкрыла раённую дабрачынную ёлку старшыня раённага Савета дэпутатаў: Ірына Эдуардаўна Тальчук не толькі павіншавала рабят і іх бацькоў, якія сабраліся ў кінаканцэртнай зале, але і загадала ім навагоднія загадкі – і тым самым стварыла добры настрой.

Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі таксама намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталля Іосіфаўна Станкевіч і старшыня раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь» Ірына Фёдараўна Раткевіч.

– Па традыцыі, якой ужо шмат гадоў, мы збіраем дзяцей на дабрачыннай ёлцы. Штогод напярэдадні Новага года ў раёне праходзіць акцыя «Нашы дзеці», якая накіравана на тое, каб дарослыя звярнулі ўвагу на дзяцей, – сказаў у сваім выступленні намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла. – У гэтым годзе маленькія астраўчане атрымаюць некалькі падарункаў. Самыя дарагія з іх – адкрыццё новых школы і дзіцячага сада.

А потым на сцэне пачалася казка… Новы год – цудоўны час, калі ўсе загадваюць жаданні. І калі ў цуд шчыра паверыш, то ён абавязкова збудзецца. А каб дзіцячыя жаданні ажыццявіліся, на сцэне тварылі цуды Дзед Мароз, Снягурачка, Снегавік, Снежная Каралева, Заяц, Воўк і нават Кікімара з Бабай Ягой. А выхаванцы Цэнтра творчасці дарылі ўсім прысутным песні і танцы.

А пасля чароўнага падарожжа з галоўнымі героямі навагодняга прадстаўлення кожны мог расказаць чароўнаму Дзеду верш – і атрымаць цукеркі.





Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.