В Островце состоялась районная педагогическая спартакиада

На мінулым тыдні за здаровы лад жыцця і здароўе “галасавалі” справамі настаўнікі з розных школ раёна – у гімназіі прайшла раённая педагагічная спартакіяда, на якой кожную школу прадстаўлялі тры педагогі, члены прафсаюза работнікаў адукацыі.

Усе педагогі падзяліліся на дзве каманды – і спаборніцтвы пачаліся. Судзіла выступленне каманд строгае прафесійнае журы, для якога спорт з’яўляецца не проста захапленнем, але і жыццём: педагогі дзіцячай юнацкай спартыўнай школы і метадыст аддзела адукацыі М.І. Сінкевіч. А дапамагалі спецыялістам школьнікі – вучні сярэдняй школы №1 і гімназіі №1 таксама мелі магчымасць выставіць педагогам балы за спартыўную падрыхтоўку.
Настаўнікі спаборнічалі ў некалькіх відах спорту: валейболе, дартсе, легкаатлетычным кросе, міні-футболе, настольным тэнісе і перацягванні каната. І, каб атрымаць перамогу, давялося прыкласці намаганні і добра папацець.
У валейбол каманды гулялі тры партыі. Удача была то на адным, то на другім баку. У выніку перамога з лікам 2:1 дасталася камандзе, у склад якой увайшлі Уладзімір Батура і Артур Грачанік (Гудагайская СШ), Наталля Мацюшонак і Яўгеній Бандарэнка (СШ №1), Вадзім Конан і Юлія Жыгарыс (Рытанскі НПК).
Яшчэ адным захапляльным відам спаборніцтваў стаў дартс. Здавалася, што можа быць прасцей: кінуць дроцік і выбіць найбольшую колькасць балаў. Лепш за ўсіх справіліся з эмоцыямі і ў выніку набралі больш за ўсіх балаў Аляксандр Лузінаў (Падольскі НПК) і Кацярына Емельян (Спондаўская школа).
У гульні ў настольны тэніс таксама спаборнічалі і мужчыны, і жанчыны. Лепш за ўсё ўпраўляцца з тэнісным мячом атрымлівалася ў Віталія Смірнова (Кямелішкаўскі НПК) і Наталлі Мацюшонак (СШ №1).
Легкаатлетычны крос беглі ўсе ўдзельнікі каманды. А вось прызавое месца вызначалася не толькі ў адпаведнасці з часам, за які была пераадолена дыстанцыя, але і ўзростам легкаатлетаў. Таму і пераможцаў тут было больш. Так, сярод жанчын у катэгорыі да 35 гадоў лепшы вынік аказаўся ў Алены Стэх (Альхоўская СШ), у катэгорыі пасля 35 гадоў пальма першынства – у Вольгі Нікалайкавай (СШ №1). Сярод мужчын у першай узроставай групе перамогу святкаваў Артур Грачанік (Гудагайская школа), у другой – Мікалай Трафімчык (Міхалішкаўская СШ).
Захапіў гледачоў і міні-футбол. Настаўнікі стойка і ўмела змагаліся за перамогу. У выніку яна апынулася ў каманды, за якую выступалі Сяргей Гаўрыловіч і Віктар Лазарэвіч (Альхоўка), Кірыл Масевіч і Яўгеній Лаўцэль (Гервяты), Мікалай Трафімчык (Міхалішкі), Яўгеній Буднік (Падольцы) і Аляксей Часнойць (Варняны).
Яшчэ адным напружаным і відовішчным відам спаборніцтваў стала перацягванне каната. Пасля моцнага напружання перамогу “перацягнулі” на сябе настаўнікі з першай каманды: Ігар Шафранскі (Кямелішкаўскі НПК), Віктар Лазарэвіч (Альхоўка), Яўгеній Буднік і Аляксандр Лузінаў (Падольскі НПК) і Яўгеній Лаўцэль (Гервяцкая школа). У цэлым жа перамога ў педагагічных спаборніцтвах апынулася ў лоўкіх і спартыўных руках каманды, у склад якой увайшлі педагогі з Варнянскага, Кямелішкаўскага і Падольскага НПК, Гервяцкай, Міхалішкаўскай, Спондаўскай і Альхоўскай школ.
Усе пераможцы педагагічнага спартыўнага турніру былі ўзнагароджаны граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама і падарункамі прафсаюзнай арганізацыі педагогаў, якія ўручыла настаўнікам старшыня прафкама Ларыса Васільеўна Ярмоліч.


---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.