В Островце работает лучший стоматолог Гродненской области
Гэта – Аляксандр Алегавіч Шоўкун, які атрымаў упэўненую перамогу на абласным конкурсе прафесійнага майстэрства, які нядаўна прайшоў у Гродна.З лячэннем зубоў і наведваннем стаматолага ў многіх з нас звязаны не самыя прыемныя ўспаміны. Ведаю некалькі чалавек, якія не тое што баяцца стаматолагаў, а ўвогуле лічаць за лепшае не мець ніякіх зносін з гэтымі людзьмі.
Астраўцу ў гэтым сэнсе пашанцавала – у стаматалагічным аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы працуюць цудоўныя ўрачы-прафесіяналы, сустракацца з якімі – адно задавальненне.
Ёсць сярод іх адзін цікавы малады ўрач, да якога з ахвотай ідуць не толькі дарослыя людзі, але нават маленькія дзеткі. Для кожнага ён знойдзе не толькі добрае слова, але і зробіць усё магчымае, каб выратаваць зуб.
Прафесіяналізм астравецкіх стаматолагаў пацвердзіў і абласны этап рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Лепшы ўрач-стаматолаг”, які прайшоў у Гродне на базе цэнтральнай гарадской стаматалагічнай паліклінікі. У склад журы ўваходзілі толькі прафесіяналы стаматалагічнай справы. Была сярод іх і прадстаўніца Астравеччыны – загадчыца стаматалагічнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы Ірына Баляславаўна Смаль.
Першапачаткова такі конкурс адбыўся і ў нашай бальніцы – перамогу ў ім атрымаў стаматолаг-хірург Аляксандр Алегавіч Шоўкун, які разам з медсястрой стаматалагічнага аддзялення нашай бальніцы Наталляй Казіміраўнай Бабіч адправіўся даказваць абласному журы, што і ў правінцыі працуюць прафесіяналы высокага класа.
У конкурсе ўдзельнічалі лепшыя спецыялісты-стаматолагі з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці і горада Гродна – людзі, якія робяць усмешкі людзей белымі і прыгожымі.
Перш, чым трапіць на практычны этап, канкурсантам неабходна было здаць тэорыю – рашыць 80 тэставых пытанняў па стаматалагічнай дысцыпліне. У Аляксандра Шоўкуна гэта атрымалася на “выдатна” – на 79 пытанняў з 80 былі дадзены правільныя адказы – і гэта лепшы вынік у вобласці. Па ведах і ўзнагарода – Дыплом “Лепшы тэарэтык” атрымаў менавіта Аляксандр Шоўкун.
Другім этапам конкурсу была эстэтычная рэстаўрацыя зуба з дапамогай сучасных матэрыялаў. У іншых удзельнікаў конкурсу асістэнтамі былі ўрачы, а ў нашага доктара – медыцынская сястра Наталля Казіміраўна Бабіч. І астравецкая каманда набрала 60 балаў з 60 магчымых – гэта таксама лепшы вынік. У выніку Дыплом І ступені ў конкурсе прафесійнага майстэрства з прысуджэннем звання “Лепшы ўрач-стаматолаг Гродзенскай вобласці”, а таксама сертыфікат пераможцы конкурсу атрымаў стаматолаг-хірург Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы Аляксандр Шоўкун.
Другое месца – у стаматолага цэнтральнай гарадской стаматалагічнай паліклінікі, трэцяе заняў урач стаматалагічнай паліклінікі №1 горада Гродна.
Акрамя ўсяго, Аляксандр Алегавіч атрымаў яшчэ і Дыплом “За прымяненне інавацыйных прынцыпаў у рабоце”. Дыпломам І ступені ўзнагароджана таксама і медсястра стаматалагічнага аддзялення раённай бальніцы Наталля Казіміраўна Бабіч.
Сёння кабінет лепшага стаматолага на¬шай вобласці ўпрыгожваюць ажно пяць дыпломаў. У дадатак да іх Аляксандр Шоўкун атрымаў каштоўныя падарункі – стаматалагічныя матэрыялы ад генеральнага спонсара конкурсу “3М ESPE”.
– Усё гэта адбылося толькі дзякуючы штодзённай працы, а таксама зладжанай рабоце нашай брыгады – доктара, медсястры і пацыента, – гаворыць Аляксандр Алегавіч. – Ну і, канешне, падтрымцы загадчыцы нашага аддзялення Ірыны Баляславаўны Смаль, якая забяспеч¬вае неабходныя ўмовы для паспяховай работы. Для гэтага ў астравецкіх стаматолагаў ёсць усё – добрыя камплекты інструментаў і сучасныя матэрыялы.
Восенню Аляксандру Шоўкуну давядзецца абараняць гонар нашай вобласці на рэспубліканскім конкурсе, які пройдзе ў Мінску.
Пажадаем яму поспеху і перамогі!
------------------------
Алена Ярашэвіч.
