В Островце прошло заседание коллегии Гродненского областного управления МЧС
Пасяджэнне калегіі Гродзенскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, удзел у якім прынялі намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Аляксандр Худалееў, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Дзяшко, начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Шпарло, намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Свіла і ўсе зацікаўленыя ў пытаннях прафілактыкі і прадухілення надзвычайных сітуацый, прайшло ў Астраўцы.Пачатак мерапрыемству быў пакладзены цырымоніяй узнагароджвання, падчас якой новыя званні, нагрудныя знакі, а таксама Граматы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях атрымалі лепшыя супрацоўнікі раённых аддзелаў Гродзенскай вобласці.
Сярод узнагароджаных былі і астравецкія выратавальнікі. Так, нагруднымі знакамі “Выдатнік” узнагароджаны Віталь Вайцяховіч і Віталь Іваніцкі. Грамату Міністэрства па надзвычайных сітуацыях атрымаў Канстанцін Лазоўскі. Узнагароды лепшым выратавальнікам уручыў намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Аляксандр Худалееў.
– За 15 гадоў службы ўзнагарод рознага ўзроўню было шмат, – дзеліцца ўражаннямі начальнік пажарнай аварыйна-выратавальнай часці на аб’ектах АЭС Канстанцін Лазоўскі. – Але Грамата Міністэрства па надзвычайных сітуацыях першая. Гэта быў прыемны сюрпрыз, і зразумела, такая ўзнагарода абавязвае развівацца і працаваць дзеля нашых падраздзяленняў і краіны.
А потым пачалося пасяджэнне калегіі, падчас якога гродзенскія выратавальнікі падвялі вынікі работы за год.
– Сёння наша калегія не толькі прысвечана падвядзенню вынікаў службовай дзейнасці за 2015 год, але і прымеркавана да двух знакавых падзей: адкрыцця жылога дома ў Астраўцы і пажарнай аварыйна-выратавальнай часці на пляцоўцы будаўніцтва Беларускай АЭС, – пачаў сваё выступленне начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Рэспублікі Беларусь Сяргей Шпарло. – Нягледзячы на ўсе станоўчыя моманты ў нашай рабоце, ёсць і недахопы. У мінулым годзе ў вобласці ў агні загінулі чацвёра дзяцей – і гэты факт перакрэслівае ўсю нашу станоўчую работу, бо бяспека дзяцей была і будзе галоўнай у нашай дзейнасці.Падчас калегіі была дадзена ацэнка дзейнасці органаў і падраздзяленняў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях нашай вобласці ў 2015 годзе. Асаблівую ўвагу гродзенскія выратавальнікі ўдзялілі цеснаму ўзаемадзеянню органаў улады і ўсіх зацікаўленых структур у захаванні жыцця і здароўя людзей. Напрыканцы пасяджэння перад супрацоўнікамі аддзелаў былі пастаўлены задачы на бягучы год.
--------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.
