В Островце прошло районное родительское собрание
23 сакавіка ў кінаканцэртнай зале “Астравец” прайшоў раённы бацькоўскі сход, на які сабралася каля 350 бацькоў з усіх школ раёнаПравядзенне раённага бацькоўскага сходу ўжо стала добрай традыцыяй. Парушана яна была толькі ў мінулым годзе, калі кіраўніцтва аддзела адукацыі правяло яго ў інтэрнэт-варыянце. А сёлета зноў было вырашана вярнуцца да размовы ў рэжыме рэальнага часу – гэта дае лепшы вынік. Хаця і ў гэтым годзе ў бацькоў была магчымасць задаць цікавячыя іх пытанні на інтэрнэт-форуме аддзела адукацыі і атрымаць на іх адказы. Яшчэ адным новаўвядзеннем гэтага года стала тое, што на бацькоўскі сход прывезлі прадстаўнікоў сацыяльна-небяспечных сем’яў. Іх, канешне, запрашалі штогод, толькі вось выбрацца на падобнае мерапрыемства многім з іх не ставала часу.
Раённы бацькоўскі сход пачаўся незвычайна. У фае кінаканцэртнай залы было арганізавана некалькі экспазіцый. Погляд прываблівала выстава “Сям’я: фотастужка часу” – бабулі і дзядулі, мамы і таты, маленькія хлопчыкі і дзяўчынкі глядзелі з фотаздымкаў розных часоў, і ўсіх іх аб’ядноўвала адно – шчасце і радасць у вачах.
Цэнтральнае месца занялі майстэрні дзіцячай творчасці цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, майстар-класы ў якіх праводзілі Яніна Іосіфаўна Мілаш, Наталля Вацлаваўна Рынковіч, Валянціна Вільеўна Віннічак і Аляксандра Мікалаеўна Букель. Можна было не толькі паглядзець, чым займаюцца педагогі і іх выхаванцы, але і самім зрабіць з падручнага матэрыялу вербачку, кветачкі, упрыгожыць пасхальнае яйка ці паспрабаваць сплясці кошык з лазы. Дзяўчаты, якія наведваюць гурткі па жывапісе, дэманстравалі сваю творчасць – імі можна было толькі падзівіцца, што і рабілі бацькі і госці раённага мерапрыемства.
У фае былі таксама арганізаваны тэматычныя пляцоўкі па розных адукацыйных і выхаваўчых накірунках. Цікавую прэзентацыю сваёй дзейнасці прадставіў дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці №1 – два гады тут працуе “Малышкіна школа”, якую наведваюць 35 дзетак ад аднаго года да трох. Пра работу “Малышкінай школы” ў вершаванай форме расказала намеснік загадчыцы цэнтра Галіна Андрэеўна Восарава. Уражаннямі ад наведвання практычных заняткаў падзялілася Алена Мілідовіч са сваім сынам Антошкам. Мама ўпэўнена, што вопыт, які напрацавалі ў дашкольным цэнтры, неабходна ўкараняць і ў іншых дзіцячых садках.
Сацыяльна-педагагічны цэнтр Астравецкага раёна працуе нядаўна. Сёння, як паведаміла яго дырэктар Алена Іванаўна Змітровіч, у ім можна прайсці дыягностыку, атрымаць кансультацыю, тут працуюць з сацыяльна-небяспечнымі, прыёмнымі і апякунскімі сем’ямі. Пры цэнтры працуе і тэлефон псіхалагічнай дапамогі.
Пра работу гімназічнага клуба “Паспяховае бацькоўства” расказалі псіхолаг гімназіі №1 Астраўца Ірына Аляксееўна Жывадоўская і Інэса Іосіфаўна Шлыковіч – адна з мам, якая з’яўляецца яго актыўным членам.
Пры Кямелішкаўскай школе паспяхова дзейнічае бацькоўскі клуб “Дом”, які аб’ядноўвае людзей розных прафесій, зацікаўленых у тым, каб іх дзеці выраслі добрымі, здаровымі, шчаслівымі і разумнымі.
Раённы бацькоўскі сход пачаўся з дэманстрацыі відэароліка “Шчаслівая сям’я вачыма дзяцей”. Сапраўды, малюнкі дзяцей з подпісамі, што такое шчаслівая сям’я, якія пад музыку дэманстраваліся на экране, заслугоўваюць увагі: мама з татам, дзеці ў цырку і заапарку, мора, рэчка, кветкі, адпачынак, спорт – звычайныя рэчы, якія могуць зрабіць дзяцей і іх бацькоў шчаслівымі. На жаль, так бывае не заўсёды.
Бацькоўскі сход адкрыў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла. У сваім выступленні ён падкрэсліў, што сёння школе патрэбны актыўныя бацькі, якія не проста будуць прыходзіць у школу на бацькоўскія сходы і розныя мерапрыемствы, але і самі стануць актыўнымі арганізатарамі школьнага жыцця.
Начальнік аддзела адукацыі Віктар Віктаравіч Млечка гаварыў пра поспехі нашых дзяцей і шчыра дзякаваў ім і іх бацькам за супрацоўніцтва. Словы ўдзячнасці былі адрасаваны і старшыням папячыцельскіх і бацькоўскіх камітэтаў школ, бацькам, якія не толькі займаюцца сваімі дзецьмі, але і дапамагаюць у выхаванні чужых.
На жаль, статыстыка не заўсёды радуе. У некаторых бацькоў няма часу, каб займацца дзецьмі. А іншым разам і час ёсць, ды няма жадання прысвяціць яго дзецям. А дзеці, між тым, выхоўваюцца на негатыўных прыкладах, якія бачаць вакол сябе. Адсюль і вынікі. Толькі за мінулы год школьнікамі здзейснена 8 злачынстваў і 42 правапарушэнні. 20 дзяцей былі затрыманы ў п’яным выглядзе, 13 стаяць на ўліку ў нарколага. Ужо за тры месяцы бягучага года непаўналетнія здзейснілі 2 правапарушэнні. І гэтыя лічбы не могуць не выклікаць трывогу, бо ўсё гэта – нашы дзеці і наша будучыня.
Пра супрацоўніцтва бацькоў і педагогаў гаварыла ў сваім выступленні намеснік старшыні папячыцельскага камітэта Варнянскага НПК Таццяна Вікенцьеўна Шах. Створаны папячыцельскі камітэт быў у 2009 годзе, сёння ў яго склад уваходзіць 11 бацькоў. Арганізацыя харчавання, матэрыяльная падтрымка школы, пошук партнёраў, супрацоўніцтва са спонсарамі, збор металалому і макулатуры – усё гэта ў полі зроку папячыцельскага камітэта. Як вынік – цёплыя ўзаемаадносіны і разуменне, ад чаго ў выйгрышы ў першую чаргу застаюцца дзеці.
Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Гервяцкай школы Валянціна Вацлаваўна Трышына з дапамогай цікавага відэароліка расказала бацькам пра дзейнасць сямейнага клуба “Рука дапамогі”. Пры клубе працуюць тры секцыі – “Здаравячок”, “Інтэлектуал”, “Далонь да далоні”. У кожнай з іх – свая аўдыторыя, і дзякуючы гэтаму наладжана цеснае супрацоўніцтва паміж педагогамі і бацькамі.
Да тэмы, якая падняла пытанне ролі бацькі ў выхаванні дзяцей, з дапамогай песні падвялі выхаванцы цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
Стаць бацькам – лёгка, а быць ім – цяжка. Можна згаджацца з гэтым ці не, знаходзіць аргументы, спрабаваць даказваць, верыць і не. Што думаюць дзеці пра сваіх татаў, расказала ў сваім выступленні педагог-псіхолаг СШ №1 Вольга Станіславаўна Ляховіч. А пачалося яно з дэманстрацыі відэароліка “Дзеці гавораць”. Вучні пачатковых класаў расказвалі пра сваіх татаў, пісалі пра іх сачыненні – па словах дзяцей, у кожнага тата – самы лепшы! Дзеці гаварылі пра тое, што тата добры, купляе многа смачнага, дазваляе гуляць у камп’ютар. Словам, таты атрымалі шмат добрых водгукаў.
Сярэднія і старэйшыя школьнікі адказвалі на пытанні анкеты – рабіць гэта можна было ананімна. І адказы, атрыманыя псіхолагам і затым вынесеныя на бацькоўскі сход, прымушаюць задумацца. Многія дзеці хацелі б, каб таты прыслухоўваліся да іх поглядаў, кінулі піць ці курыць, не крычалі, дапамагалі ім з урокамі. А некаторыя ўвогуле адзначылі, што ім няважна, што думае пра іх тата. Атрымліваецца, што нашы таты не такія і ідэальныя, якімі іх бачаць (ці хочуць бачыць) малышы?
Пра ролю прыёмных бацькоў у выхаванні дзяцей гаварыла ў сваім выступленні дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Алена Іванаўна Змітровіч. Дарэчы, першая прыёмная сям’я ў нашым раёне была створана ў 2001 годзе, другая – толькі ў 2007 годзе. А сёння 20 дзяцей жывуць у 15 прыёмных сем’ях.
Увазе бацькоў быў прадастаўлены і відэаролік “Знайдзі мяне, мама!”. Трынаццацігадовы Сяргей апынуўся ў прытулку напярэдадні Ражаства і Новага года – тых самых свят, калі хочацца быць дома са сваімі роднымі і блізкімі. І сёння Сяргею шукаюць прыёмную сям’ю – маму і тату, якія прымуць яго, як свайго.
Астравецкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, які ўзначальвае Наталля Уладзіміраўна Сянюць, вядомы не толькі ў нашым раёне, работы яго педагогаў і выхаванцаў добра вядомы ў нашай вобласці і рэспубліцы.
Сёння ў гуртках і аб’яднаннях цэнтра творчасці займаюцца больш за 1000 школьнікаў рознага ўзросту, штогод педагогі цэнтра з’яўляюцца арганізатарамі шматлікіх акцый, якія заўсёды праходзяць на “ўра” ў дзяцей і іх бацькоў. Але больш за ўсё адміністрацыя і педагогі цэнтра ганарацца сваімі таленавітымі дзецьмі.
Слова для выступлення было прадастаўлена і благачыннаму цэркваў Астравецкага благачыннага округа, настаяцелю царквы святых апосталаў Пятра і Паўла Георгію Савіцкаму. Айцец Георгій гаварыў пра важнасць выхавання дзяцей у сям’і, пра жыццё па запаведзях Божых і іх абавязковае выкананне.
Другая частка бацькоўскага сходу пачалася з адкрытага мікрафона. Кожны мог задаць пытанне, якое яго хвалявала – і тут жа атрымаць на яго адказ. Такой магчымасцю скарысталіся нямногія, але ўсе атрымалі адказы. Бацькоў найбольш хвалявалі актуальны пытанні: калі будзе пачаты рамонт СШ №1, ці будзе магчымасць у старэйшых школьнікаў падзарабіць гэтым летам, якія перспектывы ў Дайлідскай школы і Рытанскага НПК, як сёлета будуць прымаць вучняў у 10 клас сярэдніх школ і ці будуць у новым навучальным годзе адкрыты кадэцкія класы?
Падчас раённага бацькоўскага сходу Падзячнымі пісьмамі аддзела адукацыі за выхаванне дзяцей былі ўзнагароджаны Д.І. і В.Э. Міхно, П.І. і В.Л. Бяляўскія, С.Б. і С.У. Радзько, А.І. і А.М. Алітойці, Д.А. і В.С. Клімчэні, С.Б. і А.М. Кранкоўскія, С.А. і А.І. Адулы, В.С. і С.З. Валай, М.Я. і Р.І. Яфімавы, А.І. і М.В. Бурбулі, І.М. і А.І. Юркойці, Л.А. і А.Д. Гедройці, Р.А. Чарняўская, Л.І. Дарафей, В.С. і І.У. Сцефановічы, В.І. і С.У. Гудойцісы, У.І. і Г.В. Ляховічы, В.І. і Т.К. Мужыла, В.В. і Н.В. Канчаніны, С.Я. і В.В. Назаравы, А.Л. і А.М. Рабкоўскія, Г.У. і А.С. Масойці, І.В. і Я.Ч. Канчаніны, Г.С. і А.М. Бабічы, Б.З. і А.Т. Капуста, С.А. і І.Р. Папковы, А.С. і Л.Я. Баніцэвічы, А.Я. і Т.Т. Лучынскія, У.А. і А.В. Сізінцавы, Ю.А. Балдэска, А.Л. Масойць і А.У. Сянюць, С.Л. Шчасная.
Падзяку за эфектыўную арганізатарскую дзейнасць па прыцягненні спонсарскіх сродкаў атрымалі В.Ч. Яцэнка і В.Л. Масойць. За міласэрнасць і клопат, праяўленыя да прыёмных дзяцей, падзяку з рук начальніка аддзела адукацыі атрымалі прыёмныя бацькі І.Р. Мельгуй, Г.А. Гродзь і І.У. Стаповіч.
Граматамі аддзела адукацыі былі таксама адзначаны пераможцы раённых конкурсаў праекта “Мая сям’я – мой гонар”.
Вынікі раённага бацькоўскага сходу падвёў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла. І ўсе пагадзіліся з бясспрэчнай ісцінай – шчаслівы той, хто шчаслівы ў сябе дома.
Напрыканцы сходу ўсіх чакала музычнае выступленне юных зорачак. Гражына Бразевіч прачытала верш Агніі Барто, Эльміра Мамедава падарыла ўсім песню “Мая сям’я”, калектыў “Эдэльвейс” выканаў песню “Мама”, выхаванцы гуртка “Музычная капель” дзіцячага садка №2 з дапамогай музычных інструментаў выканалі венгерскі танец. Гледзячы на іх заліхвацкае выступленне, падумалася: падрастае змена нашай знакамітай “Скарбніцы”!
Мастацкая пастаноўка “Вясеннія фантазіі” выхаванцаў дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №1 прыйшлася даспадобы ўсім. Майскія жукі, дзяўчынкі-матылькі, пчолка і кветачкі глядзеліся на сцэне, як сапраўдныя артысты – маленькія, але такія шчырыя і непаўторныя! Таму нават тады, калі іх выступленне закончылася, гледачы яшчэ доўга апладзіравалі юным артыстам.
---------------------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.