В Островце прошло районное родительское собрание

Штогадовы раённы бацькоўскі сход прайшоў у апошнія дні лютага ў гімназіі №1 Астраўца.


Гэтае мерапрыемства стала ўжо добрай традыцыяй у нашым раёне – і бацькі заўсёды з задавальненнем наведваюць яго. Сёлета, акрамя таго, можна было пазнаёміцца з новым будынкам гімназіі №1, які быў адкрыты ў пачатку гэтага года.

Напярэдадні раённага бацькоўскага сходу адбыўся абласны, удзельнікамі якога з дапамогай відэасувязі сталі прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых у выхаванні дзяцей структур, педагогі і бацькі з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці.

У цэнтры ўвагі ў той дзень была праблема распаўсюджвання сярод падлеткаў і моладзі наркотыкаў і курыльных сумесей. Удзел у абмеркаванні паднятых падчас абласнога пасяджэння пытанняў прынялі каля 700 чалавек.

На наступны дзень у прыгожай актавай зале гімназіі №1 сабраліся людзі розных узростаў і прафесій, якіх аб'ядноўвала адно: усе яны зацікаўлены, каб дзеці выраслі годнымі грамадзянамі нашай краіны.

Падчас раённага бацькоўскага сходу абмяркоўваліся пытанні ўнутрысямейнай талерантнасці і  супрацоўніцтва. Удзел у бацькоўскім сходзе прынялі намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталля Іосіфаўна Станкевіч, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Тарэса Мар'янаўна Драган, благачынны цэркваў Астравецкага раёна айцец Георгій Савіцкі.

З прывітальным словам выступіла Наталля Іосіфаўна Станкевіч. Яна расказала аб формах работы з бацькамі і дзецьмі, якія сёння практыкуюцца ў школах раёна, праінфармавала аб перамогах і дасягненнях, якімі праславіліся астравецкія школьнікі ў вобласці і рэспубліцы.

І ўсё ж у сістэме адукацыі існуюць праблемы. Галоўная з іх – дзіцячая безнагляднасць, здзяйсненне школьнікамі і падлеткамі правапарушэнняў і злачынстваў – і, як вынік, пастаноўка іх на ўлік у інспекцыю па справах непаўналетніх.

Тэму сацыяльна-прававой абароны дзяцей ад насілля ў сям'і прадоўжыла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Тарэса Мар'янаўна Драган. Рэальныя прыклады з жыцця, якія прывяла Тарэса Мар'янаўна, яшчэ раз нагадалі бацькам, што не заўсёды і яны маюць рацыю.

– Жорсткасць у адносінах да дзяцей з боку бацькоў можа праяўляцца па-рознаму. Многія бацькі выкарыстоўваюць фізічныя метады выхавання. Але яшчэ часцей бацькі могуць «параніць» дзіця словам! Вельмі важна захаваць добрую атмасферу і адносіны ў сям'і, – упэўнена Тарэса Мар'янаўна Драган.

Слова для выступлення было прадстаўлена і псіхолагу сацыяльна-педагагічнага цэнтра Эдзіце Эдуардаўне Масейка, якая расказала, якую дапамогу і падтрымку бацькі і дзеці могуць атрымаць у гэтай навучальнай установе.

З відэароліка бацькі даведаліся пра тое, што сабой уяўляе дом сямейнага тыпу і што адзін з такіх у хуткім часе будзе створаны ў нашым раёне.

Пра выхаванне дзяцей у прыёмных сем'ях гаварыла Святлана Станіславаўна Мальдзіс. Жанчына, якая сама з'яўляецца прыёмнай маці, упэўнена, што ўсе праблемы пры выхаванні дзяцей можна вырашыць асабістым прыкладам, а яшчэ пры дапамозе дыялогу, любові і даверу.

Дырэктар цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Ганна Іосіфаўна Ціток расказала пра дзетак, якія выхоўваюцца ў гэтай установе. А яе выхаванцы яшчэ раз пацвердзілі, што яны – звычайныя дзеці, якім патрэбны любоў і ласка.

Шмат добрых слоў у адрас педагогаў выказаў настаяцель храма святых апосталаў Пятра і Паўла айцец Георгій. А бацькам ён яшчэ раз нагадаў, што важнейшым у жыцці з'яўляецца сямейнае і духоўнае выхаванне.

Другая частка бацькоўскага сходу была прысвечана апошняму этапу праекта «Дыялог культур», які рэалізоўваўся ў рамках праграмы выхавання. Пяць сем'яў, якія прадстаўлялі розныя школы раёна, сталі ўдзельнікамі фестывалю «Нацыянальныя асаблівасці маёй сям'і».

Яшчэ перад бацькоўскім сходам у фае актавай залы можна было пазнаёміцца з сямейнымі выставамі. Так, сям'я Мухніцкіх-Войшка, якая выступала за Рымдзюнскую школу з літоўскай мовай навучання, прадставіла вязаныя шкарпэткі і рукавіцы з прыгожымі ўзорамі, самаробныя цацкі з тканіны і кветкі з паперы, а таксама работы з баціку.

Саматканымі дыванамі, вязанымі рэчамі, вышыванкамі і бацікам уразіла выстава сям'і Бараноўскіх з Гудагайскай школы.

Цудоўныя карціны са скуры і вышыванкі прадставіла на сваёй выставе сям'я Зінкевіч з Варнянскай школы.

Не адвесці вачэй было і ад вышываных ручнікоў сям'і Алексеявец – прадстаўнікоў Гервяцкай школы – і  вялікай калекцыі сланоў розных колераў і памераў: керамічных, з фарфору і іншых матэрыялаў сям'і Блашкевіч з гімназіі №1.

Сямейныя таленты, звычаі і абрады розных нацыянальнасцей, якія ў міры і згодзе не адно стагоддзе жывуць на Астравеччыне, гэтыя сем'і дэманстравалі на сцэне.

Першымі на сцэну падняліся Андрэй Паўлавіч, Галіна Генрыхаўна і іх дзеці Ганна, Марыя і Дзіма Зінкевічы. Беларуская сям'я з Варнян стварыла на сцэне дамашнюю атмасферу і рассказала пра кожнага члена сям'і. Тата – аграном, танцор і шахматыст, мама – гаспадыня, якая можа прыгатаваць і бліны, і ватрушкі. І ўсе яны згодны з тым, што каб у сям'і шчасліва жыць, трэба кахаць.

Сям'я Алексеявец на Астравеччыну пераехала 15 гадоў назад, але і тут яна захоўвае свае ўкраінскія традыцыі. Пра іх у форме тэлеперадачы цікава расказалі мама Ірына Сяргееўна і малодшая дачка Ліза, якая вучыцца ў 4 класе. З пакалення ў пакаленне ў гэтай сям'і перадаюцца сямейныя рэліквіі – абрадавыя ручнікі, створаныя некалькі пакаленняў назад. Калекцыя ручнікоў папаўняецца: Ірына Сяргееўна вышывае іх сама і вучыць гэтаму дзяцей – Вікторыю і Лізу. Захоўваюць Алексеяўцы і ўкраінскія абрады і звычаі: на Куццю сям'я кліча Мароз, а на Каляды – калядуе. А кніга пра роднае мястэчка Залужжа, што на Украіне, стала штуршком для вывучэння свайго роду.

У Дануты Казіміраўны Бараноўскай – польскія карані. У яе доме з дзяцінства гучала польская мова і польскія песні, захоўваліся польскія абрады і звычаі. І сёння яна з задавальненнем перадае іх малодшаму пакаленню – свайму сыну Ігару, нявестцы Вользе і ўнучцы Эміліі. Менавіта пра традыцыі святкавання Ражаства, Вялікадня і вяселля ў польскіх сем'ях і расказала сям'я Бараноўскіх, якая прадстаўляла  Гудагайскую школу.

Не менш цікавых абрадаў захоўваецца ў сям'і Мухніцкіх-Войшка. Марыя Міхайлаўна з дачкой Каралінай расказалі пра адно з самых любімых святаў гэтай сям'і – Масленіцу. Некалі Марыя Міхайлаўна працавала ў  культуры – і добра ведае, як людзям падабаецца адзначаць народныя святы. Менавіта таму з дзяцінства яна расказвала сваім дзецям пра старажытныя літоўскія абрады і традыцыі.

– Я не чакаю, калі да мяне прыйдуць з блінамі на Масленіцу, – я пяку іх сама і нясу ў школу, – расказвае Марыя Міхайлаўна. – Дзецям вельмі падабаецца адзначаць Масленіцу: рабіць пудзіла з саломы, спяваць песні, танцаваць, вадзіць карагоды – і ласавацца блінамі.

У Марыі Міхайлаўны ёсць запаветная мара: зрабіць невялікую хатку з печкай, у якой можна было б праводзіць народныя святы. І на бацькоўскі сход Марыя Міхайлаўна з Каралінай прыехалі з вялікай талеркай бліноў і кошыкам пончыкаў – кожны мог паласавацца імі і паўдзельнічаць у традыцыі святкавання Масленіцы ў літоўскіх сем'ях.

У сям'і Блашкевіч – рускія карані, хаця многія іх родзічы жывуць не толькі ў Расіі, але і ў Казахстане, і ва Украіне. З усімі імі сям'я падтрымлівае сувязі. Сёння да сямейных традыцый Блашкевічаў далучаюць ужо малодшае пакаленне – Матвея, Аляксандру і Варвару. Летам яны падарожнічаюць і адпачываюць з палаткамі, зімой, на Хрышчэнне, штогод наведваюць Жыровічы і акунаюцца ў цудадзейнай гаючай купелі. А таксама калекцыянуюць сланоў – як сімвал шчасця, дастатку і еднасці сям'і.

Фестываль прадэманстраваў: розныя сем'і аб'ядноўвае любоў і павага да традыцый. Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі Дыпломы аддзела адукацыі, спорту і турызму і статуэткі, як напамін пра ўдзел у мерапрыемстве.

Вынікі раённага бацькоўскага сходу падвёў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла. А выхаванцы Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі падарылі бацькам і педагогам некалькі канцэртных нумароў.


-----------------------------

Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.