В Островце прошли региональные "Весёлые старты"
У спартыўнай зале гімназіі №1 прайшлі рэгіянальныя “Вясёлыя старты”, удзельнікамі якіх сталі выхаванцы аддзяленняў дзённага знаходжання для маладых інвалідаў з Астравецкага, Ашмянскага, Смаргонскага і Іўеўскага раёнаў.У мінулым годзе Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва пры падтрымцы фізкультурна-спартыўнага клуба і АТ “НІАЭП” правялі турыстычны злёт для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. А сёлета на Астравеччыне па ініцыятыве фізкультурна-спартыўнага клуба аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама і тэрытарыяльнага цэнтра прайшлі “Вясёлыя старты”.
Рабяты з аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў Ашмянскага раёна прадставілі каманду “Адуванчыкі”, астраўчане аб’ядналіся ў “Атас”, іўеўская моладзь сваю каманду назвала “Дружба”, а госці са Смаргоні сталі “Вернымі сябрамі”. І ўсе яны сабраліся ў Астраўцы не толькі для таго, каб стаць пераможцамі спаборніцтваў – хаця гэта таксама аказалася важным для рабят, – але і каб добра правесці час і пасябраваць.
– Не адзін год я аддаў спорту і ведаю, што такое ўдзельнічаць у спаборніцтвах. Ад імя райвыканкама хачу прывітаць усіх вас на Астравеччыне і пажадаць перамогі. Хоць, вядома, перамагчы павінен мацнейшы, – сказаў у прывітальным слове старшыня Астравецкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Расціслаў Бразінскі.
“Журылі” рабят намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Таццяна Букель, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра Віктар Ждановіч, старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Вольга Руднік, а галоўным суддзёй, які ў той жа час быў і арганізатарам конкурсных выпрабаванняў, стаў намеснік дырэктара фізкультурна-спартыўнага клуба Вадзім Лебядзевіч.
Спаборніцтвы пачаліся з, бадай што, самага лёгкага задання: удзельнікам неабходна было скласці слова і прымацаваць яго на сцяне. Праўда, да той сценкі неабходна было дабегчы, а зрабіць гэта многім удзельнікам было нялёгка. Аднак словы «участник» «движение», «праздник», «скорость» вельмі хутка ўпрыгожылі адну са сцен спартыўнай залы. А хутчэй за ўсё гэта атрымалася ў каманды са Смаргоні, якая якраз і складвала слова «скорость».
Падчас бегу з эстафетнай палачкай зноў не было роўных камандзе са Смаргоні. Сакрэт іх поспеху вельмі просты – каманда “Верныя сябры” была чыста мужчынская.Бег праз абручы стаў адным з найбольш складаных для ўдзельнікаў конкурсаў – на дапамогу прыйшлі валанцёры атрада “Наш выбар” з Гудагайскай школы. Перамогу ў гэтым конкурсе святкаваў астравецкі “Атас”.
Потым удзельнікі “Вясёлых стартаў” на некалькі хвілін ператварыліся ў футбалістаў і хакеістаў. Больш трапна і хутка забівалі мячы ў вароты смаргонцы, а вось хакейная клюшка і шайба лепш за ўсё слухалася спартсменаў з Ашмян. Прабегчы спартыўную залу з тэніснай ракеткай і мячом, хутчэй змаглі юнакі і дзяўчаты з Астраўца, яны ж сталі лепшымі і ў “пасадцы бульбы”. А ў конкурсе капітанаў, якія павінны былі збіваць гарадкі, больш за ўсё балаў набраў капітан са Смаргоні.
Адным з самых відовішчных выпрабаванняў спартландыі стала перацягванне каната. На гэтым этапе самымі моцнымі аказаліся юнакі і дзяўчаты з іўеўскай “Дружбы”, астраўчане сталі другімі, смаргонцы – трэцімі, а ашмянцы – чацвёртымі.
– Гэта не першыя спаборніцтвы, у якіх я ўдзельнічаю, – расказвае наведвальнік Астравецкага аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў Віталь Дамуць. – Мне ўсё вельмі спадабалася. І галоўнае тут – не толькі перамагчы, але і знайсці сяброў у іншых раёнах. Я хацеў бы падзякаваць арганізатарам гэтага мерапрыемства, якія далі нам такую магчымасць.
Перамагчы хацелі ўсе. І ў нейкім сэнсе кожны ўдзельнік спаборніцтваў па праву можа лічыцца пераможцам – ужо хоць бы толькі таму, што ён вырашыў паказаць сябе на гэтым спартыўным свяце. Аднак усё вырашалі набраныя камандамі месцы. Так, чацвёртай стала каманда “Адуванчыкі” з Ашмян, трэцяе месца дасталася камандзе з Іўя, астраўчане набралі 20 балаў і сталі другімі. Толькі адзін бал аддзяліў смаргонцаў ад астраўчан – з лепшым вынікам ў 19 балаў “Верныя сябры” сталі пераможцамі рэгіянальнай спартакіяды “Вясёлыя старты”.
Усе каманды былі ўзнагароджаны Дыпломамі аддзела адукацыі, спорту і турызму, а таксама тортамі і падарункамі, спонсарам якіх выступіў індывідуальны прадпрымальнік з Ашмян, які пажадаў застацца невядомым. Акрамя таго, пераможцы і прызёры турніру павезлі дамоў Кубкі і медалі.– Кожны з удзельнікаў спаборніцтваў хацеў прадэманстраваць свае сілы і, канешне ж, перамагчы, хоць гэтыя людзі і абдзелены здароўем, – дзеліцца ўражаннямі дзесяцікласніца Аліна Баніцэвіч, якая стала староннім назіральнікам спаборніцтва. – Раней я шмат часу праводзіла ў доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў. Амаль кожны дзень бачыла хлопчыкаў і дзяўчынак з абмежаванымі магчымасцямі – і штораз упэўнівалася ў тым, што ў іх вачах часам больш жыцця, чым у вачах здаровых людзей. І тыя дзеці, і сённяшнія ўдзельнікі мерапрыемства цэняць кожны пражыты дзень. Яны вераць у людскую дабрыню і ўдзячны за дапамогу і падтрымку. І гэта – галоўнае.
----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
