В Островце прошёл школьный конкурс театральных постановок на иностранных языках
Штогод аматары і знаўцы замежных моў з усіх школ раёна збіраюцца ў Астраўцы, каб прадэманстраваць творчыя здольнасці, акцёрскае майстэрства і валоданне англійскай і нямецкай мовамі. Тут праходзіць школьны конкурс тэатральных пастановак на замежных мовах.Дзевяць школьных калектываў выйшлі на сцэну сярэдняй школы №2, каб прадставіць на суд журы, педагогаў і вучняў тэатральныя пастаноўкі. Кожнае выступленне было цікавым і неардынарным. А яшчэ тут можна было атрымаць асалоду ад гучання англійскай і нямецкай моў і палюбавацца прыгожымі касцюмамі юных акцёраў.
– З году ў год узрастае майстэрства школьнікаў. Не заўсёды лёгка выйсці на сцэну і сказаць колькі слоў па-беларуску ці па-руску – а тут дзеці дэманструюць цудоўнае веданне замежнай мовы, – падзялілася ўражаннямі намеснік начальніка аддзела адукацыі Наталля Вікенцьеўна Баніцэвіч, якая некалькі гадоў назад стала ініцыятарам гэтага цікавага і карыснага конкурсу. – З кожным годам канкурэнцыя паміж школьнымі калектывамі становіцца ўсё больш сур’ёзнай – і гэта радуе.Сёлета ў склад журы ўвайшлі не толькі педагогі-знаўцы замежных моў, але і школьнікі – пераможцы алімпіяд Вераніка Анімуцкая і Аляксей Пагада.
А на сцэне між тым разварочвалася дзейства. “Чароўны тэатр” з Гервяцкай школы паставіў “Бураціна”: Чарапаха Тарціла, Карабас Барабас, Ліса Аліса зачаравалі ўсіх.Аматары англійскай мовы з СШ №2 інсцэніравалі “Чараўніка краіны Оз”.
Альхоўскія школьнікі разам са сваім равеснікам хлопчыкам Воўкам адправіліся ў трыдзявятае царства, а вучні з Міхалішкаўскай школы запрасілі ўсіх у тэатр ценю – крэатыўнасць іх пастаноўкі адзначылі і члены журы, і гледачы.
З першых хвілін выступлення гімназістаў стала зразумела, што гэта – патэнцыяльныя пераможцы конкурсу. Свабоднае валоданне англійскай мовай, артыстызм, дасціпны гумар, жывыя гукі скрыпкі – за ўсё гэта гледачы ўзнагародзілі юных акцёраў гімназіі №1 бурнымі апладысментамі.
Наступным канкурсантам выходзіць на сцэну было складана. Тым не менш тэатральны калектыў “Аншлаг” з сярэдняй школы №1, які інсцэніраваў “Рамэа і Джульету”, змог заваяваць сімпатыі гледачоў.
Варнянцы на гэты раз звярнуліся да творчасці Оскара Уальда. Іх пастаноўка “Салавей і ружа” была не менш цікавай.
Гудагайскі школьны тэатр прадоўжыў прапагандаваць на сцэне творчасць знакамітага англічаніна. “Кентэрвільскі прывід” Оскара Уальда прымусіў пусціць слязу, а затым – шчасліва ўсміхнуцца.Спондаўскія школьнікі паставілі “Спячую прыгажуню”: гледачам іх пастаноўка прыйшлася да душы.
Тым не менш гэта быў конкурс, і членам журы неабходна было выбраць пераможцу. Несумненнымі лідарамі па найбольшай колькасці балаў і ўладальнікамі Гран-пры сталі юныя акцёры з гімназіі №1. Першае месца журы прысудзіла вучням з сярэдняй школы №1. Другое падзялілі гервяцкія, альхоўскія і варнянскія школьнікі, трэцяе дасталася гудагайцам і вучням з СШ №2, Спондаў і Міхалішак.
Акрамя таго, журы адзначыла майстэрства асобных акцёраў. Лепшымі сталі Аляксей Пагада, Аліна Вайшнаровіч, Юлія Станкевіч (гімназія №1), Маргарыта Шаўчэнка (СШ №1), Дар’я Нядвецкая (Варнянскі НПК), Аляксандра Сыс, Павел Раўдановіч, Ганна Дзерван (Гервяцкая СШ), Данііл Свечнікаў, Аляксей Жук, Юліан Кімса, Раман Сізінцаў (Альхоўская школа), Паліна Масейка, Марта Ханевіч (СШ №2), Дзмітрый Ярашэвіч, Вераніка Баршчэўская (Гудагайская СШ), Яна Паўловіч, Ксенія Янушэўская (Спондаўскі НПК).У гэты дзень яе Вялікасць Замежная Мова валадарыла на сцэне – і здавалася, што яна гучыць з вуснаў сапраўдных акцёраў, якія завіталі ў Астравец на гастролі. А гэта значыць, што ў наступным годзе школьнікі зноў сустрэнуцца, каб падарыць аматарам замежнай мовы сапраўднае тэатральнае свята.
-----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота Аліны БАНІЦЭВІЧ.
