В Островце прошёл семинар по профилактике правонарушений среди несовершеннолетних
Прафілактычны cемінар, арганізатарам якога выступіў аддзел адукацыі, спорту і турызму і педагогі сярэдняй школы №1, было прысвечана праблемам прафілактыкі правапарушэнняў і фарміравання прававой культуры падлеткаў. Аб гэтым гаварылі не толькі настаўнікі, але і госці мерапрыемства – намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Тарэса Мар'янаўна Драган, памочнік пракурора Астравецкага раёна Анастасія Тадэвушаўна Юркойць і інспектар гэтай установы Артур Валер'евіч Буцько.
Вопытам работы па папярэджанні правапарушэнняў дзяліліся настаўнікі сярэдняй школы №1 – разам з педагогамі з іншых школ, бацькамі і прадстаўнікамі праваахоўных структур раёна яны шукалі выйсце з нестандартных сітуацый.
Педагог-псіхолаг Вольга Станіславаўна Ляховіч упэўнена, што толькі ў супрацоўніцтве сям'і і школы можна выхаваць дастойнага грамадзяніна нашай краіны. І таму галоўная задача школы – стварэнне педагагічнай сістэмы, заснаванай на ўзаемадзеянні педагагічнага, вучнёўскага і бацькоўскага калектываў як раўнапраўных партнёраў. Інфармацыйныя стэнды для бацькоў, дні адкрытых дзвярэй, індывідуальныя і калектыўныя кансультацыі, бацькоўскія сходы, «Пошта даверу», сумесныя спартыўныя і інтэлектуальныя спаборніцтвы – усе гэтыя формы работы з'яўляюцца нормай для любой школы. Тым не менш не заўсёды ўдаецца пазбегнуць непрыемных сітуацый.
Класны кіраўнік СШ №1 Інэса Сяргееўна Золатава лічыць, што менавіта класны кіраўнік адыгрывае значную ролю ў арганізацыі вольнага часу падлеткаў. Школьнікі з задавальненнем прымаюць удзел у шматлікіх конкурсах і акцыях, экскурсіях і паездках, краязнаўчай рабоце, вывучэнні прыроды, гісторыі і культуры роднага краю – і магчымасць праявіць ініцыятыўнасць і актыўнасць ёсць у любога вучня.
Аднак часам дзіця, якое выхоўваецца ў добрай сям'і і дзень якога распісаны літаральна па хвілінах, трапляе на ўлік у інспекцыю па справах непаўналетніх. І тады ўзнікаюць пытанні, якія хвалююць не адно пакаленне людзей: чаму так здарылася і што рабіць?
Менавіта адказу на іх і была прысвечана большая частка выступленняў. Думкамі па праблеме падзяліліся запрошаныя госці, педагогі, бацькі.
Канешне, усе бацькі мараць, каб іх дзіця было самым лепшым і паспяховым. Аднак часта ў сваёй паўсядзённай занятасці яны не заўважаюць, чым займаецца іх сын ці дачка ў вольны час. І таму так важна бацькам, педагогам і іншым зацікаўленым разам прадухіліць непапраўнае і выхаваць паспяховых, запатрабаваных людзей, якія прыносяць карысць грамадству.
----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
