В Островце прошёл районный фестиваль по обобщению педагогического опыта
Раённы фестываль па абагульненні педагагічнага вопыту “Настаўніцтва – талент, вопыт, майстэрства” прайшоў на базе сярэдняй школы №1 Астраўца.Сёлета фестываль педагагічнай творчасці змяніў свой фармат – ён праходзіў у два этапы. Першы быў завочны – падчас яго педагогі дасылалі ў аргкамітэт распрацоўкі свайго вопыту работы. 31 педагог з 23 устаноў адукацыі Астравеччыны вырашыў падзяліцца напрацоўкамі за гады працы з іншымі настаўнікамі.
Журы выбрала 9 настаўнікаў – філолага Мальскага НПК Наталлю Генрыхаўну Захарэвіч, матэматыка гімназіі №1 Марыю Браніславаўну Юркойць, біёлага Альхоўскай школы Яніну Іванаўну Куцько, класных кіраўнікоў Варнянскага НПК Вольгу Анатольеўну Хвесечка, Падольскага НПК Жанну Генадзьеўну Шылько і Рымдзюнскай школы з літоўскай мовай навучання Вайву Жвагінене, гісторыка Варнянскага НПК Аксану Францаўну Юркойць, педагога-арганізатара Міхалішкаўскай школы Ірыну Альгердаўну Кавалеўскую і выхавальніцу дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №1 Астраўца Ірыну Андрэеўну Невяроўскую, якія з’ехаліся ў Астравец, каб падзяліцца з іншымі сваімі напрацоўкамі і правесці майстар-класы.
На майстар-клас мог трапіць любы жадаючы. І вось у вызначаны дзень лепшыя педагогі сабраліся ў Астраўцы. Іх сустракаюць у СШ №1. Тут ужо падрыхтавана выстава распрацовак настаўнікаў па абагульненні вопыту. Адкрыццё фестывалю праходзіць у актавай зале. Тут не толькі назы-ваюць імёны лепшых педагогаў – фіналістаў раённага конкурсу, але даюць у іх гонар канцэрт мастацкай самадзейнасці, галоўнымі арганізатарамі якога і выканаўцамі песенных кампазіцый зноў жа становяцца педагогі – Аляксандр Альховік, Данута Блашкевіч, Ірына Праскіна, Наталля Вянгроўская і Таццяна Мароз. Пасля ўсе разы-ходзяцца па аўдыторыях, у якіх настаўнікі праводзяць майстар-класы.
Як гуляць на ўроках рускай мовы і развіваць творчыя здольнасці вучняў на ўроках матэматыкі; як выхоўваць экалагічную культуру школьнікаў і фарміраваць грамадзянскую пазіцыю дзяцей з дапамогай краязнаўства; як лялечны тэатр і піянерскі рух дапамагаюць выхоўваць патрыятычныя пачуцці; выкарыстанне шматмернай дыдактычнай тэхналогіі і нетрадыцыйнага абсталявання на занятках з дзецьмі – пра ўсё гэта настаўнікі не толькі расказвалі, але і паказвалі на практыцы, праводзячы ўрокі са сваімі калегамі-педагогамі.
У гэты ж дзень асобна працавала секцыя настаўнікаў-дэфектолагаў. Тут выбіралі прэтэндэнтаў на рэспубліканскі конкурс.
Напрыканцы мерапрыемства Дыпломы аддзела адукацыі і падарункі ад раённага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі з рук Ларысы Васільеўны Ярмоліч атрымалі ўсе дзевяць педагогаў, якія сталі фіналістамі раённага конкурсу.
---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.