В Островце прошёл конкурс театральных постановок школьных коллективов
Конкурс тэатральных пастановак школьных калектываў прайшоў на базе гімназіі. Нічога дзіўнага ў гэтым не было б, калі б з вуснаў юных акцёраў не гучала англійская і нямецкая мовы.Напярэдадні прайшоў завочны адборачны этап, на які школьнікі і іх кіраўнікі прадставілі відэазапісы пастановак. Усе яны трапілі ў фінал – з году ў год майстэрства школьных акцёраў расце і адточваецца. Як вынік: восем тэатральных калектываў былі запрошаны на фестываль драматычнай творчасці, які напярэдадні Вялікадня прайшоў у гімназіі №1. Праўда, прыехала на яго толькі шэсць: па ўважлівых прычынах не прынялі ўдзел у конкурсе тэатральныя калектывы Гудагайскай школы, чыя пастаноўка была прысвечана Вялікадню і атрымалася вельмі павучальнай і цікавай, і Спондаўскай СШ, які падрыхтаваў казку “Хензэль і Грэтэль”.
Першымі прадставіць тэатральную творчасць падняліся на сцэну гаспадары – калектыў “Вясёлка” прадставіў пастаноўку “Хаос у казачным свеце”. Сёлета гімназісты пад кіраўніцтвам Ніны Рыгораўны Свіла – якой, зрэшты, дапамагала ўся кафедра замежнай мовы гімназіі №1 – выступалі на нямецкай мове. Як і ў мінулым годзе, трымаліся яны свабодна, а выступленне было артыстычным і цэласным: святло, музыка, дэкарацыі... У цэлым уражанне ад іх выступлення склалася вельмі добрае, за што школьнікі атрымалі бурныя апладысменты.
Гэтак жа ўдала выступілі і Альхоўскія школьнікі – дарэчы, у мінулым годзе іх пастаноўка заняла трэцяе месца. Сёлета яны склалі сур’ёзную канкурэнцыю гімназістам. Пастаноўка “Драўляны хлапчук” па матывах казкі А. Талстога зачаравала. Яшчэ больш здзівілі касцюмы альхоўскіх акцёраў, зробленыя сваімі рукамі.
– У фестывалі мы ўдзельнічаем ужо трэці год, – дзеляцца ўражаннямі дзевяцікласніцы Альхоўскай СШ Марыя Варанішча і Вольга Лазарэвіч. – Штогод рыхтуем нешта новае і цікавае. Канешне, асноўная нагрузка кладзецца на нашых педагогаў – Ганну Уладзіміраўну Уласік, якая дапамагае распрацаваць і зрабіць касцюмы, і Людмілу Іванаўну Анімуцкую, якая піша сцэнарый да выступлення.
Пасля першых дзвюх пастановак стала зразумела, што барацьба за лідарства будзе напружанай.
Трэцімі выступалі прадстаўнікі Мальскага дзіцячага сада-пачатковай школы. “Церамок” на новы лад у выкананні вучняў-пачаткоўцаў спадабаўся і членам журы, і гледачам.
Наступнымі на сцэну падняліся “Шчасліўчыкі” з СШ №1. Казка “Залаты гусь” у іх выкананні таксама глядзелася нядрэнна. Уражвалі і дэкарацыі, створаныя ўласна.
Варнянскія школьнікі паставілі на гімназічнай сцэне “Чырвоную шапачку” – весела, з песнямі і танцамі.
Міхалішкаўская школа “выставіла” пачаткоўцаў – на сцэну выйшлі школьнікі 2-4 класаў, якія прадэманстравалі “Залатавалоску і трох мядзведзяў”. Атрымалася таксама нядрэнна.
– За апошнія тры гады, калі фестываль стаў пастаянным, калектывы значна падраслі. Канешне, падрыхтоўка займае шмат часу, тым не менш для школьнікаў і педагогаў – гэта добрая магчымасць не толькі прадэманстраваць сваё майстэрства, але і паглядзець на сябе і іншых удзельнікаў з боку, – гаворыць намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталля Вікенцьеўна Баніцэвіч. – Хацелася б адзначыць добрую ігру гімназістаў Веранікі Анімуцкай, Машы Зіленіцкай і Аліны Мацкевіч, а таксама Марыі Варанішча, Наталлі Ожэг, Вольгі Лазарэвіч і Ксеніі Кімса – юных акцёраў з Альхоўскай школы.
Вызначыць, хто стаў лепшым, а хто трохі “не дацягнуў”, заўсёды складана. Таму “судзяць” пастаноўкі тыя ж настаўнікі, якія і рыхтуюць дзяцей, з адным выключэннем: сваю пастаноўку яны ацэньваць не могуць.
У выніку найбольшую колькасць балаў набрала гімназічная “Вясёлка” – менавіта яны былі адзначаны дыпломам за першае месца. Крыху адсталі ад іх альхоўскія акцёры – яны сталі другімі. На трэцяй прыступцы п’едэсталу апынуліся ажно тры тэатральныя калектывы: з Міхалішкаўскай школы, Варнянскага НПК і Мальскага дзіцячага садка-пачатковай школы. Дыплом атрымалі і “Шчасліўчыкі” з СШ №1.
Словам, усе пакідалі актавую залу з узнагародамі, добрым настроем і надзеяй на хуткую сустрэчу.
---------------------------------------------
Алена СВЕТЛАЯ, фота аўтара.
