В Островце повышается уровень рождаемости
Падарунак да Дня незалежнасці зрабіла сабе і сваім блізкім Юля Новікава са станцыі Гудагай: напярэдадні маладая жанчына нарадзіла свайго першынца, дачушку, якую вырашылі назваць Евай.
Дарэчы сказаць, па стану на 4 ліпеня ў радзільным аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы на свет з’явілася 125 малышоў. І ў разліку на тысячу чалавек на Астравеччыне вось ужо другі год дзетак нараджаецца больш, чым у любым іншым горадзе вобласці – пабіты рэкорды нават Гродна і Ліды.
С тала ўжо добрай традыцыяй, што жанчын, які нарадзілі дзетак напярэдадні і непасрэдна ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, віншуюць прадстаўнікі грамадскай арганізацыі “Белая Русь”. Сёлета ж гэтае віншаванне праходзіла ў пашыраным фармаце: да парадзіх у радзільнае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы з віншаваннямі і падарункамі прыехалі член Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу, старшыня райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька, яго намеснік Віктар Збігневіч Свіла і старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Наталля Уладзіміраўна Сянюць.
У той дзень у радзільным аддзяленні бальніцы знаходзіліся сем жанчын. На сустрэчу са старшынёй райвыканкама змаглі прыйсці чацвёра з іх: Гражына Шоцік, Аксана Сінкевіч і Алеся Юркойць нарадзілі будучых абаронцаў Айчыны якраз напярэдадні Дня Незалежнасці, 2 ліпеня (дай Бог, каб абараняць Радзіму гэтым хлопчыкам, як і ўсім іншым беларусам, давялося толькі ў мірны час).
Дачушка Юлі Новікавай ажно на чатыры дні старэйшая за гэтых “трох танкістаў”…
А вось Алеся Матусевіч у той дзень была ўся ў клопатах: яны са сваёй нованароджанай дачушкай ужо рыхтаваліся да выпіскі з бальніцы. Не магла асабіста прыняць падарунак і Ганна Дзенюш з Быстрыцы: літаральна за некалькі гадзін да з’яўлення гасцей яна нарадзіла сына. А Таццяне Лыскойць увогуле было не да віншаванняў: у той момант яна ў адвечных жаночых пакутах якраз нараджала – як высветлілася пазней, неўзабаве пасля таго, як мы пакінулі бальніцу, на свет з’явілася дзяўчынка. А праз некалькі гадзін у той жа дзень нарадзіліся яшчэ адзін хлопчык у Ганны Кармаза і дзяўчынка у Наталлі Сінкела. Ну сапраўдны бэбі-бум!
Цяпер у сем’ях гэтых жанчын Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь заўсёды будзе двайным святам, бо ён звязаны з днём нараджэння іх дзетак. І ўсе, хто прыйшоў павіншаваць маладых маці з гэтай цудоўнай падзеяй у іх жыцці, жадалі ім і іх малышам найперш здароўя, а таксама – заўсёды жыць у мірнай, спакойнай, незалежнай краіне, дзе жанчыны не баяцца нараджаць дзяцей і з надзеяй глядзяць у будучыню.
____________________
Ніна РЫБІК, фота аўтара.

