В Островце подвели итоги районного этапа конкурса детских рисунков "Подружись со спортом!"

З чым асацыіруецца спорт? Адказаў тут можа быць шмат. У кагосьці гэта мужны атлет, у некага – любімая футбольная каманда, у іншага – хакеіст. Спорт разнастайны і разнапланавы. А вось як уяўляюць спорт дзеці? Пра гэта можна было даведацца і непасрэдна пабачыць на раённым этапе конкурсу дзіцячых малюнкаў “Пасябруй са спортам!”, які правёў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Дзеці выступалі ў двух узроставых катэгорыях – 1-3 і 4-6 класы. Рабяты павінны былі не проста праявіць фантазію, але і спалучыць яе з уменнем выносіць сваё бачанне на паперу і гаварыць мовай колераў, форм і адценняў. І стараліся яны як маглі. Малюнкі атрымаліся розныя, цікавыя і абагульненыя адной ідэяй. Хакеісты, лёгкаатлеты, футбалісты, лыжнікі… Дарэчы, многія рабяты малявалі менавіта лыжніц – няйнакш Дар’ю Домрачаву пасля яе феерычнага выступлення на алімпіядзе ў Сочы. Словам, атрымалася па-дзіцячаму непасрэдна і прыгожа.
У выніку, сярод 56 работ, прадстаўленых на конкурс “Пасябруй са спортам” з усіх школ раёна, журы вызначыла лепшыя. У малодшай узроставай катэгорыі такімі былі прызнаны малюнкі Веранікі Ган з гімназіі, Данііла Бранцэвіча з Міхалішкаўскай сярэдняй школы, Дар’і Пятровіч з гімназіі і Эрыка Тумкевіча з Варонскага дзіцячага сада-пачатковай школы. Сярод старэйшых юных мастакоў лепшымі вызначаны работы Кацярыны Бранцэвіч з Міхалішкаўскай СШ, Маргарыты Лучынскай з Дайлідскай БШ, Анастасіі Пазлевіч з Альхоўскай СШ і Аляксандры Меленяка з СШ №1. Гэтыя ўдзельнікі былі ўзнагароджаны дыпломамі і прызамі Рэспубліканскага дзяржаўнага грамадскага аб’яднання “Прэзідэнцкі спартыўны клуб”. Дарэчы, дзве работы – Веранікі Ган і Данііла Бранцэвіча – адпраўлены на рэспубліканскі этап конкурсу.
За актыўны ўдзел у конкурсе граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама былі ўзнагароджаны Алена Клімчэня з СШ №1, Анатоль Валуевіч і Дзяніс Памецька са Спондаўскай СШ, Эвеліна Садоўская і Аляксандр Віюк з Варнянскага НПК, Вераніка Баршчэўская з Гудагайскай СШ, Надзея Нікалайкава і Вераніка Налівайка з Мальскага дзіцячага сада-пачатковай школы.


------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.