В Островце подвели итоги конкурса школьных театральных постановок на иностранном языке

Другі год запар аддзел адукацыі Астравецкага райвыканкама арганізоўвае конкурс тэатральных пастановак на замежнай мове, які карыстаецца нязменнай папулярнасцю сярод школьнікаў раёна.

Сёлета фармат конкурсу быў зменены – спачатку прайшоў занальны этап, пераможцамі якога сталі тэатральныя калектывы гімназіі №1, Варнянскага НПК, Альхоўскай і Міхалішкаўскай школ. На раённы фестываль замежнай мовы былі таксама запрошаны вучні Гудагайскай школы і Мальскага НПК, чые пастаноўкі таксама прыйшліся даспадобы членам раённага журы, але па аб’ектыўных прычынах прыняць удзел у фінальным этапе конкурса яны не змаглі.
Акрамя астравецкіх каманд, удзел у мерапрыемстве вырашылі прыняць тры школьныя тэатральныя калектывы з суседняга Ашмянскага раёна – гімназіі №1, СШ №3 і Кальчунскай сярэдняй школы.
У вызначаны дзень юных акцёраў, аматараў замежных моў сустракалі ў гімназіі №1 – тут ім давялося паказаць усё, чаму яны навучыліся за яшчэ адзін школьны год. У склад журы ўвайшлі педагогі, выкладчыкі замежных моў і намеснік начальніка аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама Н.В. Баніцэвіч.


– Падобныя фестывалі не раз праводзіліся ў нашым раёне, потым гэта традыцыя прыйшла ў заняпад. А цяпер, калі вывучэнню замежных моў надаецца вялікае значэнне, фестываль зноў адрадзіўся. Карысць ад яго вялікая. Дзеці не толькі паказваюць сваё майстэрства, але і могуць параўнаць веданне і валоданне замежнай мовай са сваімі аднагодкамі з іншых школ, – гаворыць Наталля Вікенцьеўна.


Не змаглі прыняць удзел у фестывалі калектывы Альхоўскай і Міхалішкаўскай школ, але яны даслалі відэазапісы сваіх пастановак. І калі альхоўскія артысты паказалі пастаноўку “Брэменскія музыканты”, знятую на сцэне сваёй школы, то дэкарацыямі для “Школьнага мюзікла” Міхалішкаўскай школы сталі розныя школьныя памяшканні, пра якія ішла гаворка ў той ці іншай сцэне.
Мюзікл “Гукі музыкі”, сыграны таленавітымі школьнымі акцёрамі гімназіі №1, уразіў не толькі майстэрствам выканання, але і свабодным валоданнем дзецьмі англійскай мовай. Здавалася: на 30 хвілін, што цягнулася пастаноўка, ты трапіў у Тэатр оперы і балета – настолькі творча і эмацыянальна сыгралі дзеці. Прыгожыя касцюмы, радыёмікрафоны, уменне трымацца на сцэне, усмешкі – усё гэта спрыяла таму, што гімназісты атрымалі бурныя апладысменты.
Надоўга запомніцца гледачам і пастаноўка школьнікаў з Варнянскага НПК – яны прадставілі на суд журы і гледачоў казку Андэрсена “Свінапас” і таксама пакарылі сэрцы ўсіх, хто сабраўся ў актавай зале гімназіі №1.
Школьныя артысты з Ашмян прыехалі з цікавымі пастаноўкамі. Гімназія №1 прадэманстравала казку “Спячая прыгажуня”, СШ №3 – “Церамок”, а Кальчунская школа выставіла на суд журы і гледачоў падборку казак.
Першае месца адзінагалосна было прысуджана тэатральнаму калектыву гімназіі №1 “Тэатральны мікс” (кіраўнік – Т.З. Вайшнаровіч), другое месца занялі юныя артысты з Варнян (настаўніца В.І. Сянюць), трэцім стаў “Тэатр юнага гледача” з Альхоўскай школы (Л.І. Анімуцкая). Калектыў “Іскры” Міхалішкаўскай школы (Е.Я. Родзь) быў узнагароджаны дыпломам за ідэю і стыль прадстаўлення.
Дыпломамі аддзела адукацыі адзначаны тэатральныя калектывы з Ашмянскага раёна. Хаця, калі шчыра, яны не склалі дастойнай канкурэнцыі нашым юным акцёрам.
У наступным годзе аматары замежнай мовы сустрэнуцца зноў, каб пазмагацца за права стаць лепшымі.


---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.


Фота з сайта oreninform.ru.