В Островце подвели итоги конкурса школьных экскурсоводов
Сёлетні раённы конкурс сярод школьных экскурсаводаў стаў яшчэ адным мерапрыемствам, якое праводзіцца ў Год гасціннасці.Конкурс экскурсаводаў насіў назву “Мая малая Радзіма” і быў прысвечаны Астравеччыне і людзям, якія тут жывуць ці пакінулі пра сябе добрую памяць.
У гімназію №1 – менавіта тут праходзіла мерапрыемства – з’ехаліся самыя цікаўныя і крэатыўныя знаўцы роднага краю, якія ўжо сёння чакаюць гасцей у сваіх школьных музеях.
У раённым конкурсе прынялі ўдзел канкурсанты з дзевяці устаноў адукацыі: гімназіі №1 і СШ №1, Варнянскага, Падольскага, Рытанскага і Кямелішкаўскага НПК, Гервяцкай, Міхалішкаўскай і Альхоўскай школ.
Спачатку юныя экскурсаводы прадставілі на адборачны этап свае партфоліа і тэкставыя варыянты экскурсій. А на конкурсе правялі для журы і гледачоў, што сабраліся ў актавай зале, віртуальныя экскурсіі па школьных музеях і музейных пакоях.
І нават падчас віртуальных экскурсій было цікава і захапляльна. Што ўжо гаварыць, калі давядзецца трапіць да юных экскурсаводаў на сапраўдную экскурсію ў іх музей ці музейны пакой!
Так, экскурсаводы з гімназіі №1 Вераніка Анімуцкая, Кацярына Бурак і Аляксандра Нікалайкава прадставілі экскурсію “Астравец турыстычны” з наведваннем знакамітых мясцін нашага горада.
Ксенія Марцінчык з СШ №1 расказала пра значэнне хлеба ў экскурсіі “Хлеб на стале – свята ў доме”.
Актывістка Карына Дуброўская, экскурсавод Міхалішкаўскай школы, паведаміла пра “Мілы сэрцу куточак” – свой родны край.
Ксенія Лапуня запрасіла ў падарожжа “Гервяты шчыра запрашаюць”.
Уразіла сваёй крэатыўнасцю і талентам пачынаючы экскурсавод Альхоўскай школы Аліна Мужыла, якая правяла завочную экскурсію па альхоўскім краі.
Варнянскія і кямелішкаўскія вучні свае экскурсіі прысвяцілі нашым вядомым землякам – мастакам Мар’яну Богушу-Шышку і Сцяпану Казлоўскаму.
Школьнікі з Падольцаў і Рытані запрасілі ў падарожжа па родных мясцінах, расказалі пра дзейнічаючыя касцёлы, а таксама храмы, якія трапілі ў забыццё.
Журы не толькі ўважліва выслухала ўсе экскурсіі, але і звярнула ўвагу на артыстызм і крэатыўнасць экскурсаводаў, іх багатую мову і ўменне працаваць з аўдыторыяй – без гэтых якасцей не можа рэалізавацца ні адзін добры экскурсавод.
У выніку Дыпломам І ступені былі ўзнагароджаны гімназісткі Вераніка Анімуцкая, Кацярына Бурак і Аляксандра Нікалайкава. Ксенія Марцінчык з СШ №1 стала другой, а Ксенія Лапуня, экскурсавод Гервяцкай школы, – трэцяй. Лаурэатам конкурсу прызнана юны экскурсавод Альхоўскай школы Аліна Мужыла.
Удзельнікі конкурсу, якім не пашанцавала стаць пераможцамі, атрымалі Падзячныя пісьмы аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама.
Пераможцы ў верасні бягучага года будуць абараняць гонар нашага раёна на абласным этапе конкурсу юных экскурсаводаў у намінацыях “Гарады раённага падпарадкавання” і “Сельскія населенныя пункты”.
Пажадаем нашым экскурсаводам поспеху!
--------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
