В Островце отметили День защиты детей
Весела, цікава, актыўна і спартыўна прайшоў у Астраўцы Дзень абароны дзяцей.Яго пачатак быў пакладзены спартыўна-забаўляльным святам «Шчаслівае дзяцінства – шчаслівыя малышы», якое прайшло для выхаванцаў гарадскіх дашкольных устаноў на базе сярэдняй школы №2.
Пазмагацца ў шматлікіх эстафетах, прадэманстраваць навыкі вядзення мяча і зоркасці, а таксама паказаць сваім аднагодкам цікавыя музычныя і танцавальныя нумары прыйшлі чатыры каманды: «Ракета» з ясляў-сада №2, «Маракі» з «Дубка», «Марачкі» з дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці, і «Рамонкі» з ясляў-сада №1. У спаборніцтвах перамагло сяброўства, а ўсе ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі Дыпломы і невялікія падарункі.
А потым свята перамясцілася ў лесапаркавую зону. Тут пры ўваходзе ўсіх сустракалі юныя інспектары дарожнага руху з Гудагайскай школы, якія прапаноўвалі прадэманстраваць навыкі ваджэння веласіпеда з пераадольваннем перашкод.
Сёлета дашкалят і школьнікаў запрасілі ў падарожжа на «Планету дзяцінства». Цікавыя конкурсы і забавы, фестываль-выстава самаробных кветак з паперы, канцэртна-гульнявая праграма «З сябрамі разам» і цырымонія ўзнагароджвання, у якой прынялі ўдзел намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталля Іосіфаўна Станкевіч, інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з насельніцтвам РАНС Алег Уладзіміравіч Шыць і інспектар адміністрацыйнага кантролю ДАІ Таццяна …. – сумаваць дзецям не даводзілася.
– Нават такія дарослыя людзі, як я, чакалі лета. У яго першы дзень у нашай краіне адзначаецца Дзень абароны дзяцей – і ён для кожнага чалавека, як напамін пра дзяцінства, – адзначыў у сваім выступленні намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла. – Лета – той час, калі вы можаце ўмацаваць сваё здароўе, добра адпачыць і нават атрымаць новыя веды. І ўсяго гэтага я жадаю вам ад шчырага сэрца.Па традыцыі падчас мерапрыемства 59 школьнікаў і 11 калектываў, якія «засвяціліся» на міжнародным, рэспубліканскім і абласным узроўнях, былі ўзнагароджаны граматамі і падарункамі раённага выканаўчага камітэта і аддзела адукацыі, спорту і турызму. Узнагароды атрымалі і дзеці, якія ўдзельнічалі ў конкурсах аддзелаў па надзвычайных сітуацыях і ўнутраных спраў.

Чакалі ўсіх, хто завітаў на свята, і выратавальнікі – увазе дзяцей і іх бацькоў яны прадставілі тэхніку, якая знаходзіцца на ўзбраенні ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, а ўсе жадаючыя, няхай і на некалькі хвілін, змаглі прымераць на сябе абмундзіраванне пажарных. І такіх было нямала.Сустракалі дзяцей і на гарадскім стадыёне – тут аматары гульні ў футбол сталі ўдзельнікамі турніру «Скураны мяч», а выхаванцы дзіцячай юнацка-спартыўнай школы прынялі ўдзел у лёгкаатлетычнай эстафеце.
На працягу дня ў лесапарку гучалі песні і шчаслівы смех дзяцей, якія атрымлівалі падарункі, гулялі ў бяспройгрышную латарэю, удзельнічалі ў конкурсах і весела бавілі свой час.
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.
