В Островце отметили 95-летие ВЛКСМ

Урачыстае пасяджэнне, прысвечанае 95-годдзю Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі, адбылося ў кінаканцэртнай зале “Астравец”.

Гістарычнае мінулае заўсёды будзе важным як для сучаснікаў, так і для будучага пакалення. 95 гадоў назад утварыўся магутны саюз, які смела можна назваць пабрацімам сённяшняга Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Таму на ўрачыстае пасяджэнне, прысвечанае гэтай падзеі, прыйшлі як колішнія камсамольцы, так і БРСМаўцы.
Распачалося мерапрыемства крыху нестандартна: не са слоў віншавання і ўспамінаў, а з цікавага відэароліка са старымі фотаздымкамі, дзе ва ўсмешлівых юнаках і дзяўчатах многія з прысутных у зале пазнавалі сябе – маладых і задорных камсамольцаў.
Затым з прывітальным словам выступіў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла. Ён узгадаў словы кіраўніка нашай дзяржавы аб тым, што моладзь і маладзёжныя арганізацыі – адзін са слупоў нашага грамадства.
Як пацвярджэнне гэтага 2015 год будзе прысвечаны моладзі і іх праблемам. Успамінамі пра сваё камсамольскае мінулае падзяліўся з прысутнымі старшыня раённага савета ветэранаў Расціслаў Арсенцьевіч Герт. Павіншавала ўсіх са святам і першы сакратар райкама БРСМ Аксана Паўлаўна Лазарава.
Затым былыя камсамольцы Ігар Аляксандравіч Прусакоў і Расціслаў Арсенцьевіч Герт пад дружныя апладысменты ўручылі членскія білеты новым БРСМаўцам. А работнікі раённага аддзела культуры павіншавалі ўсіх з урачыстай падзеяй мілагучнымі песнямі і прыгожым танцам.


----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.