В Островце обсудили проблему распространения и употребления наркотических и психотропных средств среди молодёжи
Абмеркаваць праблему распаўсюджвання і ўжывання наркатычных і псіхатропных рэчываў у маладзёжным асяроддзі за круглым сталом сабраліся намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Тэрэса Мар’янаўна Драган, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Людміла Міхайлаўна Апановіч, настаяцель храма святых апосталаў Пятра і Паўла айцец Георгій Савіцкі, старшы оперупаўнаважаны групы па наркакантролю і супрацьдзеянню гандлю людзьмі Валерый Станіслававіч Бабраўніцкі, нарколаг Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы Аніта Генрыхаўна Врублеўская, педагогі ўстаноў адукацыі раёна. Тон размове задавала метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Юлія Альбінаўна Ражко.
Гутарцы за круглым сталом папярэднічаў прагляд відэафільма пра ўжыванне і распаўсюджванне спайса, ім дэманстраваліся розныя сітуацыі, у якія траплялі падлеткі і выбрацца з якіх ім адным было не па сілах. Гэта
прызнавалі і галоўныя героі відэафільма. Гэта ведаюць іх бацькі і ўсе, хто сабраўся за круглым сталом.
– Адно-, двухразовае ўжыванне спайса выклікае псіхалагічную залежнасць. Але як распазнаць, што дзіця сапраўды трапіла ў залежнасць?
А.Г. Врублеўская: У гэтым выпадку падлеткі вядуць сябе неадэкватна: яны то затарможаныя, то, наадварот, могуць беспрычынна смяяцца, крычаць, бегаць. Некаторыя трацяць прытомнасць, упадаюць у кому… Асноўныя прыкметы, якія павінны насцярожыць бацькоў: замаруджаная мова, парушэнне каардынацыі, павышаная раздражнёнасць, беспрычынная змена настрою, зніжэнне паспяховасці ў школе і шэраг іншых.
– Аднак некаторыя з пералічаных характарыстык супадаюць з прыкметамі, якія ўласцівы падлеткам у пераходным узросце, – тая ж раздражнёнасць, змена настрою... Неяк чытала ў інтэрнэце, што праверыць ужыванне наркотыкаў можна з дапамогай метаду прамой лініі. Лічыцца, што той, хто не зможа прайсці прама, ужывае наркатычныя рэчывы. Гэтаму “тэсту” можна верыць?
А.Г. Врублеўская: Не заўсёды. Няўстойлівасць характэрна людзям пры многіх захворваннях. Таму адназначна сказаць па гэтым тэсце, што чалавек ужывае наркотыкі, нельга. Характэрнымі прыкметамі ўжывання спайса з’яўляецца зуд носа і твару, шырокія ці, наадварот, вузкія зрэнкі, ацёк твару, павышаная патлівасць, сухасць у роце, павышэнне артэрыяльнага ціску, тахікардыя.
– Ці можна распазнаць ужыванне наркатычных сродкаў з дапамогай лабараторных аналізаў?
А.Г. Врублеўская: Сёння існуюць экспрэс-тэсты на распазнанне ўжывання наркатычных сродкаў. Яны ёсць ва ўстановах аховы здароўя, іх можна набыць у аптэках. Па аналізу мачы праз пяць хвілін можна вызначыць, ужываў чалавек наркотык ці не. На жаль, у адносінах да спайсаў, хімічная формула якіх змяняецца з перыядычнасцю раз у два тыдні, – гэта ўсё ж праблема.
– А ці ёсць у раёне афіцыйная статыстыка ўжывання падлеткамі спайса?
А.Г. Врублеўская: Выпадкі ўжывання спайса ў нашым раёне не зарэгістраваны. На жаль, не заўсёды бацькі могуць самастойна дыягнаставаць выкарыстанне спайса ці наркотыкаў. Да таго ж многія з іх вырашаюць за лепшае ўтаіць такі факт, змагацца з бядой самастойна, не выносіць яе на “ўсенароднае абмеркаванне”.
Л.М. Апановіч: Штогод у школах раёна праводзіцца апытанне школьнікаў, якое датычыцца ўжывання наркатычных сродкаў. І, як правіла, адзін працэнт апытаных адказвае, што ў іх ёсць сябры, якія ўжываюць наркатычныя сродкі ці якія бачылі, што хтосьці гэта робіць. Адзін працэнт – гэта многа ці мала? Усё залежыць ад таго, як на гэта паглядзець.
Т.М. Драган: Першыя, хто можа і павінен заўважыць бяду, якая адбываецца з падлеткамі, – гэта бацькі і настаўнікі. Менавіта яны павінны папярэдзіць развіццё гэтай хваробы. І важнейшым момантам з’яўляецца інфармаванне бацькоў аб тым, што ўтойвае ў сабе спайс. А калі блізкія высветлілі, што падлетак ужывае наркатычныя сродкі, ім абавязкова трэба паведаміць пра гэта спецыялістам. Тым больш, калі дзіця робіць гэта пастаянна – з ім павінен працаваць нарколаг.
В.С. Бабраўніцкі: Варта таксама помніць, што ў адпаведнасці з Крымінальным кодэксам за ўкрывальніцтва збыту наркотыкаў наступае крымінальная адказнасць.
Айцец Георгій Савіцкі: У відэароліку я ўбачыў нешта значна большае, чым ужыванне спайса. Гэта шаленства, апантанасць д’яблам. Як вядуць сябе такія людзі, многія бачылі ў праваслаўных фільмах. Такое бывае і з алкаголікамі. Толькі, на жаль, са спайсамі сітуацыя больш складаная: ужо пасля першага ўжывання чалавек выглядае апантаным д’яблам. Сёння дзверы царквы і касцёла заўсёды і для кожнага адчынены. Варта пакаяцца – і атрымаць падтрымку Усявышняга. Спайс – гэта грэх, і вызваліцца ад яго складана. У такой сітуацыі кожны дзень – гэта барацьба. Але варта помніць, што Божая міласць ёсць у кожным храме – і ўсё залежыць ад веры чалавека.
Т.М. Драган: Я б параіла бацькам кантраляваць сваіх дзяцей. Праглядваць іх старонкі ў інтэрнэце, сачыць за расходваннем кішэнных грошай.
В.С. Бабраўніцкі: Цалкам з гэтым згодзен. Тым больш пры сённяшняй даступнасці спайса і пры наяўнасці асабістых грошай нішто не перашкодзіць падлетку набыць “дозу”.
– Давайце ўявім і такую сітуацыю: падлетак вырашыў самастойна звярнуцца да ўрача…
А.Г. Врублеўская: Самастойна падлетак можа звярнуцца да ўрача-нарколага з 14 гадоў. Канешне, калі дзіця паспрабавала алкаголь і яму патрэбна дапамога, то абследаванне і лячэнне будзе праходзіць ананімна. Можа быць назначана амбулаторнае ці стацыянарнае лячэнне.
У сітуацыі з наркатычнымі сродкамі ўсё значна складаней. У першую чаргу інфармацыя па гэтай праблеме даводзіцца да бацькоў і ў інспекцыю па справах непаўналетніх.
– Падлетак з відэафільма гаварыў аб тым, што першае, што трэба зрабіць, каб выцягнуць з наркатычнай багны, – прапанаваць дзіцяці справу па душы, зацікавіць яго нечым. Чым сёння можна зацікавіць дзяцей? Як весці прафілактычную работу, каб пазбегнуць нестандартных сітуацый?
Раіса Чаславаўна Мароз, Альхоўская школа: Зусім нядаўна на старонках “СБ. Беларусь сёння” быў надрукаваны артыкул пра наступствы ўжывання спайса – пра гэта расказвалі медыкі. І мяне, і дзяцей гэты артыкул шакіраваў: мы ўбачылі праўду пра спайс і яго наступствы. А яшчэ мне вельмі падабаецца, як працуюць з моладдзю айцы-кармяліты з Гудагайскага касцёла. Святары, на маю думку, маглі б адыграць важную ролю ў прафілактыцы ўжывання наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў.
Т.М. Драган: Сапраўды, вельмі важна знайсці моцнага чалавека, які будзе гарэць нейкай цікавай справай і зможа ёй “запаліць” іншых.
Ірына Альгердаўна Кавалеўская, Міхалішкаўская школа: Валанцёрская работа ў нашай школе вядзецца даўно. Сёлета мы ўвайшлі ў інавацыйны праект “Роўны навучае роўнага”. Адным з першых у нашай рабоце стаў накірунак “Малюем жыццё без наркотыкаў”. Валанцёры атрада “Анёлы” працуюць са школьнікамі розных узростаў, праводзяць акцыі, стараюцца зацікавіць сваімі справамі – і ў іх гэта атрымліваецца.
Ірына Мікалаеўна Жалток, Гудагайская школа: У 2011 годзе я прайшла курсы па праграме роўнага навучання. Прыехала з Мінска і расказала пра праграму рабятам – ім спадабалася. Праз нейкі час у школе з’явіліся валанцёры-інструктары, якія вучыліся ў мяне, – зараз яны працуюць з рабятамі. Школьнікам прасцей весці размовы на складаныя тэмы са сваімі аднагодкамі, такімі ж школьнікамі, чым з педагогамі. Настаўнік, канешне, таксама можа прысутнічаць пры гэтым, але ён не павінен умешвацца. На такіх занятках мы не толькі паказваем школьнікам наступствы выкарыстання наркатычных сродкаў, але і вучым іх рабіць выбар, гаварыць “не”. І гэта больш важна.
Вера Генадзьеўна Сінкела, Варнянская школа: Адзін са спосабаў прафілактыкі ўжывання і распаўсюджвання наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў у маладзёжным асяроддзі, які мы выкарыстоўваем у сваёй школе, – гэта форум-тэатр. Мы бярэм праблему і праігрываем яе па сітуацыях. І дзеці прапануюць гледачу змяніць сітуацыю так, каб гэта не прывяло да бяды. Гэта так званая “рэпетыцыя рэальнага жыцця” – кожны можа прымерыць створаную сітуацыю на сябе, каб у рэальным жыцці зрабіць правільны выбар.
Вольга Станіславаўна Каткоўскіс, Гервяцкая СШ: У сваёй рабоце мы выкарыстоўваем і роўнае навучанне, і форум-тэатр, а таксама прэзентуем станоўчы і негатыўны вопыт з жыцця. Але галоўнае, на маю думку, – духоўна-маральнае выхаванне. Гэта аснова, стрыжань, да якога дадаецца ўсё астатняе.
Т.М. Драган: Ад педагогаў сёння сапраўды патрабуецца многае. І яны шмат працуюць у гэтым накірунку. У жыцці моладзь падсцерагаюць многія спакусы. І важна даць рабятам станоўчы вопыт – тое, што дапаможа дабру перавесіць на шалях іх жыцця.
Згодна з інфармацыяй упраўлення па наркакантролю, у Гродзенскай вобласці ў гэтым годзе знята з абароту больш за 26 кілаграмаў наркотыкаў, у іх ліку больш за 3 кілаграмы псіхатропных рэчываў. За 9 месяцаў выяўлена 632 злачынствы, якія звязаны з наркотыкамі, з іх – 226 з іх распаўсюджваннем. Зафіксаваны 32 выпадкі перадазіроўкі наркотыкамі, з іх 2 – з лятальным зыходам.
Спайс – адна з найбольш распаўсюджаных сінтэтычных курыльных сумесей, якія паступаюць у продаж у выглядзе травы з нанесеным хімічным рэчывам.
Дзеянне курыльных міксаў на арганізм у 5-10 разоў мацнейшае, чым раслінных прэпаратаў, якія ўтрымліваюць у сваім складзе наркатычныя рэчывы. Практычна адразу пасля іх ужывання наступаюць галюцынацыі.
“Незаконныя без мэты збыту выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне, перавозка ці перасылка наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў ці іх прэкурсораў і аналагаў – караецца абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў ці пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў.” (Артыкул 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.)


