В Островце чествовали выпускников, победителей и призёров предметных олимпиад и педагогов
У сераду ў кінаканцэртнай зале “Астравец” адбыўся форум адоранай і таленавітай моладзі раёна, падчас якога прэміі раённага выканаўчага камітэта былі ўручаны выпускнікам, якія закончылі сярэднюю школу з залатымі і сярэбранымі медалямі, а таксама пераможцам і прызёрам абласных і рэспубліканскіх прадметных алімпіяд і настаўнікам, што дапамаглі сваім вучням дасягнуць такіх высокіх вынікаў.
…Традыцыі моцныя сваім працягам і развіццём. Вось і штогадовая сустрэча кіраўніцтва раёна з “залатой моладдзю” Астравеччыны паступова трансфармавалася ў форум адоранай і таленавітай моладзі.
Але нязменнай застаецца сутнасць гэтага мерапрыемства: жаданне кіраўніцтва раёна адзначыць і павіншаваць лепшых з лепшых вучняў і іх настаўнікаў, якія сваімі дасягненнямі ўжо сёння праслаўляюць родны раён, – і верыцца, што гэта толькі пачатак. А яшчэ – тое, што пры сваёй неверагоднай занятасці старшыня раённага выканаўчага камітэта, а зараз яшчэ і член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Адам Дзмітрыевіч Кавалька знаходзіць час і магчымасць асабіста сказаць “Дзякуй” і ўручыць узнагароды лепшым вучням раёна.
Адметнасцю сёлетняга форума можна лічыць тое, што ў гэтым прыгожым і ўрачыстым мерапрыемстве прыняў удзел яшчэ і памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці Уладзімір Віктаравіч Даманеўскі.
…На працягу адзінаццаці гадоў вучобы ў школе атрымліваць толькі выдатныя адзнакі – як гаварыў герой аднаго папулярнага фільма, праўда, з іншай нагоды: “Не скажу што гэта подзвіг – але нешта гераічнае ў гэтым, безумоўна, ёсць”. І менавіта такі подзвіг здзейснілі дзесяць выпускнікоў раёна: Анастасія Ляховіч з Міхалішкаўскай СШ, Карына Кармаза з Рымдзюнскай СШ з беларускай мовай навучання, Марта Блашкевіч, Вольга Калтан і Ксенія Масейка з Варнянскага НПК, Антон Снегур і Сяргей Тухта з СШ №1, Анжаліка Мундуць і Вікторыя Алексеявец з Гервяцкай СШ, Эвеліна Кушнір з Кямелішкаўскага НПК. Кожнаму з “залатых” і “сярэбраных” выпускнікоў Адам Дзмітрыевіч Кавалька асабіста ўручыў спецыяльна зроблены для гэтай знамянальнай у жыцці кожнага з іх падзеі памятны знак, а ў дадатак – прэмію раённага выканаўчага камітэта, для кожнага знайшоў некалькі цёплых слоў. І ўзгадаў свае школьныя гады – напэўна, яны застаюцца ў памяці кожнага чалавека незалежна ад таго, колькі гадоў мінула з таго часу. Адам Дзмітрыевіч павіншаваў выпускнікоў з заканчэннем школы, падзякаваў маладым людзям і іх настаўнікам за тое, што яны праслаўляюць родны раён, – і пажадаў, каб і пасля набыцця прафесіі сённяшнія “героі дня” вярталіся на радзіму – тут іх чакае шмат цікавай і творчай работы.
– А яшчэ я хачу пажадаць, каб, дзе б вы ні былі, куды б вас ні закінуў лёс, вы ганарыліся сваёй радзімай – нашай Астравеччынай, – пажадаў Адам Дзмітрыевіч.
Прэміі раённага выканаўчага камітэта атрымалі таксама вучні, якія ў мінулым навучальным годзе сталі пераможцамі, прызёрамі і дыпламантамі рэспубліканскіх і абласных прадметных алімпіяд: Маргарыта Шаўчэнка, Вікторыя Фёдарава і Лізавета Клімчэня з СШ №1, Вераніка Анімуцкая, Ангеліна Пятровіч і Аляксей Казлоўскі з гімназіі №1, Аляксандра Папкова з Падольскага НПК. А таксама – іх настаўнікі: Тарэса Рамуальдаўна Рудзінская, Таццяна Вадзімаўна Берняковіч, Таццяна Анатольеўна Круглікава, Леанід Віктаравіч Казак, Наталля Валер’еўна Філіпава, Ніна Рыгораўна Свіла, Тамара Іосіфаўна Качкан, Людміла Чаславаўна Корвель.
Гэты дзень запомніцца “залатой моладзі” Астравеччыны яшчэ і тым, што павіншаваць іх прыехаў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці Уладзімір Віктаравіч Даманеўскі – далёка не кожны выпускнік краіны можа пахваліцца, што наказ на парозе дарослага жыцця яму даваў кіраўнік такога рангу. Уладзімір Віктаравіч нагадаў аб тым, што сёння робіць дзяржава для падтрымкі дзяцей і моладзі, развіцця талентаў – і таксама выказаў спадзяванне, што сённяшнія выпускнікі знойдуць прымяненне сваім ведам і здольнасцям на роднай зямлі.
Словы ўдзячнасці бацькам, настаўнікам, раённай уладзе выказала ў сваім эмацыянальным выступленні выпускніца Варнянскай школы Марта Блашкевіч. А адна з пераможцаў абласнога конкурсу “Настаўнік года”, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Тамара Іосіфаўна Качкан, якая да таго ж падрыхтавала прызёра абласной прадметнай алімпіяды Аляксандру Папкову, нагадала, што толькі ў супрацоўніцтве двуадзінага тандэма “вучань-настаўнік” можа нарадзіцца поспех. Тамара Іосіфаўна выказала падзяку старшыні раённага выканаўчага камітэта і калектыву ад дзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама – за дапамогу і падтрымку, за годную ацэнку іх дасягненняў, за тое, што вучні ў гэты дзень адчулі сваю значнасць і запатрабаванасць, а настаўнікі – яшчэ і гонар за сваю прафесію.
Словы падзякі ў гэты дзень прагучалі і з вуснаў бацькоў стаўшых раптам такімі дарослымі дзяцей – іх выказала Ірына Сяргееўна Алексеявец.
…А затым загучаў развітальны вальс – і закружыліся ў танцы сарамлівыя юнакі і гнуткія дзяўчынкі. Ён стаў фінальнай кропкай раённага форуму адоранай і таленавітай моладзі – і адначасова даў старт школьным выпускным вечарам, якія ў сераду і чацвер прайшлі ва ўсіх школах раёна.
Шчаслівай вам дарогі, выпускнікі!
---------------------
Ніна РЫБІК.
Фота А. МАЛЬШЭЎСКАГА.
