Віншуем пераможцаў і прызёраў абласных алімпіяд!

На працягу месяца 25 юных алімпіёнікаў з нашага раёна ўдзельнічалі ў абласным этапе рэспубліканскіх алімпіяд па 16 агульнаадукацыйных прадметах.


– Сёлетнія алімпіядныя заданні ў параўнанні з мінулагоднімі былі больш складанымі. Таму многія нашыя надзеі не збыліся, – расказвае намеснік начальніка аддзела адукацыі Н.В. Баніцэвіч. – І ўсё ж ганарыцца ёсць чым. Нашы таленавітыя дзеці заваявалі шэсць дыпломаў і атрымалі дзве граматы.
Вучаніца гімназіі №1 Аксана Аўгуль, якая выступала на алімпіядзе па рускай мове і літаратуры, вярнулася з Гродна з дыпломам ІІ ступені.
Дзесяцікласнік гэтай жа ўстановы Уладзіслаў Міхно паўтарыў мінулагодні трыумф і зноў заваяваў дыплом І ступені па хіміі. Дыплом па хіміі ІІ ступені прывёз з Гродна гімназіст Канстанцін Лябецкі.
З узнагародай вярнулася з алімпіяды па гісторыі і дзесяцікласніца Гервяцкай СШ Юлія Сцефановіч – яна была ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені.
Прызавое месца прынёс нашаму раёну дзевяцікласнік з Падольскага НПК Іван Капуста. У яго – дыплом ІІІ ступені па геаграфіі.
Яшчэ адно прызавое месца паклала ў скарбонку нашага раёна гімназістка Мілана Шаўліс. Дзяўчына атрымала дыплом ІІІ ступені па матэматыцы.
Прывезла з абласной алімпіяды ўзнагароду і адзінаццацікласніца гімназіі №1 Алёна Андралойць – дзяўчына атрымала грамату за вуснае выказванне. На жаль, Алёне не хапіла 0,02 працэнта, каб атрымаць дыплом ІІІ ступені. Дзесяцікласніца Варнянскага НПК Дар’я Багдановіч таксама была ўзнагароджана граматай за водгук на мастацкі твор. Абедзве дзяўчыны ўдзельнічалі ў алімпіядзе па беларускай мове.
З панядзелка нашы “хімікі” Уладзіслаў Міхно і Канстанцін Лябецкі знаходзяцца на абласных зборах па падрыхтоўцы да рэспубліканскай алімпіяды. З наступнага тыдня да іх далучыцца Аксана Аўгуль, якая будзе рыхтавацца да рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове.
Віншуем пераможцаў і прызёраў абласной алімпіяды, а таксама іх настаўнікаў Марыю Антонаўну Блізнік, Віталія Тадэвушавіча Стаціну, Івана Пятровіча Харытончыка, Іосіфа Іосіфавіча Шылько, Галіну Мікалаеўну Ражко, Ганну Валер’еўну Лапшэвіч і Ганну Мечыславаўну Пацэль.


Алена ЯРАШЭВІЧ.