В милиционеры я пойду...
Гісторыя прававога класа, які ў верасні мінулага года быў адкрыты ў Гудагайскай школе, невялікая – нам усяго пяць месяцаў. Нам, таму што я – адзін з навучэнцаў гэтага класа. Але за гэты час мы даведаліся многага новага і сталі зусім іншымі – больш адказнымі і дарослымі.Акрамя прававых урокаў, заняткаў па страявой падрыхтоўцы, якія з намі праводзяць супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў, мы шмат падарожнічаем з нашымі старэйшымі калегамі: наведваем гістарычныя мясціны роднай краіны, сустракаемся з навучэнцамі такіх жа прававых класаў, якія створаны ў розных гарадах і вёсках Беларусі, дзелімся з імі ведамі, сваім невялікім вопытам і самі набываем яго.
А зусім нядаўна мы сталі ўдзельнікамі Дня адкрытых дзвярэй, які прайшоў у галоўнай установе ўсіх міліцыянераў – Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў.
На сустрэчу з супрацоўнікамі і курсантамі Акадэміі мы паехалі з настаўнікамі і супрацоўнікамі раённага аддзела ўнутраных спраў. Далучыліся да нас і старшакласнікі нашай школы, якія вучацца ў ваенна-патрыятычным, або, як мы яго называем, пагранічным класе, але цікавяцца прафесіяй міліцыянера.
Экскурсія па Акадэміі стала для нас цікавым, незабыўным мерапрыемствам, падчас якога мы даведаліся, як паступіць у гэтую і іншыя навучальныя ўстановы дадзенага профілю, якія спецыяльнасці тут можна атрымаць, як вучацца і праводзяць час будучыя міліцыянеры.
Канешне, не ўсе звяжуць жыццё са службай у аддзеле ўнутраных спраў, але час вызначыцца яшчэ ёсць. І, магчыма, вучоба ў прававым класе, а таксама заняткі з міліцыянерамі дапамогуць многім з нас выбраць будучую прафесію.
-----------------------------------------------
Дзмітрый ЯРАШЭВІЧ, вучань прававога класа Гудагайскай СШ.
