В Международный день поэзии Станислав Курило побывал в гостях у воспитанников социального приюта
Ва ўсім свеце 21 сакавіка адзначаецца Міжнародны дзень паэзіі. Чулыя і кранальныя паэтычныя творы спрыяюць сардэчнай цеплыні і душэўнай гармоніі, дапамагаюць дакрануцца да іншага вымярэння – свету вобразаў. Менавіта ў гэты дзень выхаванцам дзіцячага сацыяльнага прытулку дапамог дакрануцца да такой прыгажосці мясцовы паэт Станіслаў Антонавіч Курыла.
У цэлым свеце, напэўна, складана адшукаць чалавека, які б ніводнага разу за сваё жыццё не сутыкаўся з вершаванымі радкамі. Пры дапамозе іх мы віншуем родных і блізкіх са святамі і важнымі падзеямі ў жыцці. Менавіта яны адкрываюць нам дзверы ў свет таленавітых людзей. А хто стварае гэтыя скарбы? Безумоўна, майстры паэтычнага слова, якімі багатая наша Астравеччына.
Станіслава Курылу, які ў гэты вясенні дзень завітаў у прытулак, ведаюць, напэўна, не толькі варнянцы.
Падчас сустрэчы ў зале панавала цудоўная атмасфера. Паэт чытаў свае вершы, расказваў пра дзяцінства, а дзеткі з непрыхаваным захапленнем слухалі яго. Выхаванцы прытулка даведаліся пра творчы шлях паэта, зманлівае натхненне і любімыя тэматыкі аўтара.
Напрыканцы сустрэчы дзеці павіншавалі Станіслава Антонавіча з Міжнародным днём паэзіі і пажадалі яму творчых поспехаў і новых сустрэч.
-----------------------------------------
А. СІДАРЭНКА, выхавацель дзіцячага сацыяльнага прытулку.
