В медицину Анну Семашко привела... литература
Варонскі фельчарска-акушэрскі пункт патанае ў кветках. Акуратныя клумбы сарамліва падступаюць да самага будынка, а ў ім ружовымі аблокамі цвіце герань. Заходзіш у памяшканне – і толькі спецыфічны пах лекаў нагадвае пра тое, што трапляеш у медыцынскую ўстанову.Загадчыца ФАПа Ганна Тадэвушаўна Сямашка прымае пацыентаў пасля вяртання з дзіцячага садка, дзе жанчына на чвэрць стаўкі працуе медыцынскай сястрой.
– Можа, заўтра ўжо не трэба прыходзіць? – пытаецца ў сельскай “дакторкі” жанчына, якая прыйшла на працэдуры.
– Абавязкова, Пятроўна, абавязкова прыходзіць. Заўтра раніцай буду вас чакаць, – адказвае Ганна Тадэвушаўна.
…На працягу трыццаці двух гадоў яна прымае людзей з Вароны і бліжэйшых вёсак. Сёння “дакторка” (так любоўна называюць загадчыцу ФАПа людзі старэйшага пакалення) стала для іх амаль сямейным урачом, да якога імчаць, як толькі “заколе ў баку” або “падскочыць ціск”.
…Ганна Тадэвушаўна перабірае ў думках пацеркі-успаміны. Ці магла яна, вясковая дзяўчынка з Ваўкавыскага раёна, падумаць, што некалі апынецца за дзясяткі кіламетраў ад дому? Ці магла ўявіць, што, ступіўшы на дарогу служэння людзям, будзе літаральна дняваць і начаваць на працы? Ці магла ведаць, што знойдзе тут, у Астравецкім раёне, сваё каханне і шчасце?
У медыцыну Ганна Тадэвушаўна прыйшла дзякуючы… літаратуры. Яшчэ ў старэйшых класах дзяўчына зачытвалася аповесцямі і раманамі пра сельскую інтэлігенцыю. Ёй здавалася, што людзі, характары і лёсы якіх намаляваны на паперы, жывуць побач. Ганна “глытала” кнігу за кнігай. Яе настаўніца беларускай мовы і літаратуры была ўпэўнена, што дзяўчына стане педагогам.
Аднак “Сэрца на далоні” Івана Шамякіна адкрыла для Ганны новы свет. І з той пары дзяўчына стала больш пільна прыглядацца да людзей у белых халатах – тым больш што па суседству жылі амаль адны медыкі.
– Наша Вярэйкаўская амбулаторыя мне здавалася незвычайнай і нават магічнай. Белыя халаты і пах лекаў вабілі і прыцягвалі. Магчыма, гэта рамантычнае светаўспрыняцце і вырашыла мой далейшы лёс, – успамінае загадчыца Варонскага ФАПа. – Разам з сяброўкай пасля заканчэння 8 класаў мы падалі дакументы ў Слонімскае медыцынскае вучылішча. І, нягледзячы на вялікі конкурс, паступілі.
Здавалася б, менавіта тут павінен быў разляцецца на дробныя аскепкі ідэалізаваны вобраз медыка. На трэцім курсе пачалася практыка і адбылося першае судакрананне Ганны з болем і крывёю. Яна адкрыла для сябе таінства прыходу дзіцяці ў гэты свет. І чым больш даведвалася, што сабой уяўляе яе прафесія, тым больш знаходзіла пацвярджэнняў, што не памылілася з выбарам.
У спісе на размеркаванне дзяўчына была другой. А калі даведалася, што паедзе працаваць ў Астравецкі раён, расплакалася. Тады лічылася, што трапіць на працу ў Астравец, Ашмяны ці Смаргонь – горш за ўсё. На калідоры да ўчарашняй студэнткі падышоў Валянцін Ігнатавіч Тачоны і, як мог, супакоіў дзяўчыну: “Усё ў цябе будзе добра”… Гэтыя словы аказаліся прарочымі.
– Да таго я не ўяўляла, што такое фельчарска-акушэрскі пункт. Вучоба – вучобай, але практыка – гэта зусім іншая справа, – расказвае Ганна Тадэвушаўна. – Першы месяц працавала ў Падольцах, затым у Свіранках. У зону абслугоўвання ўваходзіла каля 250 чалавек. Спачатку было вельмі страшна. Страх апанаваў нават не з-за таго, што чагосьці не ведаю або не ўмею, а таму што ўся адказнасць ляжала на мне адной. Гэта зараз у любы час можна пракансультавацца з калегамі праз інтэрнэт, а тады ў Свіранках нават тэлефона не было. Каб не дапамога Марыі Леанідаўны Заянчкоўскай, Тамары Іванаўны Буйка, напэўна, выехала б з раёна. Дзякуй Богу, што на маім жыццёвым шляху заўсёды сустракаліся добрыя людзі.
– Я люблю людзей і сваю работу, – працягвае Ганна Тадэвушаўна. – Цяпер куды прасцей працаваць: усё
стэрыльнае і аднаразовае. Раней жа мы былі падначаленыя сельскаму Савету, дзе не заўсёды разумелі медыцынскія патрэбы. Але ўжо доўгі час працуем пад Астравецкай бальніцай, пагэтаму ніякіх праблем не ўзнікае.
Пасля таго, як Ганна выйшла замуж, яе перавялі ў Варону. Тут на працягу трыццаці двух гадоў жанчына верна служыць медыцыне і людзям. І яны адказваюць свайму фельчару даверам – сёлета Ганна Тадэвушаўна ў чарговы раз абрана дэпутатам раённага Савета дэпутатаў. Тут яна звіла сваё сямейнае гняздо. Тут нарадзіліа і выгадавала дваіх сыноў.
Жанчына ніколі не пашкадавала аб тым, што выбрала ў якасці сваёй справы жыцця менавіта медыцыну. Яшчэ ў тыя далёкія школьныя часы, калі яна чытала і перачытвала “Сэрца на далоні”, у душы расла ўпэўненасць, што гэта – яе жыццёвая дарога і што ўсё атрымаецца.
На працягу гэтых гадоў загадчыца Варонскага фельчарска-акушэрскага пункта раўняецца на шамякінаўскага хірурга, у якога была добрая душа, адкрытае сэрца і так патрэбная сёння людзям чалавечнасць. І не заўважыла, як і сама стала такой, несучы ў далонях людзям сваё адкрытае і шчырае сэрца.
-------------------------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.
