В летнем лагере гудогайские школьники не только отдыхали, но и работали
10 чэрвеня ў Гудагайскай сярэдняй школе адкрыўся лагер працы і адпачынку «Вясёлка». На працягу 18 дзён юнакі і дзяўчаты тут не толькі адпачывалі, але і працавалі.Сем колераў «Вясёлкі» – гэта сем асноўных накірункаў адпачынку і работы вучняў і іх педагогаў. Чырвоны колер, як вядома, колер працы – а дзеці ў летніку і сапраўды сабраліся працавітыя.
– Іх не трэба прымушаць, – расказвае кіраўнік фермерскай гаспадаркі «Світанак» Часлаў Станіслававіч Лабачэўскі. – З гудагайскімі школьнікамі і педагогамі я супрацоўнічаю не першы год. І ніколі не было нараканняў на іх працу.
Да абеду школьнікі праводзілі шматлікія працоўныя дэсанты – працавалі на тэрыторыі школы, палолі сад фермерскай гаспадаркі «Світанак», дапамагалі Астравецкаму лясгасу.
Аранжавы колер – колер дзяцінства – яркага і сонечнага, поўнага цеплыні і дабрыні. Менавіта такімі фарбамі і пачуццямі былі напоўнены выхаваўчыя мерапрыемствы, якімі занята другая палова дня школьнікаў.
Жоўты колер гудагайскай “Вясёлкі” абазначае еднасць усіх людзей на планеце: з задавальненнем школьнікі з «Вясёлкі» супрацоўнічалі з дзецьмі, што адпачывалі ў школьным летніку, праводзілі з імі агульныя акцыі і мерапрыемствы.
А на закрыццё летніка да школьнікаў наведаўся Аляксандр Якіменка.
Зялёны колер летніка сімвалізуе экалагічны накірунак. “Хто, як не мы, у адказе за чысціню наваколля!” – упэўнены вясёлкаўцы і іх педагогі-выхавальнікі Таццяна Станіславаўна Тарашкевіч, Таццяна Аляксандраўна Ярмаковіч, Марыя Валянцінаўна Баруўка і начальнік летніка Наталля Рыгораўна Малкова. І таму многія мерапрыемствы і акцыі былі прысвечаны экалагічнай тэматыцы.
А блакітны – колер нашай краіны. І школьнікі з задавальненнем наведалі Ашмянскі краязнаўчы музей, а потым адправіліся ў краіну забаў і казак “Дрымлэнд”.Не стаў выключэннем у дзейнасці дзяцей і педагогаў сіні колер, які сімвалізуе дабрачынны рух. Гудагайскія школьнікі даўно з’яўляюцца аднымі з самых актыўных валанцёраў – і таму падчас лагернай змены яны не раз праводзілі акцыі, накіраваныя супраць курэння, ужывання алкаголю і наркотыкаў.
– Фіялетавы, які псіхолагі вызначаюць, як колер успрыняцця будучыні, таксама заняў годнае месца падчас адпачынку юнакоў і дзяўчат, што адпачывалі і працавалі ў гудагайскай “Вясёлцы”, – расказвае дырэктар летніка Наталля Рыгораўна Малкова. – Толькі такія актыўныя, працавітыя, старанныя і творчыя дзеці могуць стаць надзейнай будучыняй нашай краіны. Я ўпэўнена, што дні, праведзеныя ў “Вясёлцы”, гэтыя дзеці ўспомняць яшчэ не раз .
----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
