В "Ласточке" школьники постигали азы армейской службы

Не паспелі школьнікі выдыхнуць “Ура! Канікулы!”, як на базе летніка “Ластаўка” адкрылася першая змена: на 9 дзён сюды прыехалі дзесяцікласнікі з усіх школ раёна, каб прайсці ваенна-палявыя зборы, прадугледжаныя праграмай прадмета “Дапрызыўная падрыхтоўка”.

У гэты ж час у “Ластаўцы” адкрыўся і летнік “Дазор”, у якім удасканаліць навыкі ваеннай падрыхтоўкі, адпачыць і аздаравіцца сабраліся 13 вучняў ваенна-патрыятычнага класа Гудагайскай сярэдняй школы.


6 юнакоў-дзесяцікласнікаў і 7 дзяўчат ехалі сюды спасцігаць азы армейскай службы – вучыцца маршыраваць, выконваць ваенныя каманды, хадзіць у нарады і займацца фізічнай падрыхтоўкай.

Разам са школьнікамі знаходзіліся ў “Дазоры” і іх настаўнікі: Таццяна Уладзіміраўна Грыва, Марыя Алегаўна Мальдзіс і Марына Аляксандраўна Арцукевіч.

– Выхавальніцай у падобным летніку я працую не першы раз, – расказвае намеснік начальніка летніка “Дазор” Марыя Алегаўна Мальдзіс. – Да таго ж тут адпачывалі і спасцігалі навыкі ваеннай службы нашы вучні, якіх мы ведаем па ўроках і выхаваўчых мерапрыемствах. Таму ніякіх цяжкасцей не ўзнікла.

Дзень гудагайскіх кадэтаў быў распісаны літаральна па хвілінах. І гэта былі не толькі мерапрыемствы, звязаныя з ваеннай падрыхтоўкай, – праходзілі ў “Дазоры” канцэрты, кіналекторыі, юнакі і дзяўчаты гулялі ў валейбол і футбол і нават удасканальвалі англійскую мову і разбіраліся ў міжасабовых адносінах.

– Час тут праходзіў хутка: пад’ём, зарадка, здача нарматываў, сустрэчы з пагранічнікамі, супрацоўнікамі мытні і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, паказальныя выступленні, – пералічваюць хлопцы і дзяўчаты.

– А самым запамінальным момантам стала наведванне Смаргонскай пагранічнай групы, дзе нашы школьнікі прынялі ўдзел у рытуале прыняцця дзяржаўнай прысягі ваеннаслужачымі тэрміновай службы, – дадае начальнік “Дазору” Таццяна Уладзіміраўна Грыва. – Нягледзячы на тое, што мае дзесяцікласнікі ўжо прымалі ўдзел у падобным мерапрыемстве, а зімой і самі, як кадэты, прысягалі на вернасць краіне, такія падзеі заўсёды застаюцца ў памяці.

Ваенная выпраўка юнакоў і дзяўчат, якія адпачывалі ў “Дазоры”, бачна з першага погляду. Як і тое, што тут ім сапраўды цікава.

– Канешне, такі адпачынак неабходна арганізоўваць, асабліва для тых вучняў, хто хоча падцягнуць сябе фізічна і збіраецца паступаць у ваенныя навучальныя ўстановы, – упэўнены дзесяцікласнік Юрый Васілевіч. – Адпачынак у “Дазоры” многім з нас прыйшоўся даспадобы.

Дзевяць дзён праляцелі хутка. Але веды і ўменні, набытыя ў “Ластаўцы”, яшчэ не раз спатрэбяцца ім у дарослым жыцці.


----------------------------

Алена ЯРАШЭВІЧ.