В "Ласточке" прошёл конкурс "Академия звёзд"
Весела і насычана прайшла другая змена ў летніку “Ластаўка”. Дзеці не толькі адпачылі, але і праявілі сябе ў розных іпастасях: спартсменаў і мастакоў, музыкантаў і артыстаў. Але асноўнай “фішкай” змены быў удзел у цікавай і незвычайнай конкурснай праграме “Акадэмія зорак”.Хто хоць аднойчы быў у летніку, ведае, што сумаваць там немагчыма. Кожны дзень у “Ластаўцы” праходзіў па-свойму асабліва, насычана і быў прысвечаны пэўнай тэматыцы: “Дзень бізнесу”, “Дзень смеху”, “Дзень пажаданняў”, “Іван Купала”, “Зоркі роднай Беларусі” і многія іншыя – дзеці з радасцю ўдзельнічалі ў мерапрыемствах і рыхтаваліся на наступнага, не менш цікавага дня.
Асаблівай папулярнасцю ў адпачываючых карысталася “Акадэмія зорак” – спецыяльны конкурс, у якім кожны мог прадэманстраваць свае таленты. А хто ж не хоча адчуць сябе сапраўднай зоркай? Пагэтаму ў кожным з чатырох атрадаў прадумвалі чарговае выступленне і старанна да яго рыхтаваліся. Тут было ўсё: песні, танцы, гумар, пастаноўкі – і непасрэдны дзіцячы артыстызм. Журы ж трэба было выбраць лепшы з чатырох атрадаў. Не абышлося і без інтрыгі – другі і чацвёрты атрады набралі аднолькавую колькасць балаў. Лёс пераможцы вызначалі выбары: дзеці з астатніх атрадаў аддавалі свой голас за тых, хто ім найбольш спадабаўся. У выніку пераможцам “Акадэміі зорак” стаў другі атрад пад назвай “Сусвет”.– Конкурс прайшоў цікава, – дзеліцца ўражаннямі старшы выхавацель змены і арганізатар “Акадэміі зорак” Павел Букель. – Дзеці ў літаральным сэнсе “гарэлі”, творча падыходзілі да кожнага нумара. Хтосьці спрабаваў свае сілы ўпершыню – магчыма, гэты дэбют адкрые для іх і выхад на сапраўдную сцэну.
На ўрачыстым закрыцці летніка адзначылі актывістаў змены – спонсарам узнагароджвання выступіла ПВГУП “ДзяткоБуд”. Дванаццаць актывістаў атрымалі сертыфікаты на 500 тысяч рублёў кожны на набыццё канцылярскіх тавараў у магазіне “Карандаш”.
-------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
