В Гудогайской школе состоялось торжественное посвящение в кадеты

Традыцыйнае мерапрыемства пасвячэння ў кадэты прайшло 23 лютага ў гудагайскай сярэдняй школе.


Першы кадэцкі клас на базе Гудагайскай школы быў адкрыты ў 2008 годзе. Пасля на нейкі час гэтая традыцыя была забыта. А зараз гэтая школа з’яўляецца своеасаблівай “кузняй” школьнікаў-пагранічнікаў і міліцыянераў: тут адкрыты два ваенна-патрыятычныя і адзін прававы класы.

У Дзень абаронцаў Айчыны і Узброенных Сіл Рэспублікі Беларусь трынаццаць вучняў дзясятага класа прысягнулі на вернасць Радзіме.

Прывітаць і павіншаваць рабят з такой важнай у іх жыцці падзеяй прыехалі госці: начальнік Смаргонскай пагранічнай групы Аляксандр Іванавіч Маркевіч, намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла, начальнік аддзела пагранічнай службы “Гудагай” Кірыл Уладзіміравіч Рагавы, кіраўнік  правамі Гудагайскага сельскага Савета Тарэса Леанардаўна Кляўда, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Астравецкага райвыканкама Наталля Уладзіміраўна Сянюць, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталля Вікенцьеўна Баніцэвіч, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Ірына Фёдараўна Раткевіч, першы сакратар раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Аксана Паўлаўна Лазарава, педагогі, бацькі, школьнікі.

– Год назад я прымаў удзел у такім жа мерапрыемстве – тады на вернасць Радзіме прысягалі сённяшнія адзінаццацікласнікі, – прывітаў школьнікаў начальнік Смаргонскай пагранічнай групы Аляксандр Іванавіч Маркевіч. – І сёння вельмі прыемна і радасна глядзець на рабят, якія сталі не толькі кадэтамі па форме, але і па службе: разам з гурткоўцамі “Юныя сябры пагранічнікаў” яны прымалі ўдзел у добраўпарадкаванні дзяржаўнай мяжы. І гэта толькі адзін з прыкладаў для пераймання для сённяшніх кадэтаў. Хаця і на іх рахунку ўжо шэраг цікавых і карысных спраў.

Яшчэ некалькі месяцаў назад вучні ваенна-патрыятычнага класа толькі назіралі, як праходзіць ваенная прысяга ў органах пагранічнай службы. А 23 лютага ім самім давялося даць клятву на вернасць Радзіме.

Урачыстае прыняцце прысягі займае ўсяго некалькі хвілін, але падчас іх у вялікай зале школы стаіць мёртвая цішыня – гучаць толькі словы клятвы, якія кожны кадэт прапускае праз сваю душу і сэрца, і ганаровае “Служу Рэспубліцы Беларусь!”.

Падчас мерапрыемства ў адрас новапрынятых кадэтаў гучаць цёплыя словы віншаванняў. Многія з гасцей прыйшлі на мерапрыемства з падарункамі. Так, начальнік ваеннай часці падарыў кадэтам копію Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №564 аб прысваенні імя “Астравецкая” першай пагранічнай заставе 15 пагранічнай групы органаў пагранічнай службы, які ўступіў у дзеянне 3 снежня 2014 года, і сувеніры з сімволікай Смаргонскай пагранічнай групы, а старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Ірына Фёдараўна Раткевіч уручыла класнаму кіраўніку дзесяцікласнікаў Таццяне Уладзіміраўне Грыва сертыфікат на экскурсійную паездку ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Павіншаваць гудагайскіх кадэтаў прыехаў і былы вучань школы Дзяніс Трусевіч – сёння юнак выконвае свой грамадзянскі абавязак у аддзеле пагранічнага кантролю “Каменны Лог”.

Не стрымлівалі слёз радасці за сваіх сыноў і дочак бацькі – хваляваліся, можа, больш, чым іх дзеці.

А яны, 13 юнакоў і дзяўчат, маладыя, прыгожыя і падцягнутыя, у строгай камуфляжнай форме, стараліся паходзіць на сапраўдных ваенных і абяцалі быць прыкладам для астатніх школьнікаў.


---------------------------------------------

Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.