В Гудогайской школе прошли соревнования среди учащихся начальных классов

Сапраўднае свята спорту і здароўя адбылося  ў Гудагайскай сярэдняй школе. Тут  прайшлі фінальныя спаборніцтвы па рухальных гульнях сярод вучняў пачатковых класаў школ раёна.


Падобныя мерапрыемствы ўжо сталі добрай традыцыяй. І нягледзячы на тое што праграма іх  насычаная, школьнікі з задавальненнем прымаюць у іх удзел.

Раённыя спаборніцтвы праходзілі ў два этапы. Спачатку мацнейшую каманду выбіралі па зонах. Так, школьнікі з  Гудагая сустракалі  каманды з гімназіі №1, СШ №1 і  Мальскага НПК – перамогу святкавала каманда Гудагайскай СШ.

Школьнікі з Рымдзюнскай школы з літоўскай мовай навучання, Гервяцкай школы і Варнянскага НПК «высвятлялі  адносіны» ў Варнянах – і тут перамогу атрымалі гаспадары.

Міхалішкаўскія «пачаткоўцы» сустракалі  школьнікаў  з Альхоўкі і Спондаў –  мацнейшымі аказаліся юныя спартсмены са Спондаўскага НПК.

Апошнія занальныя  спаборніцтвы прымаў Падольскі НПК. Тут сустрэліся  гаспадары і каманды Кямелішкаўскага і Рытанскага НПК – удача была на баку вучняў з Кямелішак.

А нядаўна пераможцы занальных спаборніцтваў: каманды пачатковых класаў Гудагайскай СШ, Варнянскага, Кямелішкаўскага і Спондаўскага НПК – сустрэліся ў Гудагайскай школе, каб высветліць, хто з іх самы спрытны і хуткі. Рабятам давялося прайсці праз 12 конкурсных заданняў.

Конкурс прывітанняў і эмблем, бег з эстафетнай палачкай, у абручы і з паскарэннем, скачкі на адной назе і ў мяшку, перадача мяча і кідкі баскетбольнага мяча ў кальцо,  конкурс капітанаў – стараліся ўсе. А вось пераможцу вызначалі  набраныя балы. Найбольшую іх колькасць набралі гаспадары – каманда Гудагайскай школы. Дарэчы, у мінулым годзе гэтая каманда ўжо станавілася пераможцам раённых спаборніцтваў. На другім месцы апынуліся юныя спартсмены з Варнянскага НПК. Усяго адзін бал раздзяліў школьнікаў з Кямелішкаўскага НПК і спондаўцаў. У выніку кямелішкаўцы – трэція, а чацвёртае месца дасталася спондаўскім «пачаткоўцам». Усе ўдзельнікі спаборніцтваў былі ўзнагароджаны дыпломамі аддзела адукацыі, спорту і турызму, медалямі і падарункамі.

Быў адзначаны і лепшы ігрок – ім стаў капітан каманды Варнянскага НПК Аляксей Мазура, які падцягнуўся на перакладзіне 20 разоў.

Свята спорту і здароўя атрымалася яркім і запамінальным. І ўсе яшчэ раз упэўніліся ў тым, што,  каб добра правесці час, трэба толькі сабрацца разам.


На здымку: каманда Гудагайскай СШ.