В Гродно прошла конференция по профилактике употребления и распространения наркотических и психотропных веществ среди несовершеннолетних
Міжведамасная навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная прафілактыцы ўжывання і распаўсюджвання наркатычных і псіхатропных рэчываў сярод непаўналетніх, прайшла ў Гродне.На базе СШ №38 сабраліся ўсе зацікаўленыя ў пытаннях прафілактыкі спецыялісты, каб падзяліцца вопытам і праблемамі і спланаваць сваю далейшую дзейнасць.
Удзел у мерапрыемстве прынялі і прадстаўнікі Астравеччыны – намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Алеся Казіміраўна Кашко, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Астравецкага райвыканкама Тэрэса Мар’янаўна Драган, намеснік галоўнага ўрача Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы Сяргей Барысавіч Радзько і класны кіраўнік Гудагайскай школы Ірына Мікалаеўна Жалток.
Адкрыла канферэнцыю намеснік начальніка Упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Галіна Уладзіміраўна Курганская, якая прааналізавала вынікі анкетавання па схільнасці да ўжывання псіхатропных рэчываў. І вынікі гэтыя прымушаюць задумацца…
У бліжэйшы час плануецца адкрыць у Гродзенскай вобласці спецыялізаваную ўстанову для тых, хто ўжывае наркатычныя і псіхатропныя рэчывы.
Падчас канферэнцыі была прааналізавана сітуацыя з выкарыстаннем наркатычных рэчываў. За апошнія пяць гадоў колькасць людзей, якія іх ужываюць, значна павялічылася. Калі ў 2013 годзе ў Гродзенскай вобласці было зафіксавана 334 новыя выпадкі ўжывання наркотыкаў, то ў 2014 годзе – ужо 1364 чалавекі сталі рабамі гэтай смяротна небяспечнай залежнасці, прычым больш за 82% з іх – гэта моладзь ва ўзросце да 25 гадоў. А 32% складаюць непаўналетнія, самаму малодшаму з якіх усяго 8 гадоў.
Сёння наркотыкі часта распаўсюджваюць з дапамогай інтэрнэту. І калі ў мінулым годзе ў Гродзенскай вобласці было выяўлена 7 такіх інтэрнэт-магазінаў, то за 10 месяцаў бягучага года – ужо 17.
– І тым не менш праблема застаецца, – сцвярджае намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама Алеся Казіміраўна Кашко. – Былі выяўлены выпадкі, калі наркотыкі раскладваліся ў патаемных месцах на тэрыторыі школ. Менавіта таму прадстаўнікі ўпраўлення ўнутраных спраў звярталіся за дапамогай да настаўнікаў. І ў бліжэйшы час на базе інстытута развіцця адукацыі запланавана правесці для педагогаў цыкл лекцый, якія дапамогуць выяўляць схільнасць у падлеткаў да ўжывання наркотыкаў і псіхатропных рэчываў.
Статыстыка сцвярджае, што 20% людзей ніколі не спрабавалі наркотыкі і не збіраюцца гэтага рабіць, столькі ж – ужывалі і будуць ужываць, а 60% – гэта пераходная катэгорыя людзей, якая пры спрыяльнай сітуацыі можа трапіць пад уздзеянне наркотыкаў ці псіхатропных рэчываў. І таму вельмі важна папярэдзіць непапраўнае.
На думку некаторых выступаючых, зрабіць гэта можна, калі працаваць і з дзецьмі, і з іх бацькамі.
Так, святар Павел Каспяровіч, кіраўнік Гродзенскай епархіі, упэўнены, што бацькоўскія сходы толькі тады прыносяць карысць, калі праводзяцца ў міні-групах.
– Агульнашкольныя бацькоўскія сходы, на якіх выступаюць і міліцыя, і ўрачы, і прадстаўнікі інспекцый па справах непаўналетніх, і іншыя – гэта добра, але працаваць трэба асобна, індывідуальна з кожнай групай, – упэўнены Павел Каспяровіч.
Пасля канферэнцыі ўсіх запрасілі на секцыі. Тут сваімі напрацоўкамі дзяліліся педагогі школ, якія непасрэдна працуюць з дзецьмі і іх бацькамі. Вопыт работы па фарміраванні сацыяльна адказных паводзін вучняў праз развіццё школьных аб’яднанняў дзяцей і дарослых прадставіла ў тым ліку і класны кіраўнік Гудагайскай СШ Ірына Мікалаеўна Жалток.
