В гостях у клуба "Активное долголетие" побывали активисты "Красного Креста"

Летам 2012 года па пратэкцыі ўсюдыіснай Тарэсы Мацвееўны Мароз мне выпала пабываць у Ольштыне на тыднёвым семінары-сустрэчы актывістаў Інстытута трэцяга ўзросту. На міжнародным, зазначым, семінары, у рабоце якога прынялі ўдзел прадстаўнікі Польшчы, Беларусі, Расіі, нават Малдовы і Украіны.

Што ж гэта за такі “трэці ўзрост”, што яму прысвечаны нават спецыяльны міжнародны інстытут?
Трэці ўзрост (не апошні – іх можа быць роўна столькі, колькі захоча сам чалавек!) пачынаецца пасля таго, як людзі выходзяць на заслужаны адпачынак. З моманту, калі яны ўпершыню ў жыцці застаюцца сам на сам з самімі сабой. І можна больш нікуды не спяшацца. Можна проста сесці і любавацца хараством прыроды. Пачытаць. Паглядзець любімы серыял. Паназіраць, як раскрывае росную пупышку любімая ружа. Можна падарожнічаць – і не важна, па іншаземных краінах ці па суседнім скверыку. Гатаваць складаныя, патрабуючыя часу, стравы. Прыдумаць казку ўнуку. Або нарэшце заняцца хатнімі праблемамі, якія не адзін год праляжалі ва ўмоўнай шуфлядзе з надпісам “неадкладна”.
Хаця можна (і гэта таксама часам здараецца з намі) засяродзіцца на наяўных (і прыдуманых) больках – і не любавацца, не чытаць, не падарожнічаць… Можна адчуваць сябе забытым і непатрэбным. Страціць сэнс жыцця і не жыць, а дажываць.
Інстытут трэцяга ўзросту – для тых, хто выбірае актыўнае жыццё. Для адкрытых насустрач новым ведам і новым уражанням. І якіх толькі факультэтаў не існуе ў гэтым інстытуце?!
Факультэт права. Тут у “студэнтаў” ёсць магчымасць здабыць веды пра тонкасці афармлення спадчыны, пра разгалінаванні сістэмы сацыяльнай дапамогі або, калі гэта ім цікава, пра асаблівасці заканадаўства, да прыкладу Каралеўства Вялікабрытанія…
Факультэт спорту і турызму – напалову прыкладны. Таму што тэарэтычныя веды тут актыўна падмацоўваюцца падарожжамі. Ольштынскія “трэццяўзроставікі”, да прыкладу, за гады сваёй дзейнасці аб’ездзілі паўсвету. Кошт паездкі часткова аплачваецца самімі “студэнтамі”, а часткова пакрываецца са сродкаў, атрыманых у выглядзе грантаў ад адпаведных еўрапейскіх фондаў.
У гэтага факультэта ёсць спецыяльнае адгалінаванне: “воднікі”. Самыя загартаваныя купаюцца нават у лядовых палонках, але асноўная частка “тусуецца” галоўным чынам у аквапарках. З гэтым відам “навучання” давялося пазнаёміцца ў Вільні. Пажылыя людзі купляюць абанемент адразу на год (на нашы грошы гэта крыху больш за 600 тысяч рублёў) і збіраюцца на свае практычныя заняткі раніцамі працоўных дзён – калі ў аквапарку наведвальнікаў няшмат. Прыходзяць за гадзіну да вызначанага часу, каб падзяліцца навінамі, паразмаўляць з аднадумцамі. Потым плаваюць у шматлікіх басейнах і басейнічках, расслабляюцца ў саўнах і парыльнях, масажуюцца ў джакузі, робяць зарадку разам з трэнерам…
Шмат навучэнцаў на факультэтах жывапісу, тэатральнага і фотамастацтва, народнай медыцыны, вязання, кулінарыі, іншаземных моваў… Але самы папулярны, безумоўна, камп’ютарны. На гэтым факультэце пажылыя людзі з непадробным інтарэсам знаёмяцца са скайпам, інтэрнэтам, фоташопам і г.д.
Сістэма дзеяння простая: прыходзь і запісвайся хоць на ўсе факультэты адначасова. Больш таго: з часам пажылыя студэнты, паспяхова закончыўшыя сваю альма-матар, самі становяцца выкладчыкамі і перадаюць здабытыя імі ў Інстытуце веды новым наведвальнікам.
У Беларусі Інстытут трэцяга ўзросту таксама дзейнічае, прычым ужо не першы год, у Брэсце, у Гродна, у некаторых іншых гарадах.
У Астраўцы яго няма. Але намаганнямі няўрымслівай і таленавітай жанчыны Дануты Францаўны Чарнушэвіч у нас не першы год дзейнічае клуб ветэранаў працы, у які аб’ядналіся тыя, каму не хочацца звужваць далягляды свайго жыцця выключна да трывожных падлікаў “у якім баку і колькі разоў кольнула”.
У прынцыпе жыццядзейнасць клуба рухаецца па тых самых рэйках, па якіх “чухкае” электравоз міжнароднага Інстытута: на сустрэчы з астравецкімі ветэранамі прыходзяць урачы і паэты, самадзейныя мастакі і юрысты, траўнікі і кулінары…
Напэўна, перарасці ў рэгіянальнае аддзяленне Інстытута астравецкаму клубу было б не так і складана, але ў яго няма свайго памяшкання. І для таго, каб правесці чарговае спатканне, ветэраны працы просяцца ў чытальную залу раённай бібліятэкі. Інтэлігентныя бібліятэкары з разуменнем і спагадай ставяцца да іх дзейнасці, але ў гасцях, як вядома, добра, ды дома лепш – у сваім памяшканні ветэраны змаглі б наладзіць зусім іншы ўзровень дзейнасці.
На чарговае пасяджэнне клуба да ветэранаў працы завіталі актывісты “Чырвонага Крыжа” – старшыня раённага аддзялення Вольга Руднік і яе калега з вобласці, каардынатар праекта дапамогі найбольш сацыяльна ўразлівым слаям насельніцтва Інэса Ларыёнава.
Прадстаўнікі “Чырвонага Крыжа” расказалі аб дзейнасці свайго аб’яднання, а члены клуба падзяліліся ўражаннямі ад перажытага разам: адны расказвалі пра сумеснае падарожжа, другія хваліліся персанальнымі выставамі, якія прайшлі ў сценах усё той жа чытальнай залы бібліятэкі, трэція ўзгадвалі пра сустрэчы з прадстаўнікамі медыцыны або пісьменнікамі…
І ўсе яны паўтаралі прыблізна адно: як добра, што існуе такі клуб, дзе можна проста сабрацца за кубкам гарбаты, паслухаць навіны іншых і расказаць свае, падзяліцца рэцэптамі страў і сакрэтамі складанага ажурнага вязання, размяць костачкі падчас фізкультурнай “паўзы”, якую праводзіць Галіна Архіпаўна Вайцяхоўская, і палюбавацца вырабамі Ніны Іосіфаўна Мілаш або Святланы Іванаўны Мешкіс. І заканчвалі свае кароткія прамовы ўсе таксама аднолькава: “Дзякуй вялікі Дануце Францаўне Чарнушэвіч за тое, што нас аб’яднала!”
…Пра адпачынак у астравецкім аквапарку члены клуба могуць хіба што памарыць – прынамсі, пакуль. А вось пакой для правядзення пасяджэнняў або сустрэч з цікавымі людзьмі (няхай сабе толькі адзін дзень на тыдзень) – задача, якая адносіцца да вырашальных.



Карысныя парады

Людзям пачэснага ўзросту мудрацы раяць:


Выкінь са свайго жыцця непатрэбныя лічбы: рост, узрост і вагу. Няхай імі цікавяцца нашы дактары – за гэта яны атрымліваюць грошы.
Ніколі не пераставай вучыцца. Лянівы розум – здабытак д’ябла. А імя д’ябла – Альцгеймер.
Смейся – шмат, гучна, узахлёб. Калі трэба паплакаць – паплач, а потым зноў смейся.
Не жыві з пачуццём віны – не варта.
Адзіная асоба, якая не пакідае нас усё жыццё, – мы самі. Дык жыві і радуйся, што жывеш.
Абапірайся ў жыцці на тое, што любіш: кветкі, агарод, хатнюю жывёлу, музыку, нейкія блізкія твайму сэрцу прадметы. Твой дом – твая крэпасць, не забывайся пра гэта.
А галоўнае, памятай: жыццё вымяраецца не колькасцю ўдыхаў, якія ты змог зрабіць, а колькасцю момантаў, ад якіх у цябе перахапіла дух.


----------------------------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.