В гимназии №1 прошёл областной семинар по профориентации школьников

14-271Некалькі гадоў назад вучні і настаўнікі гімназіі №1 сталі ўдзельнікамі інавацыйнага праекта па тэме «Прафесійныя спробы як сродак прафесійнага самавызначэння вучняў». Над распрацоўкай тэмы тады працавалі многія – і, як сведчыць статыстыка, вынікі атрымаліся нядрэнныя. Менавіта таму праз нейкі час на базе гімназіі быў адкрыты абласны рэсурсны цэнтр па самавызначэнні вучняў у прафесіі. А на мінулым тыдні тут прайшоў абласны семінар спецыялістаў і метадыстаў аддзелаў адукацыі, якія ў сваіх раёнах курыруюць прафарыентацыйную работу са школьнікамі.

Падчас мерапрыемства госці раёна не толькі пазнаёміліся з новым будынкам гімназіі, але і атрымалі шмат інфармацыі, якую цяпер змогуць выкарыстоўваць у школах сваіх раёнаў.
Пачатак семінара паклала выступленне дырэктара гімназіі №1 Алены Чаславаўны Севасцьян, якая расказала, як працуюць у астравецкай гімназіі па прафесійнай арыентацыі школьнікаў. А потым тэарэтычныя звесткі пацвердзіла практыкай.
Да размовы далучылася і псіхолаг гімназіі №1 Вольга Юр’еўна Касцюкевіч, якая расказала пра самыя дзейсныя методыкі дыягностыкі прафесіянальных здольнасцей школьнікаў і падзялілася з педагогамі сваімі распрацоўкамі.
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вольга Тадэвушаўна Лябецкая са сваімі старшакласнікамі прадставілі творчае выступленне, у якім паказалі, як яны працавалі па сістэме прафесійных спроб, дзякуючы чаму старшакласнікі не толькі выбралі будучую прафесію, але і сцвердзіліся ў сваім выбары, бо тэарэтычныя пазнанні аб прафесіях былі правераны на практыцы ў розных арганізацыях і на прадпрыемствах Астравеччыны.
На ролевую гульню ў кабінет адваката запрасіла ўсіх настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Ніна Тадэвушаўна Мажэйка. Школьнікі прайгралі перад гасцямі візіт да адваката, дзе вучыліся складаць шлюбны дагавор, – думаецца, такія пазнанні таксама не будуць лішнімі ў іх жыцці.
А настаўніца рускай мовы і літаратуры Марыя Антонаўна Блізнік са сваімі дзевяцікласнікамі падчас майстар-класа працавалі над іміджам сучаснага настаўніка. Юнакі і дзяўчаты складалі вобраз педагога, пры гэтым улічвалі не толькі яго пазнанні па прадмеце, але і мову настаўніка, яго паводзіны, уменне апранацца.
Спецыялісты і метадысты з вобласці прынялі ўдзел у майстар-класе «Прафесійныя спробы як сродак і метад прафесійнага самавызначэння», які правяла дырэктар гімназіі №1 Алена Чаславаўна Севасцьян.
– Педагогі гімназіі сабралі вялікую колькасць матэрыялаў па прафесійным самавызначэнні вучняў, прычым гэтыя тэарэтычныя звесткі правераны не толькі на практыцы, але і часам, – расказвае намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Алеся Казіміраўна Кашко. – Дзякуючы гэтаму праекту многія школьнікі за некалькі гадоў да заканчэння школы ўжо ведаюць, кім хочуць стаць, і актыўна працуюць, рыхтуючыся да будучай прафесіі. І вельмі добра, што ўсімі напрацоўкамі настаўнікаў гімназіі №1 сёння могуць карыстацца педагогі не толькі нашага раёна, але і іншых рэгіёнаў краіны.
Напрыканцы семінара госці гімназіі наведалі адну з жамчужын нашага раёна – Гервяцкі касцёл святой Тройцы – і былі ўражаны яго прыгажосцю і велічнасцю.