Услуги почтовой связи по-прежнему востребованы

Каму з нас не даводзілася карыстацца паслугамі пошты? Афармленне падпіскі на газеты і часопісы, адпраўка пісьмаў, атрыманне пенсіі… З гэтымі і многімі іншымі патрэбамі мы адпраўляемся ў прыгожы будынак на вуліцы Ленінскай.

Напярэдадні прафесійнага свята ўсіх паштовых работнікаў мы завіталі ў Астравецкі раённы вузел паштовай сувязі, каб бліжэй пазнаёміцца з гэтым прадпрыемствам і паслугамі, якое яно аказвае.


Часы, калі асноўнай і бадай што адзінай задачай пошты з’яўлялася дастаўка пісем і газет, мінулі. Сёння тут не толькі прымаюць, апрацоўваюць, перавозяць, дастаўляюць паштовыя адпраўленні, газеты і часопісы, але аказваюць і шэраг іншых паслуг. Напрыклад, напярэдадні Новага года папулярнасцю сярод жыхароў раёна карыстаецца віншаванне ад Дзеда Мароза. Штомесяц, асабліва ў апошнія дні аплаты камунальных паслуг, паштовыя аддзяленні напаўняюцца жадаючымі зрабіць гэта ў тэрмін.

Калі б нашым дзядулям і бабулям гадоў дваццаць назад сказалі, што на пошце можна будзе купіць прадукты харчавання, прамысловыя тавары і нават заказаць бытавую тэхніку, яны наўрад ці паверылі б. Сёння ж рэалізацыя тавараў народнага карыстання стала нормай для паштовых аддзяленняў – і гэтыя паслугі карыстаюцца попытам у насельніцтва.

А каб прылаўкі поўніліся таварам – профільным і непрофільным – клапоціцца дбайная гаспадыня, Людміла Уладзіміраўна Іваненка, арганізатар рознічнага гандлю. За 18 гадоў, што жанчына звязана з раённым вузлом паштовай сувязі, яна ўжо вывучыла пажаданні і патрабаванні сваіх кліентаў, а таксама – дзе і які тавар заказаць, куды што разаслаць і каму што падвезці. І на пошту яна ідзе, як у свой дом, – інакш нельга, упэўнена жанчына.





Хоць асноўнае прызначэнне пошты застаецца ранейшым: падпіска на газеты і часопісы і дастаўка паштовых адпраўленняў. Сёння інтэрнэт дайшоў у самыя аддаленныя вёсачкі – і многія аддаюць перавагу электронным версіям газет і часопісаў. Ды толькі большая частка насельніцтва ўсё ж выбірае друкаваныя перыядычныя выданні, якія пахнуць свежай фарбай і якія можна пакінуць у сямейным архіве – на доўгую памяць сабе і нашчадкам.

Штодзень на Астравецкую пошту паступае і затым дастаўляецца насельніцтву 6430 экзэмпляраў газет і часопісаў. Акрамя паштальёнаў, насельніцтва абслугоўваюць і вадзіцелі-паштальёны, якія дастаўляюць пошту і паштовыя тавары, а таксама тавары паўсядзённага попыту на аўтамашыне. Прычым з гэтых вадзіцеляў-паштальёнаў дзве жанчыны: піянер гэтай справы Тэрэса Сігізмундаўна Керна і Ірына Мар'янаўна Малышка, якая нядаўна далучылася да ліку «мабільных паштальёнаў».

Ірына Мар'янаўна ў раённым вузле паштовай сувязі працуе нядаўна – з 2011 года. А сёлета яна перасела на аўтамабіль: развозіць пошту і тавары народнага выкарыстання па горадзе і бліжэйшых вёсках.

У апошні час распаўсюджванне атрымалі і перасоўныя аддзяленні сувязі. Практыка так званай “мабільнай пошты” з’явілася даўно. У нашым раёне перасоўнае аддзяленне абслугоўвае аддаленыя населеныя пункты раёна – Спонды, Страчу, Страчанку і бліжэйшыя ад іх вёскі.





У спецыяльна абсталяванай машыне можна аплаціць камунальныя плацяжы, адправіць грашовы электронны перавод, пісьмо, пасылку, аформіць падпіску на друкаваныя выданні, папоўніць рахунак мабільнага тэлефона, набыць неабходныя тавары.

Дарэчы, пошта засталася амаль адзіным месцам, дзе камунальныя плацяжы можна аплаціць “ужывую”, што вельмі часта стварае чэргі і, адпаведна, скаргі: яшчэ далёка не ўсе ў нас навучыліся карыстацца інфакіёскамі. Каб вырашыць праблемы чэргаў, паштавікі ўстанавілі плацёжна-даведачныя тэрміналы і вучаць карыстацца імі ўсіх жадаючых.





У Астраўцы ўжо ўстаноўлены чатыры такія тэрміналы. І калі напачатку насельніцтва з недаверам ставілася да гэтых “жалезных скрынак”, то сёння не толькі моладзь, але і сталыя людзі аддаюць перавагу тэрміналам, якія прымаюць банкаўскія карткі і наяўныя грошы. Прычым усе плацяжы тут афармляюцца без камісіі. А кансультант або работнік пошты заўсёды акажа дапамогу тым, у каго ўзніклі цяжкасці, – падкажа, як правільна карыстацца плацёжна-даведачным тэрміналам.

У час імклівага развіцця камунікацыі звычайнае пісьмо ў канверце не губляе сваёй значнасці. І калі грамадзяне сёння не вельмі часта пішуць пісьмы ці адпраўляюць паштоўкі, то працэнт дзелавой перапіскі павышаецца з дня ў дзень. Менавіта таму ў раённым вузле паштовай сувязі быў адкрыты сектар па абслугоўванні карпаратыўных кліентаў, аператарам якога з’яўляецца Наталля Леанідаўна Стэх. Адкрыццё гэтага сектара – вялікі плюс для работнікаў арганізацый і прадпрыемстваў, якім не трэба стаяць у чарзе, каб адправіць пісьмо, бандэроль ці пасылку. Карыстацца паслугамі так званай “бізнес-пошты” могуць юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі. Прыём і апрацоўка паштовых адпраўленняў, рэалізацыя канвертаў, паштовак, марак, бланкаў строгай справаздачнасці, паслугі па раздрукоўцы і рассылцы інфармацыі, атрыманай ад заказчыка ў электронным выглядзе, афармленне падпіскі на друкаваныя СМІ і шэраг іншых паслуг тут могуць атрымаць карпаратыўныя кліенты.

– Каб зрабіць абслугоўванне кліентаў больш камфортным, “Белпошта” ўкараніла новую паслугу – “Паштовы кур’ер”, – расказвае намеснік начальніка Астравецкага раённага вузла паштовай  сувязі Люцыя Станіславаўна Макарэвіч. – Па жаданні кліента штодзень ці раз на тыдзень паштовы кур’ер прыедзе ў офіс і забярэ карэспандэнцыю для адпраўкі.

Словам, нягледзячы ні на якія перыпетыі, часы і кан’юнктуру рынку, раённы вузел паштовай сувязі застаецца жыццяздольным і дынамічна развіваецца, прапаноўваючы сваім кліентам новыя паслугі і захоўваючы іх высокую якасць.


--------------------------

Алена ЯРАШЭВІЧ.

Фота Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.