Укрепить веру в Деда Мороза помогли ребятам из приюта организации Островецкого района и просто добрые люди

Больш за ўсё пад Новы год чараўніцтва і ажыццяўлення сваіх мар і жаданняў чакаюць дзеці. Дапамагчы здзейсніцца маарам 15 дзяцей, якія знаходзяцца ў Варнянскім сацыяльным прытулку, вырашылі дарослыя людзі.

Некалькі тыдняў назад (11 снежня 2013г., №97) на старонках раённай газеты былі надрукаваны пісьмы Дзеду Марозу, у якіх дзеці з прытулку прасілі чароўнага дзеда здзейсніць іх мары і жаданні. Просьбы былі рознымі: нехта прасіў кнігу ці набор для вышывання, іншыя – мабільны тэлефон ці зімовыя чаравікі.
Ужо не першы год рэдакцыя раённай газеты сумесна з Беларускім дзіцячым фондам і раённай арганізацыяй “Беларускі саюз жанчын” аб’яўляе акцыю “Ёлка жаданняў”, спадзеючыся, што знойдуцца добрыя людзі, якія дапамогуць ажыццявіць жаданні дзяцей.
І да нашай радасці, як і ўсіх рабят з дзіцячага сацыяльнага прытулку, сёння можна сказаць, што ўсе іх жаданні – прынамсі, тыя, пра якія яны пісалі ў сваіх пісьмах, – збыліся.
На той час, калі мы разам з Дзедам Марозам і Снягуркай адправіліся ў магазіны ажыццяўляць просьбы дзяцей, двух з іх – Лёшу і Ігара Шчучкаў – забрала ў сваю сям’ю прыёмная мама. Новы год хлопчыкі будуць адзначаць у поўнай сям’і і атрымаюць ад прыёмных бацькоў падарункі, пра якія яны прасілі Дзеда Мароза ў сваіх пісьмах. Але, на жаль, на момант нашага прыезду ў прытулак менш дзяцей тут не стала: перад самым Новым годам сюды прывезлі хлопчыка і дзяўчынку – і вельмі дарэчы прыйшліся падарункі, якія перадалі праз рэдакцыю газеты дзецям з прытулку супрацоўнікі СВК “Гервяты”.
Дапамагчы рабятам, якія па збегу абставін апынуліся ў прытулку, у ажыццяўленні і мар вырашылі ўсе ўстановы адукацыі раёна, Астравецкі лясгас, ПМС, ЦРБ, РАУС, СВК “Гервяты”, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Астравецкага райвыканкама, ГА БРСМ, рэдакцыя газеты “Астравецкая праўда”, раённыя арганізацыі грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі дзіцячы фонд” і “Беларускі саюз жанчын”, а таксама ўсе добрыя людзі, якія вырашылі падтрымаць веру дзяцей у цуды.
Больш таго: да актывістаў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, Беларускага саюза жанчын і Беларускага дзіцячага фонду далучыліся супрацоўнікі райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і адміністрацыя СВК “Гервяты”, якія прывезлі выхаванцам Варнянскага прытулку салодкія падарункі, канцылярскія тавары і развіваючыя гульні. Акрамя гэтага, райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу пералічыў на разліковы рахунак дзіцячага прытулку пэўную суму грошаў.
– Гэта нерэальна, – казалі рабяты з прытулку, у вачах якіх іскрыліся радасць і шчасце. – Няўжо Дзед Мароз і праўда прачытаў нашы пісьмы?
Канешне, прачытаў! І ўсе мары сталі рэальнасцю дзякуючы тым дарослым і дзецям, якія вераць у казку і цуды!
А на наступны дзень актывісты Беларускага дзіцячага фонду з салодкімі падарункамі адправіліся ў дзіцячае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы, каб зрабіць больш салодкім жыццё тых, каму калядныя і навагоднія святы давялося правесці ў бальніцы.
Падарункі ад Беларускага дзіцячага фонду атрымалі таксама чацвёра дзяцей-інвалідаў, якія не наведваюць школу, а вучацца дома.


Алена ЯРАШЭВІЧ