Учителя и учащиеся Мальского НПК поздравили с 15-летием инфоцентр японской культуры в Беларуси

Астравецкі раён і вёска Малі ганарацца Іосіфам Гашкевічам – расійскім дыпламатам, паслом Расіі ў Японіі, вучоным, перакладчыкам, які правёў тут апошнія гады свайго жыцця.

15 гадоў назад, 9 верасня 1999 года, у Мінску на базе дзіцячай бібліятэкі №5 пры падтрымцы японскага недзяржаўнага дабрачыннага фонда Чыро пачаў дзейнічаць інфармацыйны цэнтр японскай культуры. Узначальвае інфацэнтр Масако Тацумі, якая з 1995 года жыве ў Беларусі. За сваю асветніцкую дзейнасць яна прызнана адной з самых знакамітых жанчын Першамайскага раёна горада Мінска. Масако-сан, яе сям’я і калегі дапамагаюць беларусам глыбей пазнаць культуру і звычаі Японіі. І ў сваю чаргу цікавяцца ўсім, што развівае іх культуру. Таму вялікі інтарэс у іх выклікае жыццядзейнасць нашага земляка Іосіфа Гашкевіча.
Некалькі гадоў таму назад Масако Тацумі і прадстаўнікі інфацэнтра наведалі Астравеччыну. З таго часу на працягу доўгіх гадоў трымаецца сувязь паміж астраўчанамі і японцамі.
9 верасня 2014 года інфацэнтру японскай культуры ў Беларусі споўнілася 15 гадоў. Настаўнікі і вучні Мальскага дзіцячага сада-пачатковай школы адправіліся ў Мінск, каб павіншаваць юбіляраў. Пасля афіцыйнай часткі, на якой былі ўручаны шматлікія граматы і падзячныя пісьмы супрацоўнікам інфацэнтра, гасцям прапанавалі цікавую і запамінальную праграму. Мы пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення інфацэнтра, даведаліся, што яго сімвалам з’яўляецца маленькі белы пудзель па мянушцы Чыро, захапляліся танцам пад нацыянальную музыку, паслухалі японскую казку дзіцячага пісьменніка Нанкіці Наімі ў перакладзе на рускую мову. Мы змаглі паглядзець выступленне ўдзельнікаў спартыўнага клуба японскага фехтавання “Кендо”, выставу нацыянальнага касцюма кімано і японскіх лялек. Але самае цікавае чакала нас наперадзе – традыцыйная японская цырымонія прыгатавання гарбаты.
Японскае чаяване асацыюецца з прыгажосцю і лёгкасцю. Аказваецца, гэта сапраўды прыгожа, але зусім няпроста і выклікае цяжкасці ва ўсіх, хто не ведае ўсіх правілаў. Як кланяцца? Як трымаць кубак? Ці можна размаўляць? Як есці прысмакі? На ўсе гэтыя пытанні мы атрымалі адказы ад нашых японскіх сяброў і нават самі паўдзельнічалі ў таямнічай цырымоніі. З першага разу не ўсё атрымалася, але мы зразумелі галоўнае: трэба быць проста ветлівымі і ўдзячнымі.
Дадому мы вярнуліся таксама не з пустымі рукамі. Дзеці атрымалі падарункі ад дзіцячай бібліятэкі №5 г. Мінска і інфацэнтра японскай культуры. А таксама запрашэнне на пазнавальныя экскурсіі, якія рэгулярна праводзяцца ў бібліятэцы.
Мы з задавальненнем будзем і далей знаёміцца з культурай і гісторыяй Краіны ўзыходзячага сонца.


----------------------------------
Наталля БУЙНАРЭВІЧ, намеснік дырэктара Мальскага НПК.