Ученики Ворнянского НПК встретились со спортсменами-односельчанами
Па ініцыятыве Міністэрства адукацыі з 4 па 14 верасня бягучага года ва ўсіх школах рэспублікі прайшла акцыя “Тыдзень спорту і здароўя”. Вучні Варнянскага НПК на “Уроку чэмпіёнаў” мелі магчымасць пазнаёміцца са спартсменамі-аднавяскоўцамі.Да школьнікаў завітала выпускніца Гродзенскага вучылішча алімпійскага рэзерву, кандыдат у майстры спорту Яна Гануліч. Дзяўчына расказала хлопчыкам і дзяўчынкам пра ўласны спартыўны шлях, свае дасягненні і тыя падводныя камяні, без якіх у спорце не абыходзіцца.
Спартсменка заўважыла, што, выбіраючы спорт, чалавек выбірае стыль жыцця. Штодзённыя шматгадзінныя трэніроўкі трэба спалучаць з вучобай і падрыхтоўкай да заняткаў, пагэтаму пра вольны час можна толькі марыць.
Дзеці задавалі лёгкаатлетцы пытанні, а таксама пажадалі, каб Яне скарыліся алімпійскія вяршыні.
У вучняў Варнянскага навучальна-педагагічнага комплексу таксама была магчымасць бліжэй пазнаёміцца яшчэ з адной прадстаўніцай раённага спартыўнага гонару – Аідай Недалтоўскай-Рубель, якая падзялілася ўласным вопытам як спартсменкі, так і трэнера.
Настаўніца фізічнай культуры Тамара Рамуальдаўна Пятрова расказала вучням пра неаднаразовых удзельнікаў рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў, майстраў спорту Аляксандра Ляховіча і Алесю Блашкевіч, якія таксама нарадзіліся ў Варнянах і менавіта тут яшчэ ў школьныя гады зрабілі свае першыя крокі ў спорт.
Прывіць падрастаючаму пакаленню любоў да фізічнай культуры і здаровага ладу жыцця з дапамогай падручнікаў і гутарак складана. А вось яркія прыклады з жыцця аднавяскоўцаў, якія некалі таксама сядзелі за той жа партай, часам падглядвалі ў сшытак суседа ці суседкі, гавораць самі за сябе.
Спорт – гэта не толькі трэніроўкі, спаборніцтвы, але і магчымасць убачыць свет, калі едзеш на спаборніцтвы, і пазнаёміцца з новымі людзьмі.
Магчыма, пасля гэтай сустрэчы хтосьці з вучняў таксама звяжа сваё жыццё са спортам. Ці хоць бы адарвецца ад камп’ютара, каб паганяць на вуліцы мяч.
------------------------
Алена ЮРКОЙЦЬ.
Фота з сайта 4sport.ua.
