Ученики Мальского детского сада-базовой школы вывели формулу здоровья
“У здаровым целе – здаровы дух” – пад такім дэвізам прайшоў дзень здароўя, спорту і турызму ў Мальскім дзіцячым садзе-базавай школе.Вучняў пачатковых класаў чакаў насычаны і сур’ёзны дзень. Падчас удзелу ў круглым стале “Формула здароўя” вучні не толькі разважалі на тэму здароўя, але і вывелі яго формулу. Пасля сур’ёзных разважанняў школа напоўнілася дзіцячым заўзятым смехам.
Спартыўныя спаборніцтвы “Лазневыя бітвы” пазнаёмілі вучняў з гісторыяй лазневых дзён, пасля чаго яны самі змаглі прыняць удзел у лазневых працэдурах, якія праходзілі ў форме спартыўных эстафет. Вучні і іх бацькі насілі дровы і ваду ў лазню, збіралі неабходныя рэчы, мыліся, парыліся бярозавым венікам. А самай прыемнай стала “Квасавая эстафета”, калі вучні, стаміўшыся пасля напружаных спаборніцтваў, змаглі прагнаць смагу квасам.
Старэйшыя школьнікі прынялі ўдзел ў брэйн-рынгу “Той шчаслівы, хто здаровы целам” і інтэрактыўнай гульні “Як перамагчы дракона, ці ўстрымайцеся ад дрэнных звычак». Вучні спрачаліся на тэму здаровага ладу жыцця і неабходнасці адмовы ад дрэнных звычак. Спартыўная гульня “У пошуках скарбу” прымусіла вучняў, настаўнікаў і бацькоў пазмагацца за… цукеркі. Толькі правільна выканаўшы ўсе заданні на станцыях, нашы ўдзельнікі атрымалі салодкія ўзнагароды.
А завяршыўся дзень спаборніцтвамі “Алімпійскія надзеі Беларусі”, падчас якіх вызначыліся рэкардсмены па бегу на 30 і 1000 метраў.
---------------------------------------------------------
Жанна ЛАЎРЭЦКАЯ,
намеснік дырэктара Мальскага НПК.
Фота з сайта 900igr.net.