Ученики Гудогайской школы и сотрудники Островецкого РОВД сыграли в мини-футбол

Шчырую гасціннасць і добрую спартыўную форму прадэманстравалі супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў і вучні прававога класа Гудагайскай сярэдняй школы падчас Кубка Астравецкага РАУС па міні-футболе.

Вядома, што 2014 год аб’яўлены Годам гасціннасці. А ўказам міністра Міністэрства ўнутраных спраў ён яшчэ прызнаны і годам здароўя. Пагэтаму ў Астравецкім аддзеле міліцыі вырашылі правесці Кубак па міні-футболе, на які запрасілі каманду прававога класа Гудагайскай СШ і сваіх калег з Іўеўскага РАУС.

Напачатку з дапамогай відэафільма гасцей з Іўя пазнаёмілі з прыгожымі і цікавымі мясцінамі Астравецкага раёна, расказалі пра райаддзел, правялі невялікую экскурсію па музеі міліцыі.

А пасля надышла чарга высветліць, хто з трох каманд мацнейшы на міні-футбольным полі. Паслядоўнасць матчаў вызначыла жараб’ёўка. Першымі на пляцоўку Гервяцкага фізкультурна-аздараўленчага комплексу выйшлі каманды астравецкіх міліцыянераў і Гудагайскай СШ – сустрэча закончылася на карысць астраўчан. Не пашанцавала гудагайцам і ў матчы з гасцямі, хаця спачатку рабяты выйгравалі з лікам 3:0. Цікавай і да апошняга непрадказальнай атрымалася гульня паміж калегамі – Астравецкім і Іўеўскім РАУС. І ўсё ж з мінімальнай розніцай 2:1 перамогу святкавалі госці.

У якасці прыза міліцэйская каманда з Іўя атрымала спецыяльны Кубак і футзальны мяч. Гудагайцы былі ўзнагароджаны дыпломам і падарункам. А футбаліст гэтай каманды Мікіта Лаўрэцкі быў прызнаны лепшым іграком спаборніцтва.


Марына МАЦКЕВІЧ.