Ученица Гервятской школы Анна Дерван стала победительницей районного конкурса "Лидер года"
Раённы этап трэцяга рэспубліканскага конкурсу “Лідар года 2014” прайшоў у цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Заявіць пра сябе як лідара, а таксама абараніць гонар сваёй школы і прадстаўляемага аб’яднання вырашылі шасцёра маладых, ініцыятыўных і таленавітых людзей: Дзмітрый Ярашэвіч прадстаўляў Гудагайскую школу, Карына Дуброўская – Міхалішкаўскую СШ, Вадзім Ляшчэўскі – СШ №1, Дар’я Юцкевіч – гімназію №1, Ганна Буйко – Рытанскі НПК і Ганна Дзерван – Гервяцкую школу.
Конкурс складаўся з пяці тураў. Першы з іх быў завочны. Напярэдадні конкурсу ўсе лідары прадставілі ў аргкамітэт свае партфоліа пад назвай “Я – стратэг свайго жыцця”, у якім расказалі пра сябе, жыццёвыя планы на бліжэйшыя тры гады, сацыяльныя праекты, у якіх удзельнічаюць, а таксама прыклалі творчыя работы і атрыманыя за гады вучобы ў школе ўзнагароды.
Другі этап праходзіў у форме самапрэзентацыі “Мая формула поспеху”. Хтосьці расказваў пра сваю формулу сам, некаторым дапамагалі аднакласнікі ці маленькія памочнікі – акцябраты. Адны карысталіся прозай, іншыя рабілі гэта ў вершаванай форме. Аказалася, што ў кожнага лідара формула поспеху свая – і вельмі арыгінальная. Аб’ядноўвала ж школьнікаў тое, што вынаходзілі яе яны, зыходзячы са свайго невялікага жыццёвага вопыту.
Трэці этап конкурсу не выклікаў асаблівых цяжкасцей: ролікі сацыяльнай рэкламы “Лідарскія арыенціры” школьнікі рыхтавалі дома. А на суд журы прадставілі відэазапісы.
Адметна тое, што ўсе відэаролікі былі рознапланавыя і тым цікавыя. Напрыклад, Дзіма Ярашэвіч з Гудагайскай школы лічыць, што свет выратуе дабрыня, і таму ён сваім прыкладам прапаноўваў рабіць добрыя справы.
Карына Дуброўская высвятляла, якімі якасцямі павінен валодаць важаты і ці патрэбныя яны ў школе. Аказалася, яшчэ як патрэбныя!
Лідар СШ №1 Вадзім Ляшчэўскі не курыць сам і прапагандуе здаровы лад жыцця сярод школьнікаў. Ён зацікавіўся пытаннем: чаму вучні не кураць?
Дар’я Юцкевіч з гімназіі №1 – актыўны член валанцёрскага атрада “Крышталь”, і ў відэароліку яна распавяла пра ўсе добрыя справы, якімі яна разам са сваімі таварышамі займаецца.
Ганна Буйко з Рытані заклікала ўсіх да беражлівасці.
А Ганна Дзерван разам са сваім кіраўніком і аднадумцамі распавяла пра справы валанцёрскага атрада “Надзея”, які працуе пад дэвізам “Сэрца – людзям, надзею – свету”.
Самым складаным для школьнікаў аказаўся чацвёрты конкурс – дэбаты “Я – лідар”. Магчыма, па той прычыне, што ніхто дакладна не ведаў, на якія тэмы давядзецца палемізаваць з апанентам. Тэмы былі тры: “Адукацыя школьнікаў у 21 стагоддзі”, “Правядзенне Чэмпіянату свету па хакеі 2014 у Беларусі” і “Сацыяльныя сеткі: залежнасць ці неабходнасць?”. Многія школьнікі справіліся з заданнем нядрэнна, тым самым даказаўшы, што сучасны школьнік умее дакладна і аргументавана выказаць свой пункт гледжання.
Самым жа цікавым стаў апошні этап – дуэт лідараў “Сузор’е талентаў”. На сцэну ў гэтым конкурсе выходзілі не толькі школьнікі-лідары, але і іх педагогі. Ім неабходна было прадставіць нумар у любым выканальніцкім жанры.
Так, лідару Гудагайскай школы Дзмітрыю Ярашэвічу дапамагала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ірына Мікалаеўна Жалток: яны выступілі ў гумарыстычным жанры, а потым правялі некалькі інтэрактыўных гульняў на аб’яднанне калектыву. Удзельніца з Міхалішак Карына Дуброўская выканала песню пра сяброўства. Канкурсант Вадзім Ляшчэўскі і педагог-арганізатар Анастасія Уладзіміраўна Рабенькая з СШ №1 прапанавалі членам журы і гледачам напісаць Оду сабе, а потым ўзнагародзілі ўсіх удзельнікаў салодкімі падарункамі. Удзельніца з гімназіі №1 Дар’я Юцкевіч разам са сваім педагогам-арганізатарам Святланай Аляксандраўнай Баўтрэль малявалі – і такім спосабам стваралі казку жыцця. Танцаваць захапляльны танец прапанавалі Ганна Буйко з педагогам-арганізатарам Рытанскага НПК. А самым творчым аказаўся нумар лідараў Гервяцкай школы Ганны Дзерван і педагога-арганізатара Яўгенія Генадзьевіча Лаўцэля. Яны спадабаліся ўсім: і членам журы, і гледачам, што сабраліся ў зале.
І вось балы падлічаны – надышла чарга ўзнагарод.
Карына Дуброўская атрымала Дыплом у намінацыі “За крэатыўнасць і эстэтычнае афармленне партфоліа”, Ганна Буйко была ўзнагароджана Дыпломам у намінацыі “Мая формула поспеху”, Вадзім Ляшчэўскі перамог у намінацыі “Лідарскія арыенціры”, Дзмітрый Ярашэвіч стаў пераможцам дэбатаў, а Ганна Дзерван стала лепшай у намінацыі “Сузор’е талентаў”.
Акрамя гэтага, члены журы вызначылі трох пераможцаў раённага конкурсу “Лідар года 2014”. Дыплом ІІІ ступені атрымаў Дзмітрый Ярашэвіч з Гудагайскай школы, Дыпломам ІІ ступені была ўзнагароджана Дар’я Юцкевіч з гімназіі №1, а “Лідарам года” стала Ганна Дзерван з Гервяцкай школы.
Менавіта Ганна Дзерван будзе прадстаўляць наш раён на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Лідар года”, які пройдзе ў Гродне.
Пажадаем ёй поспеху.
--------------------------------------------
Алена СВЕТЛАЯ, фота аўтара.
