Участники клуба "Активное долголетие" путешествуют по Гроднеской области

Вядомасць – рэч  дабратворная ў сэнсе набыцця новых сяброў. Вось  даведаліся пра наш ветэранскі клуб “Актыўнае даўгалецце” ў гарадскім пасёлку Сапоцкін, што ў Гродзенскім раёне, і запрасілі ў госці. Ініцыятыву праявілі ўдзельнікі аналагічнага  згуртавання пенсіянераў “Суседзі” – дарэчы, таксама добра вядомага на Гродзеншчыне сваім удзелам у многіх сацыяльных праектах, яркімі выступленнямі на фестывалях народнай творчасці.


Сустракалі гасцей у  адміністрацыйна-культурным цэнтры, як вядзецца, хлебам-соллю. Прывітаў нас кіраўнік пасялковай  адміністрацыі Лілія  Шама-товіч, а спецыяліст па сацыяльнай рабоце Вільма Луцковіч (клуб “Суседзі” дзейнічае пад эгідай Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва) на цэлы дзень стала нашай апякункай. За  сталом з гарбатай ды знакамітымі сапоцкінскімі пончыкамі мы пазнаёміліся, абмяняліся падарункамі. Гаспадары расказалі пра свае паездкі з канцэртамі ў Дом пенсіянераў-інвалідаў,  пра майстар-класы  рукадзелля для  дзяцей-сірот, роспіс велікодных яек  з выхаванцамі пасялковага дзетсадка,  пра даўнія сяброўскія кантакты з воінамі-пагранічнікамі. Пра святкаванне дзён нараджэння  ў ветэранскім клубе. А затым гаспадары паказалі свае таленты: чыталі вершы ўласнага сачынення, спявалі любімыя песні і прыпеўкі. Госці таксама адазваліся  песнямі ў адказ. І атрымаліся цудоўныя сяброўскія пасядзелкі, якія потым былі перанесены на бераг Аўгустоўскага канала.

Але перад ад’ездам на канал супрацоўніца Сапоцкінскай бібліятэкі Святлана Ганчыц – апантаная краязнаўца, бясконца ўлюбёная ў родныя мясціны, – правяла нам цікавую экскурсію па пасёлку, паказала знакамітыя форты, пабудаваныя па  праекту вядомага інжынера-фартыфікатара Героя Савецкага Саюза Дзмітрыя Карбышава.  А колькі цікавага ведае яна пра Аўгустоўскую водную артэрыю, якая з’яднала дружбай тры народы – беларусаў, палякаў, літоўцаў! Прычым многія гістарычныя сведчанні і факты Святлана Антонаўна знайшла сама падчас  краязнаўчых пошукаў і  вандровак.

На водную экскурсію мы не рашыліся. Пахадзілі па берагах канала, палюбаваліся дагледжанасцю гістарычнай сядзібы агляд-чыкаў канала, пафатаграфаваліся і рас-купілі ўсе сувенірныя магніцікі ды паштоўкі ў тутэйшым газетным кіёску.

За сумесным абедам абмяняліся ўражаннямі, паспявалі разам – хор атрымаўся адмысловы! І са шчырымі абдымкамі развіталіся – у нашых планах было яшчэ наведванне ўнікальнага агратурыстычнага аб’екта – маёнтка Каробчыцы. Але спадзяёмся, што сяброўскія кантакты з сапоцкінскімі “Суседзямі” абавязкова прадоўжацца. Цяпер мы ў чаканні жаданых гасцей!

А Каробчыцы… Ах, Каробчыцы!  Лепш наведацца і пабачыць, чым пачуць ці прачытаць. Падняцца ў невялічкі музей фаўны,  пахадзіць па  прасторным двары, зазірнуўшы ў мноства прыгожых куточкаў, з’есці “марожку” ва ўтульнай “кафэшцы”, паглядзець на дзівосных птушак і жывёлін. А калі часу шмат і тоўсты кашалёк адцягвае кішэню, можна на кані пакатацца, а дзеткам – на поні, пагушкацца на арэлях… Адабедаць у шыкоўным рэстаране з панскай кухняй… Словам, любы капрыз за вашы грошыкі. Сёе-тое з гэтага набору мы-такі сабе дазволілі.

Зразумела, што дадому нашы ветэраны-падарожнікі вярталіся ў цудоўным настроі.


----------------------------

Таіса СЯМЁНАВА.

Фота Івана Петрыка.