Участникам клуба "Активное долголетие" рассказали про ароматерапию

Пенсіянеры – народ дапытлівы, асабліва адносна таго, што тычыцца здароўя. Яны цікавяцца рознымі метадамі лячэння і, здаецца, у курсе ўсіх медыцынскіх адкрыццяў. А пра ароматэрапію (лячэнне пахамі) захацелі даведацца, так бы мовіць, з першых вуснаў. І тады Галіна Архіпаўна Вайцяхоўская, адна з актывістак ветэранскага клуба “Актыўнае даўгалецце”, прапанавала запрасіць на сустрэчу спецыялістаў па гэтаму нетрадыцыйнаму метаду лячэння.

І вось у чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі члены клуба “Актыўнае даўгалецце” сустракаюць гасцей – урача-нутрыцыёлага Юлію Віктараўну Палякову і спецыяліста па ароматэсціраванні і ароматэрапіі Таццяну Уладзіміраўну Падапрыгара. Адно пералічэнне іх медыцынскіх спецыялізацый абяцала цікавую і змястоўную гутарку.
Дыпламаваны ўрач-педыятр, Юлія Віктараўна пазней спецыялізавалася як гінеколаг, працавала ў афіцыйнай медыцыне, а зараз – у прыватным медцэнтры. За сваю немалую ўрачэбную практыку яна пераканалася, што ўрач любой спецыяльнасці павінен быць перш за ўсё псіхолагам, каб пераканаць пацыентаў дапамагаць доктару сваім імкненнем вылечыцца – толькі тады атрымаецца адолець хваробу. Яе своеасаблівая агульная кансультацыя была найперш цікавай, і, думаецца, кожная з прысутных жанчын даведалася штосьці карыснае аб тым, як навучыцца любіць сябе, прыслухоўвацца да “падказак” свайго арганізму, штодня клапаціцца аб уласным здароўі. Многія слухачы нават занатоўвалі парады ўрача.
Госці расказалі аб лячэбных уласцівасцях розных пахаў, дазволілі атрымаць асалоду ад канцэнтраванага водару лімона, апельсіна, лаванды, прапанавалі гаючыя мазі і касметычныя крэмы.
Удзячная і дапытлівая аўдыторыя адпусціла гасцей толькі пасля іх цвёрдага абяцання ў хуткім часе наведацца зноў.


------------------------------
НА ЗДЫМКУ: урач-нутрыцыёлаг Юлія Палякова.
Таіса СЯМЁНАВА, фота аўтара.