Участница клуба "Активное долголетие" отметила 80-й день рождения

душа не знает старостиУ клубе “Актыўнае даўгалецце” зноў бенефіс юбіляраў. Першым адсвяткавалі 80-ты дзень нараджэння Наталлі Пятроўны Зубенка.

Наталля Пятроўна з тых жанчын, што не ўтойваюць свой узрост: “Мае гады – маё багацце. Усё пражытае і перажытае – духоўны набытак, якім можна дзяліцца з дзецьмі, унукамі. Хоць і не ўсё хочацца згадваць…”

Самыя горкія ўспаміны – з дзяцінства, якое прайшло ва Украіне, у прыгожым горадзе Жытоміры. Хто нядобры і чаму ўмяшаўся ў жыццё настаўніцкай сям’і Сакалоўскіх, невядома, але аднойчы сярод начы ў дом прыйшлі людзі ў чорных скураных тужурках, перарылі ўсё ў кватэры, павыкідвалі адзенне і бялізну з шафаў, кнігі з паліц і, не знайшоўшы таго, што хацелі, забралі з сабой бацьку. З тае ночы ў Наталлі з братам і сястрой не стала таты, а ў адной з гарадскіх школ нечакана змяніўся дырэктар. Моцна збіты на допытах Пётр Іванавіч Сакалоўскі сканаў.

Пагроза арышту навісла і над маці Нінай Дзмітрыеўнай, але добрыя людзі папярэдзілі, і яна, хуценька сабраўшы пятнаццацігадовага сына і маленькую дачушку, прыхапіўшы самае неабходнае з вопраткі і трохі харчоў, пакінула горад… Старэйшай сястры Іне ўжо споўнілася 20 гадоў, яна адвучылася ў інстытуце, выйшла замуж і змяніла прозвішча. Гэта і засцерагло яе ад праследванняў. Пазней, ужо пасля вайны, вярнуўшыся з эвакуацыі і з цяжкасцю адшукаўшы родных, яна раскажа брату і сястры аб той страшнай ночы 1938 года…

Напачатку Ніна Дзмітрыеўна з дзецьмі прыпынілася ў сяле пад Кіевам, дзе знайшла працу ў школе. Моцна прастудзіўшыся, яна цяжка захварэла, у яе адняліся рукі і ногі. На самым пачатку вайны іх адшукаў сват і на падводзе прывёз у Жытомір. Пачалося блуканне па выпадковых кватэрах, пакойчыках. Нарэшце прытуліліся ў маленечкім пакойчыку пры школе. Наталля мусіла даглядаць паралізаваную  маці…

У школе раскватараваліся немцы з палку сувязі, а ў старой будыніне канюшні, размясціўся школьны клас і жыла настаўніца з дзецьмі. Вучыліся па знойдзеных даваенных падручніках, пісалі на старых газетах.  Немцы не пярэчылі. Адзін нават ўпотай падкормліваў настаўніцу з дзецьмі. Але неўзабаве на змену немцам-сувязістам прыйшлі эсэсаўцы. Школу зачынілі, настаўніцу з дзецьмі выгналі. З вялікай цяжкасцю Сакалоўскія знайшлі пакойчык на ўскраіне горада і перабраліся туды. Наталля з мамай. Брата немцы адправілі рыць акопы. Праз некаторы час ён вярнуўся, худы і знясілены, трохі адляжаўся і пайшоў у партызаны…

Так што дзяцінства ў Наталлі, лічы, не было – пасталець мусіла рана. Нацярпелася і страху, і болю душэўнага. Але ж, дзякаваць Богу, і радасць не абмінала. Старэйшая сястра Іна, вярнуўшыся з эвакуацыі, асела ў Львове і забрала да сябе маці з сястрой. Наталля тут скончыла сярэднюю школу, затым – тэхнікум лёгкай прамысловасці, паступіла ў інстытут. Але атрымаць жаданы дыплом не змагла – хворай маме патрэбен быў догляд.

Было ў яе і сапраўднае каханне. З мужам-інжынерам пераехала у горад Наваград-Валынскі Жытомірскай вобласці, стала весці ў гарадскім Палацы культуры імя Шчорса курсы крою і шыцця. Адпрацавала тут 26 гадоў, атрымала медаль і заслужыла званне ветэрана працы. Так здарылася – з мужам рассталася. Адна выгадавала дзвюх дачок – Алену і Наталлю. Абедзве атрымалі вышэйшую адукацыю і добрыя прафесіі. А потым лёс зноў паслаў Наталлі Пятроўне спадарожніка жыцця, яна дапамагла яму, удаўцу, выгадаваць і выправіць у самастойнае жыццё дваіх дзяцей. “З Божай дапамогай”, – гаворыць. Сама глыбока набожная, такімі і дачок выхавала.

Лёсам было наканавана Наталлі Пятроўне Зубенка пераехаць у 1987 годзе разам з сем’ямі дачок у Беларусь. Тут, у Астраўцы, спачатку вяла курсы крою і шыцця ў вучэбна-вытворчым камбінаце, затым – у райбыткамбінаце.

душа не знает старости1Многія з удзельнікаў клуба “Актыўнае даўгалецце” навучыліся ў Наталлі Пятроўны шыць сабе абновы. А цяпер маюць магчымасць ацаніць і яе кулінарныя здольнасці – рэдкае пасяджэнне клуба абыходзіцца без пірагоў, медавікоў і рознага печыва жанчыны.

Увогуле, талентаў у Наталлі Пятроўны многа: яна змоладу піша вершы (паэзія нас і пазнаёміла), цудоўна вяжа і вышывае, шые сапраўдныя творы мастацтва – да прыкладу, яе ўмелымі рукамі былі выраблены многія рэчы царкоўнага прызначэння для астравецкага храма святых апосталаў Пятра і Паўла. Тут асаблівы патрэбен густ і веданне канонаў… Колькі захаплення выклікалі ў нас, заўсёднікаў клуба, і наведвальнікаў раённай бібліятэкі арыгінальныя вязаныя цацкі для навагодняй ёлкі! Пакрасаваліся патрэбны час на калючых галінках і … сталі прызамі для ўдзельнікаў віктарыны па біяграфіі юбіляркі, якую склалі бібліятэкары.

А яшчэ Наталля Пятроўна спявае адразу ў двух хорах – народным ветэранскім “Вясёлка” і калектыве “Польскае рэха Астраўца”. Проста дзівуешся, колькі энергіі, імпэту, прагі і цікавасці да жыцця ў гэтай жанчыны! Вось ужо сапраўды: душа не ведае стомы, а, значыць, – і старасці!

На здымках: віншаванні юбілярцы.