Учащиеся Ворнянского НПК побывали на сборах в Республиканской школе актива юных лесоводов
Вясковыя дзеці любяць прыроду не на словах, а ад усёй душы. І ўдзельнікі школьных лясніцтваў – найперш. Яны не толькі любуюцца прыгажосцю наваколля, але і з маленства вучацца абараняць прыроду, жыць з ёй у гармоніі.Вучні 8 і 9 класаў Варнянскага НПК пабывалі ў сталіцы на трохдзённых зборах у Рэспубліканскай школе актыву юных лесаводаў, якая працуе на базе Рэспубліканскага эколага-біялагічнага цэнтра. Гэтая паездка стала магчымай дзякуючы падтрымцы Астравецкага лясгаса.
Варта адзначыць, гэтая школа падчас збораў папоўнілася 35 вучнямі з усёй рэспублікі, першакурснікамі, сярод якіх і сямёра юных лесаводаў з Варнянскага НПК. І прывёў сюды варнянцаў не выпадак, а заслужаная перамога ў абласным спаборніцтве на лепшае школьнае лясніцтва, якое праходзіла ў маі мінулага года.
Рабяты яшчэ ў школе рыхтавалі міні-сачыненні аб лесе, каб прадставіць сябе падчас знаёмства з выкладчыкамі і “суседзямі” па “лясной” парце. Вучняў у школе актыву юных лесаводаў чакалі не школьныя ўрокі, а сапраўдныя ўніверсітэцкія заняткі. Хлопчыкі і дзяўчынкі адкрылі для сябе лес з іншага боку, так бы мовіць, навуковага: больш цесна пазнаёміліся з яго кампанентамі, біялогіяй і экалогіяй. Лекцыі юным лесаводам чыталі аспіранты і выкладчыкі лесагаспадарчага факультэта Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Акрамя вучобы, дзяцей чакалі экскурсіі па горадзе і наведванне батанічнага саду.
Як расказвае настаўнік геаграфіі Варнянскага НПК Уладзімір Віктаравіч Саленік, дзецям вельмі спадабаліся першыя заняткі ў гэтай школе не толькі сваім зместам, але і формай – гэта і прэзентацыі, і актыўнае абмеркаванне. Школьнікі “гараць” лясной справай, пагэтаму і далей будуць яе асвойваць.
Варнянскія вучні неаднаразова станавіліся прызёрамі і пераможцамі абласных і рэспубліканскіх конкурсаў экалагічнай тэматыкі, і настаўніца біялогіі навучальна-педагагічнага комплексу Алена Іванаўна Юркойць ганарыцца поспехамі сваіх выхаванцаў. Яна лічыць, што справа тут нават не ў выкладанні той або іншай дысцыпліны, а ў тым, што зараз школьнае лясніцтва наведваюць моцныя і мэтанакіраваныя дзеці. І галоўнае – прырода і лес цікавяць і захапляюць іх.
Наперадзе ў вучняў з Варнянскага школьнага лясніцтва яшчэ два гады вучобы ў Рэспубліканскай школе актыву юных лесаводаў. Яны яшчэ паспеюць больш падрабязна даведацца і пра лесаводства, і пра паляўнічую гаспадарку, і пра многае іншае.
Нягледзячы на тое, што на двары валадарыць зіма, варнянскім лесаводам і зараз хапае спраў. На ўроках працы яны майструюць дамкі для птушак, а пасля ўрокаў рыхтуюць рэфераты на прапанаваныя педагогамі з Рэспубліканскай школы актыву юных лесаводаў тэмы. А з надыходам сакавіка рабят чакае навуковая і даследчая работа ў лесе.
------------------------
Алена ГАНУЛІЧ.
