Учащиеся и учителя Гудогайской школы побывали на Днях национальной культуры и краеведения в Ошмянах
7 снежня ў СШ №2 г. Ашмяны ладзілася праграма, прысвечаная Дням нацыянальнай культуры і краязнаўства. На так званы «дыпламатычны прыём» былі запрошаны вучні і настаўнікі з Гудагайскай СШ і з беларускай школы імя Ф.Скарыны г. Вільнюса.Амаль два гады сярэдняя школа №2 г. Ашмяны працуе па праграме інавацыйнага праекта «Укараненне мадэлі фарміравання камунікатыўнай культуры навучэнцаў у кантэксце беларускага менталітэту». Дзякуючы спецыяльна распрацаванай праграме, школа прывівае вучням любоў і павагу да роднай мовы і культуры. Таму і сацыяльна-праблемная дыскусія з удзелам прадстаўнікоў грамадскасці “Роля беларускай культуры ў сучасным грамадстве.
Праблема білінгвізму” была цэнтральнай часткай мерапрыемства. Удзельнікі дыскусіі – а імі сталі і вучні Гудагайскай школы – спрачаліся, шукалі адказы на розныя пытанні, выказвалі свае меркаванні. Але галоўным пытаннем, якому ўдзялілі шмат увагі, было: чаму мы, беларусы, цураемся сваёй мовы і культуры?
Ганаровым госцем школы і цікавым суразмоўцам быў даследчык беларускай этнаграфіі і фальклору Янка Крук, які падзяліўся з вучнямі і педагогамі «залатымі» правіламі народнай культуры.
Цікавую і насычаную гістарычнымі і сучаснымі звесткамі экскурсію падарыла гасцям Л.Г. Пятрова, кіраўнік школьнага музея “Ашмяны. Падзеі. Людзі”. Экскурс у гісторыю незвычайных экспанатаў, якія знаходзяцца ў школьным музеі, госці зрабілі разам з Жаннай Паўлоўскай, вучаніцай 11 класа, якая ў незвычайнай форме прадставіла рарытэтную кнігу музея “Жывапісная Расія”.
Спадабаўся гудагайскім вучням і майстар-клас кіраўніка фотастудыі “Пазітыў”, якая працуе ў СШ №2 г. Ашмяны, А.І. Апанэль – “Фотаатэлье запрашае”. Педагог разам са сваімі выхаванцамі запрасіў усіх у падарожжа ў гісторыю фатаграфіі, а таксама пазнаёміў з работамі ўдзельнікаў фотастудыі, якія сталі пераможцамі міжнароднага фотасемінара ў Каўнасе і міжнароднага фотаконкурсу «Малады чалавек у XXI стагоддзі».
Уразіла школьнікаў кафэ “Мова Цікава”, аформленае ў нацыянальным стылі. Тут школьнікаў і педагогаў частавалі кавай і гарбатай, да якіх прапанавалі прысмакі на любы густ: печыва, пірагі і кексы, зробленыя настаўнікамі. З кубкам духмянай гарбаты і філіжанкай кавы гэтыя “салодкія
радасці” яшчэ раз пацвердзілі шчодрасць, добразычлівасць і шчырасць гаспадароў.
Музычная шоу-праграма “У гасцях у Паўлінкі” зайграла талентамі юных акцёраў з СШ №2 і гасцей з Астравеччыны і Літвы, падарыла добры настрой, запаліла іскрынкі радасці і надзею на новыя сустрэчы.
------------------------------
Жанна БЕРНЮКЕВІЧ.
