Учащиеся и педагоги Центра творчества детей и молодёжи и летом продолжают работать и получать награды
Лета, сонца, канікулы… Аднак выхаванцы і педагогі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі не перастаюць працаваць і працягваюць папаўняць скарбонку перамог установы новымі ўзнагародамі.Фантазіраваць і ажыццяўляць свае ідэі ўзяліся Вікторыя Мілешка і педагог дадатковай адукацыі Валянціна Вільеўна Віннічак – яны сталі ўдзельнікамі абласнога конкурсу творчых работ «Птушыны кірмаш», у выніку якога творчы дуэт заняў першае месца ў намінацыі «Выраб з прыроднага матэрыялу».
– Конкурс праходзіў у рамках мегапраекта «Патрыятычны марафон сацыяльна-значных спраў «Паклонімся вялікім тым гадам», – расказала дырэктар Цэнтра творчасці Вераніка Мар'янаўна Кумішча. – Усяго ў Гродзенскі абласны эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі было прадстаўлена 670 работ з усіх раёнаў нашай вобласці. І першае месца, якое мы атрымалі на гэтым конкурсе, – вельмі значная ацэнка нашай дзейнасці.
Яшчэ адну перамогу прынесла Цэнтру творчасці дзяцей і моладзі яго выхаванка Лізавета Дрэма, якая на гэты раз вырашыла прадэманстраваць навыкі ў фотамастацтве. На абласным конкурсе стэрэаздымкаў «Свет 3Д» фотаздымак астраўчанкі быў ацэнены Дыпломам ІІІ ступені Гродзенскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці ў намінацыі «Макраздымка».
У выніку сёлета Астравецкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі яшчэ раз пацвердзіў, што з'яўляецца адной з лепшых навучальных устаноў дадатковай адукацыі Гродзенскай вобласці, і па выніках рэалізацыі абласной праграмы «Супрацоўніцтва» ў 2014-2015 гадах быў узнагароджаны Дыпломам ІІ ступені.
Віншуем!
----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
