У Территориального центра социального обслуживания населения появился специальный автобус для перевозки людей в инвалидных колясках
Напярэдадні Дня інвалідаў Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва атрымаў аўтобус са спецыяльным пад’ёмнікам для перавозкі людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў інвалідных калясках. Доўгачаканы і так неабходны Цэнтру, а галоўнае – інвалідам аўтобус атрыманы ў рамках рэалізацыі праекта “Магчымасці без межаў”, што стаў пераможцам у конкурсе праектаў, які штогод праводзіць пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь у рамках праграмы “Польская дапамога”.Першым, хто праверыў магчымасці новага аўтобуса, стаў астраўчанін Аляксандр Лянкевіч.
…Дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра Віктар Іосіфавіч Ждановіч націскае кнопку – і пад’ёмнік плаўна апускаецца, раскрываецца – Аляксандр на сваёй калясцы спрытна заязджае на яго. Яшчэ адзін лёгкі рух рукі – і нябачны механізм падымае каляску разам з Аляксандрам на ўзровень падлогі аўтобуса. Мужчына лёгка заязджае ў салон аўтобуса, дзе побач з пасажырскімі месцамі ёсць два, спецыяльна прыставаныя для інвалідных калясак…
– Здорава! – захоплена ўсклікае Аляксандр. – Цяпер можна хоць куды ехаць на такім аўтобусе!
Шлях гэтага спецыяльна прызначанага для людзей з абмежаванымі магчымасцямі “Фольксфагена” ў Астравец пачаўся год назад, калі наш раён наведаў саветнік пасла Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Павел Ёса. Тады ж і абмяркоўвалася магчымасць выдзялення астравецкаму Тэрытарыяльнаму цэнтру такога аўтобуса. Кошт падарунка немалы – амаль 50 тысяч еўра. Але праект “Магчымасці без граніц” быў распрацаваны бездакорна – і ў супрацоўнікаў пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь не ўзнікла пытанняў, ці патрэбен такі аўтобус астравецкаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
– Упершыню мы плануем праверыць аўтобус у справе, калі будзем дастаўляць людзей з абмежаванымі магчымасцямі на дабрачынны канцэрт, які адбудзецца 4 снежня, – гаворыць загадчыца аддзялення дзённага знаходжання маладых інвалідаў Святлана Казіміраўна Куцько. – А далей, думаю, яго чакае доўгае і насычанае жыццё: нашы і інваліды – людзі актыўныя і пазітыўныя: любяць усюды бываць,удзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах. Цяпер у іх для гэтага будзе нашмат больш магчымасцей…
----------------
Ніна АЛЯКСЕЕВА.
Фота Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.
