У Мальскай школе вучні выбіралі прафесію
Гэтае пытанне часта задаюць дзецям. Чаго толькі не пачуеш у адказ! “Я буду прадавачкай (прадаўцом), а я – тушыльшчыкам (пажарным). А я буду, як мама, а я – як тата,” – можна пачуць ад дзяцей. Але праходзіць час – і рабяты сапраўды спыняюцца на раздарожжы перад выбарам прафесіі.
Менавіта выбару прафесіі было прысвечана мерапрыемства “Калейдаскоп прафесій”, якое днямі адбылося ў Мальскай базавай школе. На бацькоўскі сход прыйшлі не толькі бацькі, але і іх дзеці, вучні восьмага і дзявятага класа, а таксама прадстаўнікі розных прафесій.
Даверлівай размове, якая ішла паміж дзецьмі і дарослымі, спрыяла ўсё: і форма, у якой праводзілася мерапрыемства, і афармленне залы, і нават музычнае суправаджэнне, у якім таксама гаварылася пра розныя прафесіі.
Спачатку старшакласнікі падзяліліся на дзве каманды. Мальскім “Эрудытам” і “Знатакам” неабходна было прайсці праз выпрабаванні, якія складаліся з прыпынкаў “Прафесійны слоўнік”, “Чорная скрынка”, “Конкурс прымавак”, “Конкурс капітанаў” і шэрагу іншых. Дапамагалі дзецям у такой нялёгкай справе, як выбар прафесіі, бацькі і настаўнікі, якія таксама маглі даць правільны адказ за якую-небудзь каманду.
Конкурсы ішлі ўперамежку выступленнямі запрошаных гасцей. Так, начальнік Дзяржаўтаінспекцыі У.І. Александровіч і інспектар групы прапаганды і навучання аддзела па надзвычайных сітуацыях Э.Э. Малышка расказалі пра спецыфіку прафесій міліцыянера і выратавальніка і пра ўстановы, дзе гэтыя прафесіі можна атрымаць. А таксама напярэдадні восеньскіх канікулаў напомнілі школьнікам правілы паводзінаў на дарозе і пры пажары.
Аўтар гэтых радкоў расказала будучым выпускнікам пра прафесію журналіста і пра ўстановы, дзе вучаць па-майстэрску валодаць словам.
Бібліятэкар сельскай бібліятэкі прапанавала ўвазе дарослых і дзяцей звярнуцца да выставы кніг, прысвечанай розным прафесіям.
Спецыяліст цэнтра занятасці В.С. Субаткевіч паведаміла пра спецыяльнасці, якія сёлета неабходны на прадпрыемствах нашага раёна. Як аказалася, у нас не хапае прадаўцоў, повараў і спецыялістаў будаўнічых прафесій. А яшчэ яна расказала аб тым, якія заработныя платы на прадпрыемствах раёна. Гутарка з Вольгай Станіславаўнай аказалася карыснай і для бацькоў – яны даведаліся пра навучанне на курсах і пра магчымасць адкрыцця сваёй справы.
Бухгалтар СВК імя Гашкевіча Ганна Валянцінаўна Урлік яшчэ некалькі гадоў назад была маладым спецыялістам. Пасля двух гадоў адпрацоўкі па накіраванні засталася працаваць на сваім першым рабочым месцы – і зусім не шкадуе. А гледзячы на тое, як гараць яе вочы, разумееш: дзяўчына выбрала прафесію на ўсё жыццё. Ганна Валянцінаўна расказала школьнікам пра льготы, якія ёсць у спецыялістаў, што працуюць у сельскай гаспадарцы.
Усё мерапрыемства суправаджалася мультымедыйнай прэзентацыяй. Але, калі справа дайшла да паказу фотаздымкаў былых выпускнікоў, якія ўжо атрымалі прафесіі і працуюць у сельскай гаспадарцы, медыцынскіх і педагагічных установах, на будоўлях і ў гандлі, у выдавецтве і ў іншых сферах, і бацькі, і дзеці ажывіліся і пачалі шукаць на экране знаёмыя твары.
Апошняе заданне, напэўна, аказалася самым складаным. Рабятам неабходна было паспрабаваць выбраць прафесію і намаляваць яе. Але і з гэтым заданнем, хоць і з дапамогай дарослых, дзве каманды справіліся хутка.
Сумесны бацькоўскі сход, нягледзячы на тое, што зацягнуўся на гадзіну больш запланаванага, праляцеў як адно імгненне. Хтосьці з рабят яшчэ больш сцвердзіўся ў сваёй мары, а некаторыя вырашылі абраць сабе іншы шлях. І хоць да выпускной вечарыны яшчэ далёка, рыхтавацца да атрымання будучай прафесіі школьнікі ўжо пачалі.
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.