У Астравецкім цэнтры пазашкольнай работы выбіралі "Лідара года-2012"

У Астравецкім цэнтры пазашкольнай работы прайшоў раённы этап рэспубліканскага конкурсу “Лідар года 2012”. Удзел у ім прынялі Вераніка Бяляўская з гімназіі №1, Насця Ляховіч з Міхалішкаўскай школы, Антон Захарэўскі з Дайлідскай школы.


Конкурс уключаў у сябе некалькі этапаў, у кожным неабходна было заявіць пра сябе як пра лідара.
У першым этапе “Лідар-бачанне” школьнікі прадстаўлялі прэзентацыі пра сябе і сваю дзейнасць. Самай цікавай і змястоўнай аказалася прэзентацыя Веранікі Бяляўскай.
Другі этап конкурсу – дэфіле-панарама “Вобраз лідара” – заявіў пра школьнікаў, як пра творчых асоб, якія ўмеюць выдатна фантазіраваць. Тэматыка прадстаўленых убораў была даволі шырокай: ад стыльнага касцюма дзелавога стылю да ўбора Мальвіны.
У дэбатах “Я – лідар” школьнікам прадастаўляліся сітуацыі, з якіх неабходна было знайсці правільнае выйсце. Прапановы школьнікаў часам былі незвычайнымі, але яны прадэманстравалі, што шляхі вырашэння розных сітуацый могуць быць неадназначнымі. Усе ўдзельнікі справіліся і з гэтым заданнем.
У наступным конкурсе школьнікі дэманстравалі ўменне прадставіць сябе не толькі як лідараў, але і творча адораных асоб. У дуэце лідараў “Штурманы дзяцінства” Вераніка Бяляўская выканала песню на англійскай мове, Насця Ляховіч у групу падтрымкі ўзяла музычны калектыў “Міхалінка”, Антон Захарэўскі выступіў галоўным героем невялікай, але цікавай мініяцюры.
На працягу ўсяго конкурсу ішла актыўная барацьба за званне лідара. І вось усе цяжкасці засталіся ззаду, і надышла чарга членаў журы, якім неабходна было выбраць самага актыўнага лідара.
Ім аказалася гімназістка Вераніка Бяляўская, яна і святкавала перамогу. Другое месца з уручэннем дыплома ІІ ступені заняла Насця Ляховіч з Міхалішкаўскай школы, трэцяе – у Антона Захарэўскага з Дайлідскай школы.
Цяпер Вераніка Бяляўская рыхтуецца да ўдзелу ў абласным конкурсе, які пройдзе ў Ашмянах. Пажадаем ёй поспехаў!


Алена ЯРАШЭВІЧ.