Ты не такі ўжо і “круты”, калі не вып’еш...

Вядома, што адным з фактараў, які разбурае грамадства, з’яўляецца злачыннасць. Тэма “Злачынства і падлетак” стала актуальнай, як ніколі, у 21 стагоддзі. Чаму? Цяжка адказаць адназначна. Можа, таму што маладыя людзі не заўсёды асэнсоўваюць тое, што яны робяць, а, можа – таму, што значна павялічыўся матэрыяльны дастатак у большасці насельніцтва.


Як гэта ні парадаксальна, вучні Гудагайскай школы мільгаюць у зводках па правапарушэннях, нягледзячы на тое, што ў нас вядзецца вялікая работа для таго, каб зменшыць колькасць школьнікаў, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Адзін з тыдняў школьнага жыцця прайшоў пад назвай “Правапарушэнні ”, асноўная мэта якога – дапамагчы дзецям зразумець, што ўсё ў іх жыцці яшчэ можна змяніць – варта толькі захацець.
Адным з мерапрыемстваў стаў круглы стол “Усё ў тваіх руках”, на якім прысутнічалі начальнік інспецыі па справах непаўналетніх Р.І. Гайдуль, школьнікі, якія стаяць там на ўліку, вучні 11 класаў, настаўнікі, псіхолаг, сацыяльны педагог.
Сустрэча пачалася з прагляду дакументальнага фільма “Свет у канцы тунэля…” , дзе былі паказаны жудасныя карціны п’янства, наркаманіі, расказвалася пра людзей, якія глядзяць на “неба ў клетачку”. Спадзяюся, што гэты фільм многіх прымусіў задумацца над сваім жыццём. Калі спачатку ў зале чуліся смяшкі, дзе-нідзе незразумелы рогат, то затым, калі паказвалі калонію, панавала цішыня. Затым пачалося абмеркаванне фільма. Дыскусія доўжылася даволі доўга, але яе ўдзельнікі ўсё ж такі прыйшлі да высновы: п’янства сярод моладзі стала модай, сказаць НЕ “зялёнаму змію” цяжка – абразіш сяброў, хтосьці падумае, што ты не такі ўжо і “круты”, калі не вып’еш. Але ж заўсёды трэба думаць сваёй галавой, бо менавіта п’янства ў большасці выпадкаў прыводзіць за калючы дрот…
У кожным класе была праведзена класная гадзіна, дзе настаўнікі з дапамогай камп’ютарных прэзентацый, гутарак, дыспутаў расказвалі вучням аб правапарушэннях і адказнасці за іх.
Была праведзена і агульная класная гадзіна з дзецьмі, якія ўжо пераступілі закон. Тут разбіралі розныя складаныя жыццевыя сітуацыі, яны выбіралі, што ў жыцці галоўнае, дзяліліся планамі на будучыню. Калі напачатку сустрэчы ўсе былі крыху замкнёныя, то затым сталі актыўна адказваць на пытанні, выказваць свае меркаванні.
Я лічу, што асноўныя мэты гэтага тыдня былі дасягнуты,таму што ўдзельнікі ў большасці сваёй зразумелі: наша жыцце знаходзіцца толькі ў нашых руках, і нават калі хтосьці завярнуў на крывую дарожку, яшчэ не позна саступіць з яе, знайсці сілы, тую нітачку, з дапамогай якой можна выйсці з гэтага тунэля на свет…


Юлія Букель, Гудагайская СШ.