Три поколения островчан отметили День женщин

Цудоўнае свята арганізавалі для дзяўчат і жанчын спецыялісты аддзяленняў дзённага знаходжання для маладых інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і валанцёры Гудагайскай сярэдняй школы.


Святочнае мерапрыемства, прымеркаванае да Дня жанчын, адкрылі валанцёры, вучні педагагічнага класа Гудагайскай сярэдняй школы – іх танцавальны флэш-моб гледачы, што сабраліся ва ўтульнай зале тэрытарыяльнага цэнтра, успрынялі на «ўра».

Цёплыя словы ў адрас жанчын і сваіх спецыялістаў выказаў дырэктар цэнтра Віктар Ждановіч. Ён жа падарыў прыгожай палове залы некалькі песень у сваім выкананні – і адкрыўся яшчэ адзін стоены талент.

Выхаванцы аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў ужо не раз выходзілі на вялікую сцэну. А сёлета яны аб'ядналіся з супрацоўнікамі нядаўна адкрытага ў тэрытарыяльным цэнтры аддзялення  дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і разам арганізавалі невялікі (пакуль што!) лялечны тэатр – паставілі казку на новы лад «Рэпка», якая мела поспех у гледачоў.

Песні ў выкананні Дзмітрыя Віннічка, Аляксандра Альховіка, Святланы Куцько, байкі, якія прачытала Вольга Турубарава, смешныя гісторыі і мініяцюры, пастаўленыя выхаванцамі і супрацоўнікамі тэрытарыяльнага цэнтра, гульні, цікавыя прэзентацыі – усё гэта з задавальненнем успрыняла публіка.

Падчас святочнага мерапрыемства былі падведзены вынікі сумеснага праекта аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў і Гудагайскай школы «Ты і я, і мы з табой» – яго ўдзельнікі, валанцёры школы і кіраўнік Ірына Жалток атрымалі падарункі і ў сваю чаргу павіншавалі са святам удзельнікаў праекта з тэрытарыяльнага цэнтра.

– Вельмі важна, што мы не адны. Апошні год мы плённа супрацоўнічаем з валанцёрамі Гудагайскай школы – у рамках праекта «Ты і я, і мы з табой» мы вучылі іх рабіць прыгожыя рэчы са стужак, варыць мыла і вырабляць свечкі – а яны дапамагалі нам вучыць гэтаму дзяцей-інвалідаў. Праект ужо рэалізаваны, але і надалей мы будзем супрацоўнічаць, – адзначыла загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў Святлана Куцько.

Свята аб'яднала тры пакаленні: школьнікі, маладыя і пажылыя людзі цудоўна адчувалі сябе разам. А закончылася мерапрыемства чаяпіццем і размовай за круглым сталом.


---------------------------------------------

Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.