Три областных семинара с участием педагогов прошли в Островецком районе
Старт абласным семінарам далі матэматыкі: яны першымі завіталі ў гімназію №1, дзе гасцей сустракалі самыя творчыя настаўнікі матэматыкі з нашага раёна, якія і прадставілі свой вопыт работы.
– Падобныя семінары ўжо праходзілі на базе нашага раёна, – расказвае загадчыца раённым вучэбна-
метадычным кабінетам аддзела адукацыі, спорту і турызму Валянціна Аляксандраўна Трэйгіс. – І сёлета спецыялісты Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі вырашылі прадоўжыць знаёмства з сістэмай адукацыі Астравеччыны.
Матэматычны семінар насіў тэарэтычны характар, выступленні Таццяны Уладзіславаўны Чыжэўскай, Паліны Іванаўны Павіраевай, Таццяны Іосіфаўны Дуброўскай і Марыі Браніславаўны Юркойць “разбаўляліся” відэасюжэтамі ўрокаў і мерапрыемстваў. Акрамя таго, нашы таленавітыя настаўнікі падрыхтавалі цікавую праграму для педагогаў з усёй вобласці: настаўнікі матэматыкі ўдзельнічалі ў “дзелавой гульні” і распрацоўвалі праекты ўрокаў з выкарыстаннем сучасных тэхналогій. Атрымалася не толькі цікава і пазнавальна, але і карысна.А літаральна праз некалькі дзён у наш раён завіталі спецыялісты і метадысты аддзелаў адукацыі з усёй вобласці, якія курыруюць фізічнае выхаванне.
– Школы Астравецкага раёна з’яўляюцца лідарамі па забяспечанасці спартыўным інвентаром, у нас шмат пераможцаў абласных конкурсаў і спартакіяд – і таму педагогам было цікава паглядзець, як наладжана фізкультурна-спартыўная работа ў школах, – расказвае намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталля Вікенцьеўна Баніцэвіч.
“Фізкультурнікаў” сустракалі ў Варнянскай школе – тут дзяліліся назапашаным вопытам настаўнікі фізкультуры Уладзімір Леанідавіч Батура, Мікалай Веньямінавіч Трафімчык і Анатоль Мечыслававіч Кавалеўскі. І хаця пачалося мерапрыемства з тэарэтычнай часткі, пазней ва ўсіх быў час пазнаёміцца з матэрыяльнай базай Варнянскай школы, а таксама фізкультурна-спартыўнымі мерапрыемствамі, якія тут праводзяцца. Сярод іх – рухальныя перапынкі, работа шостага школьнага дня, фізкультурна-аздараўленчая работа з бацькамі і выкарыстанне інтэрактыўнай дошкі на ўроках фізічнай культуры.У тым, што здаровым быць модна, спецыялістаў раённых аддзелаў адукацыі вобласці пераконвалі не толькі школьнікі, але і іх бацькі і настаўнікі. А флэшмоб, які прайшоў падчас семінара, аб’яднаў усіх аднадумцаў, якія перакананы ў карысці спорту.
Творчую групу настаўнікаў замежных моў прымала гімназія №1. На базе гэтай навучальнай установы створана раённая кафедра настаўнікаў замежнай мовы – у яе склад уваходзяць 37 педагогаў.
Як зацікавіць школьнікаў вывучэннем замежнай мовы, прыцягнуць іх да даследчай дзейнасці і развіць іх інтэлектуальныя здольнасці – усе гэтыя пытанні абмяркоўвалі настаўнікі-“замежнікі” падчас абласнога семінара.
Не засталіся ўбаку ад абмеркавання надзённых праблем настаўнікаў замежнай мовы і астравецкія педагогі: вопытам работы падзялілася сённяшні дырэктар гімназіі №1, фіналіст рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года-2014”, настаўніца англійскай мовы Алена Чаславаўна Севасцьян. Было што расказаць Наталлі Станіславаўне Польскай і Наталлі Назараўне Ляшчэўскай, пад кіраўніцтвам якіх гімназісты ўдзельнічаюць у “Адысеі Розуму”. А Таццяна Зыгмундаўна Вайшнаровіч падзялілася вопытам, як з дапамогай тэатральнай дзейнасці можна зацікавіць школьнікаў замежнай мовай. Дарэчы, штогод у нашым раёне праходзіць конкурс тэатральных пастановак на замежнай мове. Пасля прагляду пастаноўкі “Гукі музыкі” ўдзельнікі семінара віталі юных акцёраў стоячы – а пасля вырашылі правесці падобны абласны фестываль.Акрамя шырокай педагагічнай праграмы, для гасцей была арганізавана і культурная: “на дэсерт” ім прапанавалі знаёмства з жамчужынай Астравецкага раёна – Гервяцкім касцёлам Святой Тройцы.
---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.

